Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не чакаў, што будуць судзіць, як забойцаў і маньякаў». Што за год пісаў зь СІЗА блогер Ігар Лосік


Закрыты суд над блогерамі і палітыкамі ў гомельскім СІЗА. Ігар Лосік стаіць у клетцы ў цёмнай кашулі. 24 чэрвеня 2021 году.

Кансультанта Радыё Свабода і адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі летась 25 чэрвеня ў яго дома. Паглядзелі, пра што пісаў Ігар на волю цягам году, і што маляваў.

Што здарылася зь Ігарам Лосікам

Ігару Лосіку 29 гадоў. Жыве ў Баранавічах. Жанаты, жонка Дар'я. Ёсьць дачка Паўлінка, якой споўнілася 2 гады, пакуль тата сядзіць.

Ён быў сярод першых затрыманых падчас выбарчай кампаніі 2020 году. Ранкам 25 чэрвеня да іх дадому прыйшлі зь ператрусам, пасьля забралі Ігара на допыт. Сказалі, каб узяў грошы на талёнчык на зваротны шлях. Аднак дадому ён ужо не вярнуўся.

Сям'я Лосікаў, каляж
Сям'я Лосікаў, каляж

Яго вінавацяць у «масавых беспарадках» і «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

Цяпер Ігар Лосік сядзіць у СІЗА Гомля. Яго пачалі судзіць у закрытым рэжыме ў самім СІЗА 24 чэрвеня. Родных на суд не пускаюць. Разам зь ім у справе праходзяць Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў.

Ігар Лосік
Ігар Лосік

Падчас зьняволеньня Ігар двойчы абвяшчаў галадоўку на знак пратэсту. Першы раз галадаў цягам 42 дзён у сьнежні-студзені. Пачаў есьці пасьля хвалі масавай падтрымкі.

Другі раз спрабаваў парэзаць сабе рукі і абвясьціў сухую галадоўку ў сакавіку. За гэта яго пакаралі карцарам. Спыніў галадоўку на пяты дзень.

Лісты да 9 жніўня. «Я ў шоку, што адбываецца на волі»

Чытачы Свабоды падзяліліся фрагмэнтамі зь лістоў Ігара Лосіка, а таксама ягонымі малюнкамі з-за кратаў.

«Пішыце часьцей, гэта моцна падымае дух». (Ліст Анастасіі ад 14 ліпеня 2020 году.)

«Пішыце часьцей. Вы — адзіная крыніца інфармацыі для мяне тут. Што сказаць, тут сапраўды ня цукар, але я стараюся трымацца. Адзінае, што вельмі пераймаюся за жонку з дачкой». (Ліст Антону ад 15 ліпеня 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«У мяне шмат паштовак, хоць я, канечне, люблю доўгія лісты». (Ліст Анастасіі ад 29 ліпеня 2020 году.)

«Я ў шоку ад таго, што ў вас там адбываецца на волі. Нават ня ведаю, чаго і чакаць. Відаць, людзі паверылі ў свае сілы?» (Ліст Анастасіі ад 29 ліпеня 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«Як ты там сама? Спадзяюся, не ўцякла за мяжу. На самой справе, нельга ўсё жыцьцё бегаць ад лёсу. Ня трэба баяцца». (Ліст Анастасіі ад 29 ліпеня 2020 году.)

«Лісты даходзяць ажно праз два тыдні, відаць, вельмі вялікая нагрузка. Час, канечне, цягнецца невыносна... Дачцэ ўсяго паўтара года, і больш за ўсё я баюся, што яна забудзе мой твар». (Ліст чытачу Свабоды ад 28 ліпеня 2020 году)

«Стараюся трымацца, чытаю кнігі, малюю. Пішуць вельмі шмат людзей, дасылаюць паштоўкі. Гэта падтрымлівае. Навіны амаль не даходзяць, але ведаю, што час на волі лёсавызначальны, шмат гарачых падзеяў і новых надзеяў... Трымайцеся, спадзяюся, гэта ненадоўга». (Ліст чытачу Свабоды ад 28 ліпеня 2020 году.)

«Я так зразумеў, у Баранавічах быў пікет? Ведаю пра Бангалор і 63 тысячы. Я афігеў». (Ліст Анастасіі ад 5 жніўня 2020 году.)

Ад выбараў да галадоўкі. «Куды ўсё коціцца?»

«Мне не прыходзяць лісты. Толькі адна паштоўка ад N на пачатку верасьня. Фіг ведае, чаму не аддаюць, бо там жа нават заказныя. Мо таму, што пішаце ў лістах навіны, а мне спадзяюцца стварыць інфармацыйны вакуўм». (Ліст Анастасіі ад 4 кастрычніка 2020 году.)

«Я чытаў пра акрэдытацыі, як зразумеў, іх пазбавілі амаль усе СМІ. Ну, яны будуць максымальна доўга цягнуць, думаю, хоць некалькім, але дадуць. Але зараз у такой сытуацыі гэта і не патрэбна. Людзі дасылаюць кантэнт... Мяне вяселяць калёнкі і артыкулы з „СБ“. Відаць, усе прапагандысты адтуль пасыходзілі і застаўся адзін Мукавозчык». (Ліст Антону ад 13 кастрычніка 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«Я атрымліваў лісты і паштоўкі ад цэлых менскіх двароў і вуліц, дзе расьпісваліся дзясяткі чалавек. Гэта ваў!» (Ліст Антону ад 13 кастрычніка 2020 году.)

«Так хочацца верыць, што ўсё гэта хутка скончыцца! Абняць Паўлінку». (Ліст Анастасіі ад 18 кастрычніка 2020 году.)

«У камэры пусьцілі ацяпленьне, стала горача. Лётае мыш па начах і не дае спаць. Атрымліваю ад Дашы фоткі Паўлінкі, сьлёзы льюцца самі па сабе. Яна вельмі вырасла». (Ліст Анастасіі ад 25 кастрычніка 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«Пастаянна думаю пра ўсю гэтую несправядлівасьць, калі ўжо чатыры месяцы (сёньня споўнілася) абсалютна ні за што адарваны ад сям’і. І ўсім зразумела, што я нічога не рабіў і не зьбіраўся рабіць. Нейкі цырк і сюр». (Ліст Анастасіі ад 25 кастрычніка 2020 году.)

«Ужо пяты месяц... Без дачкі, бяз Дашы... Галава забітая думкамі, што ніколі іх не пабачу ці не дацярплю. Можа, так восень уплывае, усё халадае, пахмурна, сонца няма, сьвежага паветра няма... Так хочацца простай справядлівасьці! І пабачыць вас усіх!» (Ліст Антону ад 29 кастрычніка 2020 году.)

«Прэс не качаю, спортам не займаюся. Ты ж ведаеш, у якой я камэры сядзеў. Там не было месца нават хадзіць. Зараз новая, буду старацца, калі будзе жаданьне. Але нешта яго апошнім часам няма, бо няма новых навінаў... Сонца ня бачыш». (Ліст Антону ад 10 лістапада 2020 году.)

«Пра ёгу і мэдытацыю нават не пішы глупстваў. Па-першае, ня ведаю як, па-другое, нішто зараз не пераб’е ад думак пра Паўлінку і Дашу. За гэтымі думкамі 24/7 безь перапынкаў, ад гэтага зносіць дах... Цікава, што там з эканомікай. Даляр вырас ізноў?» (Ліст Антону ад 10 лістапада 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«Сэрца баліць за трагедыю з Раманам. Карацей, адзін нэгатыў. Куды ўсё коціцца?» (Ліст чытачу Свабоды ад 24 лістапада 2020 году.)

«Часам уяўляю тую хвіліну, калі ўсе нарэшце пабачымся, бо вельмі па ўсіх сумую, як аддзячыць, ня ведаю. Думаю, і сьлёз не застанецца ад эмоцыяў, ад радасьці». (Ліст чытачу Свабоды ад 9 сьнежня 2020 году.)

Падчас галадоўкі. «Відаць, убачу дачку, калі ў школу пойдзе»

«Са здароўем усё добра. Маральна кепска ад усяго, што адбываецца. Ператрусы, тэрміны. Два гады журналісткам увогуле ні за што. Таму я ілюзій ніякіх ня маю. Відаць, убачу дачку толькі, калі яна ў школу пойдзе і ўжо мяне забудзе». (Ліст чытачу Свабоды ад 18 сьнежня 2020 году.)

«Самаадчуваньне нармальнае. Шмат п’ю, трымаюся. Галоўнае, што зь сям’ёй усё нармальна. І велізарная падтрымка. Пішуць нават з Бразыліі. Наша возьме!» (Ліст чытачу Свабоды ад 5 студзеня 2021 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

З пачаткам першай галадоўкі ажно дагэтуль ад Ігара Лосіка многім сталі прыходзіць вельмі кароткія лісты — літаральна толькі са словамі падзякі за ліст, або толькі малюнкі бяз тэксту.

Пасьля галадоўкі перад судом. «Ужо пісаць нічога ня хочацца»

«Спадзяюся, мяне тут да суду яшчэ год не пратрымаюць... Хацелася б, канечне, хутчэй, хоць пасьмяяцца там з гэтага цырку, дый родных убачыць». (Ліст чытачу Свабоды ад 31 студзеня 2020 году.)

Малюнак Ігара Лосіка
Малюнак Ігара Лосіка

«Што ў мяне новага? Я нарэшце пахудзеў:). Хутчэй бы вясна, усё будзе добра». (Ліст Анастасіі ад 3 лютага 2020 году.)

«Сёньня атрымаў „Гары Потэра“. Вялікі дзякуй. Даведаўся, як будзе [праходзіць] суд і дзе будуць праводзіць, то падарунак троху ўзьняў настрой... Не чакаў, што так спужаюцца і ажно ў СІЗА будуць судзіць, як нейкіх забойцаў і маньякаў. Такое сабе. Пакуль не магу думкі сабраць у галаве і асэнсаваць гэта ўсё». (Ліст Натальлі Давыдоўскай ад 15 чэрвеня 2021 году.)

«Ужо пісаць нават нічога ня хочацца, нічога абсалютна камэнтаваць... Неўзабаве роўна год з майго арышту, і Паўлінцы два гады з паловай. Усім прывітаньне ад мяне на волі». (Ліст чытачу Свабоды ад 15 чэрвеня 2021 году.)

Напісаць ліст Ігару Лосіку можна па адрасе: 246003 Гомель, вуліца Кніжная, 1А, Лосіку Ігару Аляксандравічу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG