Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ведаю прозьвішчаў судзьдзі і пракурора, якія судзяць майго мужа», — Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча


Марына Адамовіч, архіўнае фота
Марына Адамовіч, архіўнае фота

Працэс у справе Міколы Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і іншых палітвязьняў пачаўся ў СІЗА-3 Гомля 24 чэрвеня. Жонка аднаго з абвінавачаных, Міколы Статкевіча, расказала пра адсутнасьць інфармацыі, што адбываецца з мужам на працэсе. Праз падпіску аб невыдаваньні адвакаты ня могуць расказваць родным нават дэталі таго, што адбываецца ў судовай залі.

«На вялікі жаль, я маю толькі папярэднія зьвесткі аб стане Міколы і яго плянах на ўдзел у гэтым працэсе, — кажа Марына Адамовіч. — Ну і магу ацаніць яго стан па відэа спадарыні Гладкай (прапагандыстка зь „Беларусь сегодня“, якую дапусьцілі на працэс. — РС), гэтай „зоркі на гадзіну“. У мяне няма сумненьняў у тым, як Мікалай ставіцца да гэтага працэсу і як ён сябе там паводзіць. Як сябе адчувае. Вы ўсе бачылі, што Мікалай упэўнены ў сабе па-ранейшаму. І, хоць там не было каго вітаць воклічам „Жыве Беларусь!“, але ён зразумеў, што можа выкарыстаць Гладкую ў сваіх мэтах. Каб зрабіць сваё пасланьне людзям».

Па словах Марыны Адамовіч, падчас спатканьня перад працэсам муж расказаў ёй, што не зьбіраецца ўдзельнічаць у судовых паседжаньнях. А справу лічыць цалкам сфальсыфікаванай. Заяву аб адмове ўдзельнічаць у працэсе Статкевіч накіраваў яшчэ да пачатку да суду.

«Ведаючы свайго мужа, я перакананая, што ён робіць усё, каб у працэсе ня ўдзельнічаць, — дадае Марына Адамовіч. — Я спрабавала прысутнічаць на працэсе ў якасьці аднаго з абаронцаў Міколы. Гэта дазваляе зрабіць заканадаўства, яно прадугледжвае прысутнасьць на працэсе ў такой якасьці некага са сваякоў. Мы давалі Міколу дакумэнты аб маёй юрыдычнай адукацыі і досьведзе працы. Мікалай мусіў заявіць мяне ў якасьці абаронцы. Але ў выніку да мяне ніхто не зьвяртаўся».

Адамовіч кажа, што настолькі закрытыя судовыя працэсы ў Беларусі ўжо праходзілі раней — так судзілі крымінальных аўтарытэтаў, вялікія арганізаваныя злачынныя суполкі. У выпадку з судом у справе яе мужа, а таксама Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага ды іншых фігурантаў, прычыну закрытасьці працэсу Адамовіч бачыць найперш у адсутнасьці рэальных доказаў віны абвінавачаных.

«Прыцягнуўшы увагу да працэсу, улады чарговы раз бы ўсім паказалі, што людзей у нас судзяць за перакананьні, за намеры дамагацца мірных пераменаў у Беларусі, — кажа Марына Адамовіч. — Гэта ня ў стылі нашай сёньняшняй улады. На сёньняшні дзень я ня ведаю ні прозьвішча судзьдзі, які судзіць Міколу, ні хто там пракурор. Магчыма, гэта ўсё зроблена для таго, каб пазьбегнуць адказнасьці ў далейшым. Яшчэ гэта спроба маральна застрашыць грамадзтва. Вы ж бачыце таксама нейкія беспрэцэдэнтныя меры бясьпекі ля СІЗА, вар’яцтва нейкае сапраўднае».

Марына Адамовіч таксама выказала сумневы, што зможа атрымаць копіі справы мужа і ягонага прысуду пасьля завяршэньня разгляду справы.

«Мусіць, народ ужо праўду ведае»

Сяргей Ціханоўскі цяпер піша з гомельскага СІЗА са своеасаблівым гумарам, у лісьце шмат смайлікаў.

«Правільна, што верыш у мой фарт. Ну каму яшчэ так пашанцуе, каб зь Менску ў родны Гомель на суд адправілі? Альбо каб у кайданках не вазілі два разы на дзень на суд і ў „стаканах“ у судзе не стаялі? Мне суд проста ў СІЗА перанесьлі! Выйшаў з камэры а 10:00, а не а 6:00 — і адразу на паседжаньне. І на абед да сябе ў камэру. Крута ж! Шкада, што закрыты суд зрабілі. Але гэта таму, што няма чаго народу паказаць. А так бы адкрылі — і БТ дзяжурыла тут», — піша палітвязень у лісьце, датаваным 20 чэрвеня.

Ён шкадуе, што ня можа выступіць у судзе, «каб народ даведаўся праўду».

«Але, мусіць, народ ужо праўду ведае. Альбо ёсьць тыя, хто сумняваецца, што мяне падставілі?», — пытаецца Ціханоўскі.

Ад жніўня 2020 году Сяргей Ціханоўскі сядзеў у жодзінскай турме ў адзіночнай камэры. Цяпер, у гомельскім СІЗА, таксама сядзіць адзін.

«Сяргею не аддаюць аніякіх газэт. Нават „СБ. Беларусь сегодня“. Спрабую яму расказаць, што ён мог бы ў іх прачытаць. Канвой ветлівы: „Прабачце, гэта не адносіцца да справы“. Я таксама трымаюся і тлумачу, што гэтую размову слухаць нельга», — напісала ў Twitter па выніках паседжаньня 29 чэрвеня Натальля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG