Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 23 чэрвеня: 4 гады калёніі за «Партызанскі марш», пацярпелымі прызналі 13 байцоў «Алмазу»


«Партызанскі марш» у Менску, 18 кастрычніка 2020
«Партызанскі марш» у Менску, 18 кастрычніка 2020

Свабода працягвае асьвятляць крымінальныя справы супраць удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі.

Буйныя штрафы за пратэстныя надпісы на прыпынках

У судзе Жодзіна адбыўся разгляд справы аб пратэстных малюнках на гарадзкіх прыпынках. Абвінавачаным паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці) прысудзілі буйныя штрафы. Інжынэр-тэхноляг Юры Шастко і экспэдытар Яўген Грыб да суда знаходзіліся на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Справу разглядаў судзьдзя Іван Грыневіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў памочнік пракурора Павал Будзько.

Паводле абвінавачаньня, мужчыны 21 і 22 сакавіка ў Жодзіне па вуліцы Бабруйскай і Ракасоўскага, «дзейнічаючы наўмысна і ўзгоднена», зрабілі надпісы і выявы пратэстнага зьместу («Жыве Беларусь!», «3%», бел-чырвоныя палосы) на трох аўтобусных прыпынках, тым самым прычыніўшы шкоду ЖКГ на суму 260 рублёў.

У статусе сьведкі фігуруе таксама Павал Чысты, які падчас нанясеньня малюнкаў быў разам зь імі.

Памочнік пракурора запрасіў для абодвух абвінавачаных штрафы ў памеры 100 базавых велічынь з кожнага. Суд падтрымаў бок абвінавачваньня і прысудзіў жодзінцам штрафы па 2900 рублёў.

Пацярпелыя — 13 байцоў «Алмазу»

23 чэрвеня суд Фрунзэнскага раёну Менску пакараў 53-гадовага Мікалая Дзенісевіча за падзеі 18 кастрычніка мінулага году на «Партызанскім маршы».

Першапачаткова яго затрымалі 23 кастрычніка на 72 гадзіны. Пасьля заканчэньня тэрміну адпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе. Але сёлета 21 красавіка ўзялі пад варту. Ён праходзіў у справе паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак); ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці); арт. 364 (пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

У выніку, як піша «Вясна», мужчыну абвінавацілі ў закідваньні камянямі, кавалкамі асфальту і іншымі прадметамі на Партызанскім праспэкце службовага транспарту сілавікоў, у якім былі супрацоўнікі падразьдзяленьня «Алмаз». Гэтыя дзеяньні кваліфікавалі як пагрозу прымяненьня гвалту і пашкоджаньне маёмасьці на 5 728 рублёў.

Пацярпелымі ў справе выступалі 13 байцоў «Алмазу», але на судзе дапыталі траіх — у балаклавах і са зьмененымі прозьвішчамі.

Мікалай Дзенісевіч віну прызнаў, але патлумачыў, што зрабіў два сымбалічныя кідкі ў бусы, каб «паказаць узровень свайго абурэньня празьмерным ужываньнем гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў».

Судзьдзя Дзьмітры Лукашэвіч асудзіў мужчыну да 4 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакараньне запрошвала памочніца пракурора Валерыя Таратынка.

Чарговая замена пакараньня «хіміяй» на калёнію

Віцебскі абласны суд разгледзеў апэляцыю па скарзе пракурора ў справе палітвязьняў Віктара Шаўра і Віталя Шыцікава.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», абодвум мужчынам замест «хіміі» прысудзілі новае пакараньне — 2 і 2,5 года калёніі агульнага рэжыму адпаведна.

Віктара Шаўра і Віталя Шыцікава 21 студзеня абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак) за леташнія падзеі 10 жніўня ў Наваполацку.

Тады судзьдзя Віталь Лапко асудзіў іх на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Пракуратуры такое пакараньне падалося занадта мяккім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG