Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў Ашурку, які памёр за кратамі, і «суткі» за кветкі. Хто з судзьдзяў трапіў у санкцыйны сьпіс і чаму


Натальля Бугук

Найбольш у санкцыйным сьпісе ЭЗ, які прынялі 21 чэрвеня, беларускіх судзьдзяў. Глядзім, за што іх туды ўключылі.

Натальля Бугук, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску. Вынесла прысуд журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай: яна прызнала журналістак вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і дала ім па 2 гады калёніі.

Таксама Натальля Бугук выносіла прысуды паводле адміністрацыйных артыкулаў, напрыклад 15 сутак гіду за экскурсію па Менску. Яна ж судзіла музыкаў з гурту «Рэха», якім таксама далі па 15 сутак за дваровы канцэрт. Яшчэ Бугук прысудзіла 3 гады «хіміі» інжынэру-праграмісту Сьцяпану Чыкілёву.

31-гадовая Натальля Бугук асудзіла на «суткі» фатографа Аляксандра Васюковіча і ягонага сябра Ягора, якіх проста затрымалі ў бары на вуліцы Раманаўская Слабада.

Сяргей Шаціла
Сяргей Шаціла

Сяргей Шаціла, судзьдзя Савецкага раёну Менску. Ён вынес прысуд у 2,5 года калёніі Натальлі Хершэ. Ён жа асудзіў на 3 гады калёніі Івана Цагалку за тое, што той нібыта пашкодзіў міліцэйскую машыну. На судзе Цагалка сказаў, што ня біў па машыне, а «страціў раўнавагу і адштурхнуўся ад яе».

Анастасія Ачалава, судзьдзя Ленінскага раёну Менску. Выносіла палітычна матываваныя прысуды супраць журналістаў, пратэстоўцаў, пэнсіянэраў, у прыватнасьці Дзьмітрыя Крука з Каардынацыйнай рады. Яна ж прысуджала адміністрацыйныя арышты людзям за фіранкі «ня тых колераў».

Марыя Ярохіна
Марыя Ярохіна

Марыя Ярохіна, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску. Выносіла палітычныя прысуды спартоўцам, прафсаюзным дзеячам, журналістам. Напрыклад, яна асудзіла менчука за «пікетаваньне на вакне шляхам разьмяшчэньня аблокаў і кветак» на 13 сутак.

Ярохіна прысуджала людзям «суткі» і штарфы за сьцяг на аўтамабілі, фіранкі, удзел у тэлеграм-канале, сьпевы ў пераходзе, аплікацыю на вакне, налепку на аўтамабілі, прагулку ў раёне Камароўкі.

Юлія Блізьнюк, архіўнае фота
Юлія Блізьнюк, архіўнае фота

Юлія Блізьнюк, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску. Выносіла прысуды журналістам, актывістам і пратэстоўцам, у прыватнасьці Арцёму Хвашчэўскаму, Арцёму Саўчуку, Максіму Паўлюшчыку.

Анастасія Кулік, судзьдзя Першамайскага раёну Менску. Вынесла шматлікія палітычныя прысуды, у прыватнасьці адказная за зьняволеньне Аляксандра Захарэвіча, якога асудзілі на 2 гады калёніі, бо нібыта «ўпаў на нагу супрацоўніку ДАІ, калі ўцякаў ад міліцыі».

Максім Трусевіч, судзьдзя Першамайскага раёну Менску. Палітычныя прысуды актывістам, лідэрам апазыцыі і журналістам. Толькі за 2020 год Максім Трусевіч прысудзіў у адміністрацыйных справах больш за 5 гадоў зьняволеньня.

Асудзіў студэнта Яўгена Каліноўскага на 4 гады зьняволеньня. Яўгена затрымалі пасьля «ланцугоў салідарнасьці» ў Менску 14 ліпеня і абвінавацілі ў гвалце супраць супрацоўнікаў сілавікоў.

На два гады калёніі асудзіў Дзьмітрыя Сінкевіча, бо той нібыта быў адміністратарам тэлеграм-чату.

Два гады «хіміі» даў Яўгену Рапіну, які нібыта ударыў па камэры відэаназіраньня ля ізалятара на Акрэсьціна падчас маршу 4 кастрычніка.

Тацяна Матыль, судзьдзя Маскоўскага раёну Менску. Адказная, у прыватнасьці, за прысуды Міколу Статкевічу і журналісту Аляксандру Баразенку. Таксама судзіла журналістаў, палітыка Анатоля Лябедзьку, студэнцкіх актывістаў.

Была фігуранткай санкцыйнага сьпісу ЭЗ яшчэ ў 2011 годзе, калі пасьля выбараў судзілі актывістаў і ўдзельнікаў Плошчы-2010.

Судзьдзя Аляксандар Рудзенка зачытвае прысуд 87-гадовай Лізавеце Бурсавай
Судзьдзя Аляксандар Рудзенка зачытвае прысуд 87-гадовай Лізавеце Бурсавай

Аляксандар Рудзенка, намесьнік старшыні Кастрычніцкага суду Менску. Адказвае за палітычна матываваныя пастановы супраць журналістаў, актывістаў, у прыватнасьці за штрафы пэнсіянэрам і інвалідам і прысуд Людміле Казак, адвакатцы Марыі Калесьнікавай.

З прысуду Аляксандра Рудэнкі 4 верасьня пачаліся адміністрацыйныя арышты журналістаў у 2020 годзе. Ён асудзіў журналістаў Андрэя Шаўлюгу, Аляксея Суднікава і Надзею Калініну. Усім даў па тры дні арышту.

Аляксандар Воўк, судзьдзя Савецкага раёну Менску. Прысуды супраць мірных дэманстрантаў, у прыватнасьці сёстрам Анастасіі і Вікторыі Міронцавым. Вядзе працэс над Сьцяпанам Латыпавым, якога затрымалі на «плошчы Пераменаў», калі той папрасіў сілавікоў назваць сябе.

На судзе Сьцяпан Латыпаў пашкодзіў сабе горла на знак пратэсту супраць пагроз завесьці крымінальныя справы на ягоных сваякоў.

Судзьдзя Вольга Няборская вяла працэс над Ціханам Клюкачом
Судзьдзя Вольга Няборская вяла працэс над Ціханам Клюкачом

Вольга Няборская, судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску. Вынесла прысуды 18-гадовым Соф’і Малашэвіч і Ціхану Клюкачу, абое прызнаныя палітвязьнямі.

Прысудзіла 3 гады калёніі Антону Валавіку за падзеі 14 ліпеня, калі ў Менску ўтварыліся «ланцугі салідарнасьці».

Марына Запасьнік, намесьніца старшыні Ленінскага суду Менску. Палітычныя прысуды Ўладзіславу Зяневічу, Вользе Паўлавай, Вользе Класкоўскай, Віктару Барушку, Сяргею Раткевічу, Аляксею Чарвінскаму, Андрэю Хранкову, студэнту Віктару Актыставу і непаўналетняму Максіму Бабічу.

Максім Філатаў абвяшчае прысуд Вітольду Ашурку 18 студзеня ў Лідзе
Максім Філатаў абвяшчае прысуд Вітольду Ашурку 18 студзеня ў Лідзе

Максім Філатаў, судзьдзя ў Лідзе, Горадзенская вобласьць. Прысудзіў 5 гадоў калёніі Вітольду Ашурку, які пасьля памёр за кратамі. Таксама прысудзіў 3 гады калёніі фэльчару зь Ліды Алегу Краўцову.

Андрэй Грушко, фота з галерэі выбітных выпускнікоў юрфаку БрДУ
Андрэй Грушко, фота з галерэі выбітных выпускнікоў юрфаку БрДУ

Андрэй Грушко, судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця. Вынес шэраг палітычна матываваных прысудаў. Асудзіў 13 жыхароў Берасьця за падзеі ў жніўні мінулага году. Прысуды — ад 4,5 да 3 гадоў калёніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG