Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Управіць мазгі», «вешаць без суду». Што кажуць прапагандысты, якія трапілі пад санкцыі ЭЗ


У санкцыйны сьпіс ЭЗ трапілі чатыры дзяржаўныя прапагандысты. Чым яны вядомыя.

Андрэй Мукавозчык — палітычны аглядальнік «Беларусь сегодня», рэзка і абразьліва выказваецца ў бок палітыкаў, журналістаў недзяржаўных СМІ і актывістаў. Вядзе рубрыку «Накипело», а таксама тэлеграм-канал з такой жа назвай.

Андрэй Мукавозчык
Андрэй Мукавозчык

Апраўдваў затрыманьні мірных пратэстоўцаў і гвалт над імі. Журналіста Зьмітра Лукашука, напрыклад, Мукавозчык называў «гнюснапраслаўленым», прарочыў прызнаньне экстрэмісцкімі кнігам Мартыновіча і Бахарэвіча, а журналістаў заклікаў «вешаць без суду».

«Часам вельмі хочацца ўзяць і з хрустам управіць мазгі тым, каго ведаў. Паставіць іх на месца... а раптам? Ліст у мінулае», — гэтак Мукавозчык адрэагаваў на выступ адваката музыкі Паўла Аракеляна ў яго на судзе.

Сяргей Гусачэнка
Сяргей Гусачэнка

Сяргей Гуcачэнка — намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, вядоўца штотыднёвай праграмы «Галоўны эфір», у якой аднабакова асьвятляюцца падзеі ў Беларусі.

«Ціхім травеньскім вечарам пятніцы ў Горадню на джыпах заехала невялікая дэлегацыя, каб правесьці акцыю па зборы подпісаў... З выгляду ўся кампанія падобная да „паханоў“, якія прыехалі рэзаць „праўду-матку“. Насамрэч, яшчэ і „капусту“», — гэта Сяргей Гусачэнка пра пікет Ціханоўскага ў Гародні, пасьля якога блогера затрымалі.

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

Генадзь Давыдзька — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, цяпер узначальвае камітэт па правах чалавека і СМІ. Актыўна крытыкуе апазыцыйных палітыкаў і незалежных журналістаў, зьяўляецца старшынём праўладнай арганізацыі «Белая Русь».

Напрыклад, у красавіку Генадзь Давыдзька ўхваляў папраўку да закону, якая забараняе журналістам асьвятляць акцыі пратэсту.

«Цяпер шмат адыёзных сродкаў масавай камунікацыі, якія працуюць у інтэрнэце, у якіх мільённыя наведваньні, дзе пастаянна ідзе бесьперапынны цэладзённы мітынг супраць дзейнага прэзыдэнта, улады», — сказаў тады Давыдзька.

Генадзь Давыдзька ўпершыню трапіў у санкцыйныя сьпісы ЭЗ яшчэ ў 2011 годзе. Гэты сьпіс перастаў дзейнічаць у 2016-м.

Вольга Чамаданава
Вольга Чамаданава

Вольга Чамаданава — прэс-сакратарка МУС Беларусі, актыўна публікуе навіны аб затрыманьні актывістаў і відэа іх прызнаньняў на камэру ў тэлеграм-канале МУС.

Вось так Вольга Чамаданава адрэагавала на сьмерць Рамана Бандарэнкі, якога пабілі невядомыя ў масках:

«МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзеньня да навакольных свайго асабістай думкі аб сваёй палітычнай пазыцыі вывешваюць, малююць, налепліваюць недзяржаўную сымболіку на фасадах будынкаў, гарадзкіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэньняў правілаў добраўпарадкаваньня. З наступствамі падобных канфліктаў, часам вельмі сумнымі, разьбіраецца МУС», — заявіла тады Чамаданава.

Хто з прапагандыстаў быў раней у санкцыйных сьпісах ЭЗ

Пасьля падзей 2010 году ў «чорны сьпіс» ЭЗ былі ўнесеныя прадстаўнікі СМІ. Гэтыя санкцыі спыніліся ў 2016. Некаторых асобаў выключылі са сьпісу яшчэ раней.

Так, санкцыі былі ўведзеныя супраць тагачаснага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага і ягонай намесьніцы Ліліі Ананіч. Іх палічылі адказнымі за распаўсюджаньне прапаганды, рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, апраўданьне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі.

Туды быў уключаны галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін, яго назвалі моцным голасам афіцыйнай прапаганды

Таксама пад санкцыямі былі галоўны рэдактар «Беларусь сегодня» Павал Якубовіч і ягоныя намесьнікі Сяргей Гардзінка, Аляксандар Таранда, Галіна Тарапецкая (выключаныя ў 2014-м). У сьпісе таксама знаходзілася намесьніца галоўнага рэдактара Ганна Шадрына, выключаная зь яго ў 2013 годзе. Вядома, што яна аспрэчвала сваё ўключэньне ў сьпіс і была выключаная на падставе таго, што на момант складаньня сьпісу ўжо не знаходзілася на згаданай пасадзе.

У сьпіс уваходзіў галоўны рэдактар газэты «Рэспубліка» і тагачасны кіраўнік праўладнага Саюзу журналістаў Анатоль Лемяшонак.

Журналіст «Беларусь-2» Аляксей Міхальчанка пабыў у «чорным сьпісе» некалькі гадоў і быў выключаны ў 2014-м.

Знаходзіўся ў санкцыйным сьпісе і журналіст АНТ Юры Пракопаў. Пасьля ён стаў намесьнікам дырэктара АТН, а ў апошнія гады намесьнікам дырэктара праўладнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. У пастанове Рады Эўрапейскага Зьвязу праграму «Ў цэнтры ўвагі» называлі «інструмэнтам дзяржаўнай прапаганды, які апраўдвае рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці».

Таксама ў сьпісе быў Аляксандар Зімоўскі — былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, а пазьней мэдыякансультант.

Заставаўся ў сьпісе і былы старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, якога ў 2013 годзе прызначылі генэральным дырэктарам расейска-беларускага тэлекамунікацыйнага правайдэра «Космас-ТБ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG