Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьдзек з правасудзьдзя»: прэзыдэнт RFE/RL патрабуе вызваленьня Ігара Лосіка, над якім пачаўся паказальны судовы працэс


Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі

Прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай назваў распачаты сёньня судовы працэс над кансультантам Радыё Свабода па сацыяльных сетках Ігарам Лосікам «зьдзекам з правасудзьдзя» і паўтарыў свой заклік да беларускіх уладаў вызваліць Лосіка «неадкладна і безь якіх-кольвечы умоваў».

«Суд над Лосікам і пяцьцю іншымі абвінавачанымі, які праходзіць за зачыненымі дзьвярыма ў сьледчым ізалятары ў беларускім горадзе Гомель, пачаўся за дзень да таго, як спаўняецца год з моманту, як улады абшукалі ягоную кватэру ў Баранавічах і арыштавалі яго. У выпадку прызнаньня яго вінаватым па двух абвінавачваньнях — „распальваньне сацыяльнай варожасьці ў адносінах да ўрадавых чыноўнікаў і праваахоўных органаў“ і „арганізацыя масавых беспарадкаў“ — Лосіку пагражае максымум 12 гадоў пазбаўленьня волі», — піша прэзыдэнт RFE/RL.

«Як раней гэтак красамоўна заявіла ягоная жонка Дар’я, Ігар за апошні год сутыкнуўся зь неверагодным фізычным і псыхалягічным ціскам, уключна зь дзьвюма зьнясільваючымі галадоўкамі. Замест таго, каб прымушаць Ігара ўдзельнічаць у гэтым ганебным зьдзеку з правасудзьдзя, беларускія ўлады павінны неадкладна і безь якіх-небудзь умоваў вызваліць яго, каб ён мог ўзьяднацца са сваёй сямʼёй», — сказаў Джэймі Флай.

  • Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся амаль праз год пасьля затрыманьня кожнага зь іх.
  • Увесь гэты час яны ўтрымліваліся ў СІЗА Менску і Жодзіне, а ў Гомель трапілі перад самым пачаткам суду. Першапачаткова Генпракуратура і Вярхоўны суд, куды перадалі матэрыялы пасьля завяршэньня сьледзтва, паведамлялі, што працэс мае прайсьці ў Гомельскім абласным судзе. Аднак у выніку родным абвінавачаных стала вядома, што суд будзе ня толькі закрыты, але да таго ж пройдзе ў будынку СІЗА № 3 Гомля. Ніякіх афіцыйных тлумачэньняў гэтаму няма.
  • Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў. Яе зьмест абвінавачаныя вывучалі на працягу кастрычніка. Мікола Статкевіч рабіць гэта адмовіўся амаль адразу, назваўшы ўсе абвінавачаньні беспадстаўнымі.
  • Дакладна нават не вядома, у чым абвінавачваюць кожнага з падсудных. Адвакаты ўсіх іх пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня могуць раскрываць дэталі матэрыялаў справы і будучага працэсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG