Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Івашына пакінулі ў карцары яшчэ на тыдзень, Марціновіч скардзіцца на недахоп паветра

абноўлена

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Па стане на 26 кастрычніка ў Беларусі прызнаны палітвязьнямі 821 чалавек. Свабода сочыць за навінамі, якія прыходзяць ад іх.

Журналіста Дзяніса Івашына пакінулі ў карцары

У нядзелю пасьля 6-дзённага пакараньня Дзяніса Івашына ня выпусьцілі з карцару. Яму дадалі яшчэ 7 сутак пакараньня, паведаміла жонка палітзьняволенага журналіста Вольга.

Вольга напісала, што Дзянісу ў карцары не даюць лістоў і выданьняў, на якія ён падпісаны.

Вольга Філатчанкава за кратамі малюе гісторыю сямʼі

Вольга Філатчанкава — удзельніца відэазвароту выкладчыкаў БДУІР супраць гвалту, брала ўдзел у страйку. Яе асудзілі на два з паловай гады калёніі за беспарадкі.

У турме Вольга пачала маляваць па фатаздымках партрэты блізкіх людзей.

«Цяпер уся сямʼя чакае зь нецярпеньнем новых лістоў і партрэтаў», — расказала яе сястра Марыя «Салідарнасьці».

Да дня нараджэньня сястры Вольга намалявала партрэт Марыі і запусьціла сэрыю паштовак — гісторыю іх сястрынскай любові і сяброўства.

«Воля апісвае гісторыі з нашага дзяцінства — кранальныя і сьмешныя. Апавядае, як мы расьлі, як я яе кусала, біла, а яна мне здачы не давала, бо я маленькая, а маленькіх крыўдзіць нельга».

Ягор Марціновіч зь СІЗА: у камэры — 19 чалавек, няма чым дыхаць

Пагоршыліся ўмовы ўтрыманьня галоўнага рэдактара «Нашай нівы», ужо чацьвёрты месяц ён знаходзіцца ў СІЗА па палітычна матываваных абвінавачаньнях. Па словах сваякоў, якія цытуе «НН», цяпер у камэры Ягора — 19 чалавек, камэра — у падвальным памяшканьні, акна няма, ёсьць толькі невялікі праём пад стольлю, які выконвае пэўную ролю вэнтыляцыі.

Сытуацыю ўскладняе сэзон рэсьпіраторных захворваньняў.

Ягор просіць родных перадаць парады па мэтодыках, як дыхаць, калі не хапае паветра. І папярэджвае, што ў такіх умовах ня мае сілаў падрабязна адказваць на лісты.

Рэдактарка БелаПАН рыхтуецца да Новага году на «Валадарцы»

Галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына, якая ўжо два месяцы знаходзіцца за кратамі, даслала ліст зь СІЗА чытачу Свабоды. У ім яна расказала, што ёй першы раз працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай — да 18 сьнежня.

«Ілюзій ня маю і разьлічваю сустракаць Новы год на „Валадарцы“. Таксама цікавы досьвед. Для журналіста — асабліва... Цудоўна разумею, як складана цяпер сапраўдным прафэсіяналам», — заўважыла яна пра жыцьцё тых, хто на волі.

Леўшына паведаміла, што яна «ў парадку». Расказала, што ёй у бандэролі прыйшлі сушаныя журавіны, па якіх яна засумавала і якія любіла есьці да зьняволеньня.

«Трымайцеся там усе!», — пажадала рэдактарка напрыканцы ліста.

Ліст ад Ірыны Леўшынай
Ліст ад Ірыны Леўшынай

Рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзьмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня. Першапачаткова іх падазравалі ў «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Аднак затым выставілі абвінавачаньні паводле артыкулу аб «ухіленьні ад выплаты падаткаў».

Праваабаронцы прызналі журналістаў палітвязьнямі, а затрыманьні і ператрусы ў іншых супрацоўнікаў БелаПАН «працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў на абмежаваньне распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG