Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі міліцэйскі начальнік «знаходзіцца пад сьледзтвам за перавышэньне абавязкаў», — крыніцы


Аляксандар Штрапаў

Звольнілі начальніка Цэнтральнага РАУС Гомля Аляксандра Штрапава. Па інфармацыі, якой дзяліліся раней затрыманыя, у актыўны пэрыяд пратэстаў ён асабіста біў жыхароў Гомля.

Па серадах Штрапаў мусіў праводзіць прыём грамадзянаў — як асабіста, так і на «гарачай лініі». Але на прыём да яго ў сераду людзі ня трапілі і на тэлефанаваньні начальнік РАУС не адказваў.

Ягонае прозьвішча зьнікла з графіку асабістых прыёмаў. Дзяжурны Цэнтральнага РАУС адказвае, што цяпер замест Штрапава прыём грамадзян праводзіць ягоны намесьнік Аляксандар Малішэўскі.

Ад дзьвюх крыніцаў Свабода даведалася, што Штрапаў сапраўды больш не начальнік аддзелу ўнутраных спраў. «Ён звольнены па асабістым жаданьні, знаходзіцца пад сьледзтвам за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. А былыя калегі-міліцыянты цяпер актыўна пішуць даносы адзін на аднаго, бо шмат хто ў аддзеле быў замешаны ў перавышэньні паўнамоцтваў», — расказала Свабодзе крыніца, зьвязаная з праваахоўнымі органамі.

«У пэрыяд пратэстаў начальнік і супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС зьдзекаваліся зь людзей, білі затрыманых. Пасьля гэтага яны адчулі сябе „звышчалавекамі“ і пачалі сваволю — ставілі людзей на „праслухоўку“, за грошы зьлівалі дадзеныя. Гэта называецца „парушалі рэжым сакрэтнасьці“. Цяпер палова аддзелу ў гістэрыцы, палова піша даносы. Але Штрапаў не ў СІЗА, ён на свабодзе», — расказала другая крыніца.

Афіцыйна МУС пакуль не пацьвердзіла і не абвергла гэтую інфармацыю.

Што расказвалі затрыманыя ў жніўні 2020 году?

Фрагмэнты кнігі «Мы сьведкі»

Жыхара Гомля Дзьмітрыя Лукомскага затрымлівалі 11 жніўня 2020 году. Ён трапіў у Цэнтральны РАУС. Там яго моцна пабілі. «Білі дручкамі па галаве, калолі іголкай, прымушалі крычаць „Я люблю міліцыю“, падыходзілі і проста білі берцамі ў пах. Па ўсім калідоры была кроў, ляжалі выбітыя зубы», — апавядаў Свабодзе Лукомскі.

«Адразу, як прывезьлі ў аддзел, пагражалі фізычнай расправай. Выйшаў нейкі начальнік і сказаў: „Гэта Лукомскі? У лес яго і кончыць!“. Пагражалі згвалціць дубінкай... Ня ведаю, што было б, але якраз гэтых садыстаў недзе тэрмінова выклікалі і яны зьехалі. Патэлефанавала ў аддзел мая сяброўка, прасіла, каб ёй аддалі ключы ад хаты. Яны прапанавалі прыехаць, а самі абрадаваліся: „О! Гэта яго сяброўка! Давай-ка яе сюды!“ Добра, што яна забаялася і не паехала. На мяне крычалі, каб я казаў, што я люблю міліцыю. Я кажу: „Вельмі“. „Ня чуем, давай мацней крычы“, — крычалі яны і білі мяне», — сьведчыў Дзьмітры.

«У Цэнтральным РАУС Гомля мяне білі, быў зь зьвязанымі ззаду рукамі. Білі па твары, па галаве, па нагах, ступаках, па ягадзіцах — дручкамі. Падымалі ў позе „ластаўкі“. Я ня ведаю, хто біў. Твараў нельга разглядзець, усе ў чорным, у масках. Яны спрабавалі зрабіць зь мяне „каардынатара“, прыносілі нажы, нейкія іншыя рэчы, патрабавалі, каб я прызнаўся, што гэта ўсё маё. Потым прывялі хлопца гадоў 17 і патрабавалі ад яго, каб ён прызнаўся, што я падбухторыў яго ўзяць удзел у мітынгу. Той адмовіўся — яны пачалі яго біць пры мне. Я нічога не падпісваў, за гэта мяне білі яшчэ больш. У мяне пералом двух адросткаў у хрыбце», — расказваў Свабодзе жыхар Гомля Максім Новікаў.

Са сьведчаньняў гамельчука Максіма Ахценкі:

«Нас паднялі на чацьвёрты паверх, і я пабачыў жахлівы калідор, празь які дзясяткі затрыманых мусілі паўзьці са скутымі за сьпінаю рукамі. АМАП і людзі ў цывільным бязьлітасна білі людзей. Мяне закінулі ў кабінэт, дзе сядзелі некалькі сілавікоў. Там пачалося сапраўднае катаваньне.

Пад няспынную лаянку і ўдары па ўсім целе мне падсоўвалі пратаколы, клоўнскія маскі ды іншыя рэчы, якія мелі пацьвердзіць, што я каардынаваў пратэсты. Усё працягвалася гадзінамі. Гэтыя „сьледчыя дзеяньні“ спыніў Аляксандар Штрапаў, кіраўнік АУС Цэнтральнага раёну Гомля. Ён запрапанаваў „паразмаўляць па-нармальнаму“. Свае словы падмацаваў, паставіўшы нагу мне на твар. У гэты момант я ляжаў і глядзеў у плінтус у гэтым кабінэце. І я не скажу, што я надта перажываў, — я быў спакойны. Хутчэй за ўсё, я проста зьмірыўся.

„Ты разумееш, што ты можаш проста прапасьці і табой ніхто наагул не зацікавіцца? — прагучала пытаньне ў перапынку паміж сэрыямі жорсткіх удараў. — Ты разумееш, што я дзесяць магілаў за горадам у лесе выкапаў!“ Я паверыў і працягваў глядзець у плінтус. Я выдатна разумеў: у той дзень сілавікам дазволілі абсалютна ўсё. Допыт спыніла толькі непрытомнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG