Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 кастрычніка: былога інжынэра «Атланта» арыштавалі трэці раз запар, 3 гады «хіміі» за абразу сілавікоў у Полацку

абноўлена

Менск, завод «Атлант». Архіўнае фота
Менск, завод «Атлант». Архіўнае фота

Улады працягваюць перасьледаваць грамадзян Беларусі за выказваньне палітычных поглядаў і неляяльнасьць да сілавікоў.

45 сутак запар былому інжынэру «Атланта»

44-гадовы інжынэр-канструктар Дзяніс Гараймовіч да свайго затрыманьня працаваў на заводзе «Атлант». 23 верасьня, па словах Дзяніса, «падчас працы служба бясьпекі заводу проста перадала яго супрацоўнікам КДБ». Дома ў мужчыны праводзілі ператрус каля дзьвюх гадзін. Звольнілі з працы яго ў той жа дзень, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Першы суд над Дзянісам прайшоў 24 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаваньні супрацоўніку міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС», за што склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП. Згодна з паказаньнямі сьведкі, затрымалі мужчыну «праз падазрэньне ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах», але Дзяніс нібыта «адмовіўся выйсьці з машыны, упіраўся, чапляўся за вопратку».

Гараймовіч не прызнаў віны і сьцьвярджаў, што ў РУУС заходзіў з супрацоўнікам КДБ, які праводзіў допыт. Судзьдзя Дзьмітры Карсюк адхіліў хадайніцтва Дзяніса аб выкліку сьведак і праглядзе відэа з камэраў назіраньня ў РУУСе. Вынікам стаў 15-дзённы арышт, пасьля якога мужчына на волю так і ня выйшаў — на яго зноў склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП, а Карсюк зноў прызнаў яго вінаватым і арыштаваў на чарговыя 15 сутак.

25 кастрычніка ў Цэнтральным судзе прайшоў трэці запар суд над інжынэрам. На гэты раз справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня. Па словах міліцыянта-сьведкі, Дзьмітрыя зь ЦІПу на Акрэсьціна павезьлі зноў у РУУС, бо «падазравалі ў захоўваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На тэрыторыі ўпраўленьня ён ужо трэці раз нібыта «аказаў непадпарадкаваньне», адмовіўшыся прайсьці ў будынак.

Сам Дзяніс кажа, што калі яго вывелі з камэры на Акрэсьціна, яго сустрэлі невядомыя мужчына і жанчына, каб адвезьці ў РУУС. Яму надзелі кайданкі і пасадзілі ў прыватны аўтамабіль. Па прыбыцьці ў РУУС яму нават дазволілі пакурыць і зьнялі кайданкі. Таму Дзяніс адмаўляе сваю віну, бо ён добраахвотна прайшоў за міліцыянтамі. Аднак Шабуня пакарала Гараймовіча 15-дзённым арыштам.

У Гомлі дзяўчыну арыштавалі нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы

У Гомлі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманьняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць) нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.

Праваабаронцам стала вядома, што судзіць затрыманых пачалі яшчэ ўчора. Праз чатыры гадзіны пасьля затрыманьня ў судзе Навабеліцкага раёну Гомля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Зьмітровіч. Дзяўчына — дачка сьветлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Зьмітровічаў. Каля 11:30 25 кастрычніка Яніну затрымалі каля школы, дзе яна працуе. У машыне каля ўваходу Яніну чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Яны падышлі да яе і прапанавалі праехаць зь імі, каб даць паказаньні ў якасьці сьведкі. Але дзяўчына папрасіла прыслаць ёй позву. Пасьля гэтага дзяўчыну схапілі і заштурхалі ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. Пад пагрозамі гвалту Яніна была вымушана яго даць.

У 14:07 бацькам прыйшло паведамленьне зь невядомага нумару: «Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе Навабеліцкага раёну». У судзе бацькі даведаліся, што Яніну затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. На судовае паседжаньне бацькоў не пусьцілі. Судзьдзя Аляксандар Зінчук, па словах бацькоў, разгледзеў справу Яніны за тры хвіліны. Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак. Арышт дзяўчына будзе адбываць у гомельскім ІЧУ, паведаміла «Вясна».

У Полацку за абразу сілавікоў асудзілі на 3 гады «хіміі» маці дачкі-вазочніцы

У Полацку 26 кастрычніка асудзілі 52-гадовую Зухру Берасьневу. Яе прызналі вінаватай адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • зьнявага прадстаўніка ўлады (арт.369),
  • гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364),
  • паклёп (арт.188).

Паводле абвінавачаньня, 52-гадовая жанчына 22 кастрычніка 2020 году публічна абразіла супрацоўнікаў Полацкага РАУС Аляксандра Гаруса, Віталя Шашукова і Дзяніса Карасёва (напісала «Сьмерць Карасёву»).

Зухра Берасьнева часткова прызнала віну і прасіла суд улічыць, што яна даглядае дачку-вазочніцу.

Аднак судзьдзя Андрэй Дзергачоў пакараў яе трыма гадамі зьняволеньня ў установе адкрытага тыпу, так званай «хіміі», паведаміла «Вясна».

2,5 года «хіміі» за камэнтар у «Аднаклясьніках»

У судзе Ашмянскага раёну 25 кастрычніка разгледзелі крымінальную справу ў дачыненьні да Ігара Раманюка, якога вінавацілі ў абразе супрацоўніка міліцыі. Паводле абвінавачаньня, у чэрвені 2020 году Раманюк пакінуў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» камэнтар пад фатаздымкам начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова: «Недолго, тварь, осталось. Пора начать бояться своего народа».

На мужчыну завялі справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Пацярпелы на пасяджэньне не зьявіўся, аднак заявіў пазоўныя патрабаваньні аб кампэнсацыі «нанесенай маральнай шкоды» ў памеры 1000 рублёў.

Судзьдзя Віталь Казакевіч пагадзіўся з пазыцыяй пракурора Сяргея Кавальчука і пакараў Раманюка 2,5 гадамі «хіміі», пастанавіўшы спагнаць зь яго на карысьць міліцыянта 700 рублёў кампэнсацыі, а ноўтбук канфіскаваць як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG