Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчанка адсудзіла грошы за суткі, незаконна адбытыя на Акрэсьціна


Турма на Акрэсьціна
Турма на Акрэсьціна

Суд Цэнтральнага раёну Менску часткова задаволіў пазоў мянчанкі Тацяны да натарыюса і Гарадзкой управы ўнутраных спраў Менску.

«Маленькая, але перамога над установай, якая ня любіць прайграваць грамадзянам, бо лічыць, што заўсёды мае рацыю», — кажа Тацяна пра рашэньне суду.

Яшчэ ў канцы мінулага году ГУУС спрабаваў спагнаць з Тацяны 13 рублёў 50 капеек за дзень харчаваньня ў ЦІП (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. — РС) на Акрэсьціна, але яна пра гэта ня ведала. Каб спагнаць зь яе грошы прымусова, управа гарадзкой міліцыі ініцыявала працэдуру судовага выкананьня, якая абышлася б жанчыне яшчэ ў 43 рублі 50 капеек. Гэта пяціадсоткавы тарыф за натарыяльны подпіс і плата за тэхнічнае выкананьне гэтага подпісу. Пра тое, што яна нібыта вінная 57 рублёў, Тацяна даведалася толькі ў сакавіку і абурылася.

«Рашэньне суду, паводле якога мяне адправілі на Акрэсьціна, было вышэйшым судом адмененае. Атрымліваецца, што „на сутках“ я сядзела незаконна. Дык за якое яшчэ харчаваньне трэба заплаціць?» — Тацяна падрабязна расказала, як змагалася за справядлівасьць і дамаглася яе ў беларускім судзе.

«Ішла на рынак, а трапіла на Акрэсьціна»


«У верасьні мяне затрымалі каля Камароўскага рынку, дзе ў той дзень праходзіла акцыя, здаецца, жаночы марш. Ішла на рынак, а трапіла пад хапун АМАПу. Праз два дні суд даў мне 9 сутак арышту, зь якіх я пасьпела адбыць 6 дзён: два дні на Акрэсьціна ў ІЧУ, адзін — у ЦІП, і тры ў СІЗА Жодзіна. Адтуль мяне вызвалілі датэрмінова, бо ў гэты час Менскі гарадзкі суд апэратыўна разглядзеў маю скаргу і зьмяніў пакараньне з арышту на папярэджаньне. Бо ў мяне трохгадовая дачка, а такіх мам нельга арыштоўваць паводле адміністрацыйнага артыкула. Здаецца, раз „суткі“ адмянілі, то якая за іх можа быць аплата? Але дарэмна я так меркавала, калі выходзіла на волю», — кажа Тацяна.

Яна згадвае, што з Жодзіна вызвалялася зусім без дакумэнтаў, якія выдаюць па адбыцьці пакараньня.

«Іх проста ня выдалі, у тым ліку адабралі рахунак зь ЦІП на Акрэсьціна на 13 рублёў 50 капеек за суткі харчаваньня», — кажа Тацяна.

На ўсялякі выпадак праз два месяцы Тацяна ўсё ж вырашыла праверыць, ці значыцца за ёй якая запазычанасьць як правапарушальніцы. «Залезла ў сыстэму электронных плацяжоў АРІП і пераканалася, што там за мной нічога — нуль. Тады я канчаткова супакоілася. Але дарэмна».

Мінула яшчэ больш за 2 месяцы, і жанчыну праінфармавалі, што адносна яе распачатая працэдура прымусовага спагнаньня. Што міліцыя хоча спагнаць зь яе тыя самыя 13 рублёў 50 капеек, якія ёй выстаўляў ЦІП на Акрэсьціна за адны суткі адседкі. А каб тыя грошы зь яе атрымаць, будзе патрачана яшчэ 43 рублі 50 капеек на карысьць натарыюса за ўчыненьне натарыяльнага подпісу, безь якога немагчыма прымусовае спагнаньне. Таксама зь яе кішэні.

«З натарыюсам дасягнулі паразуменьня»


Тацяна палічыла, што закон на яе баку, і вырашыла судзіцца.

«Спачатку падала ў суд на натарыюса, якая ўчыніла той подпіс, што распачаў супраць мяне вытворчасьць аб спагнаньні. Але ў судзе высьветлілася, што віна не натарыюса, а міліцыянтаў. Нехта зь іх элемэнтарна паленаваўся зазірнуць у дакумэнты, каб праверыць, ці не адмененая першая пастанова аб маім арышце. У выніку пазоў я скарэктавала, пашырыла яго і на гарадзкую ўправу міліцыі і ў гэтай частцы выйграла. А з натарыюсам у мяне паразуменьне, цяпер да яе прэтэнзій няма», — кажа Тацяна.

Жанчына прызналася: сяброўкі дзівяцца яе сьмеласьці і настойлівасьці. Вакол столькі прыкладаў адваротных вынікаў судовага змаганьня зь дзяржавай.

Тацяна паводле прафэсіі юрыст, працуе юрысконсультам. Да таго ж, як яна сьцьвярджае, перш чым самой сутыкнуцца з гэтай праблемай, раней ужо разьбіралася ў падобных прававых калізіях.

«Яшчэ ў канцы году да мяне зьвярнулася знаёмая прыкладна з такой жа гісторыяй: таксама суткі на Акрэсьціна, потым рахунак за харчаваньне, тарыф за натарыяльны подпіс і паслугі натарыюса на тыя ж 43 рублі 50 капеек. Я ўсё вывучыла, кажу, можна судзіцца, шанец ёсьць. Але ў выніку судзіцца знаёмая ня стала, пабаялася, што будзе сабе даражэй, і ўсё, як патрабавалі, сплаціла. Але тое было яўна насуперак закону, і калі я сама аказалася ў падобным становішчы, то вырашыла, што не адступлю».

«За свае хібы прыйдзецца несьці адказнасьць»


Рашэньне, якое прыняла адносна пазову Тацяны судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Т. Скапец, яшчэ не ўступіла ў законную сілу. Ва ўправы гарадзкой міліцыі ёсьць 15 дзён на абскарджваньне пастановы. Але Тацяна перакананая, што абскарджваньня ня будзе, бо «справа відавочная». Таму яна разьлічвае, што 57 рублёў, якія зь яе спрабавалі спагнаць, застануцца ў яе. І ў гэтым бачыць паказальны ўрок для грамадзтва. А для міліцыі лічыць карысным тое, што судовую пошліну, якую яна сплаціла, каб пачаўся працэс, управа гарадзкой міліцыі ёй мусіць кампэнсаваць. Гэта дзьве базавыя велічыні, альбо 58 рублёў.

«Праўда, хутчэй за ўсё не даведаюся, з каго возьмуць гэтыя грошы. Могуць проста пералічыць са свайго рахунку, а могуць спагнаць з пэўнага міліцыянта, які вінаваты. Альбо даць яму вымову ці іншыя спагнаньні. Добра б было пра гэта даведацца, каб мець прыклад, што за свае хібы прыйдзецца несьці адказнасьць», — кажа Тацяна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG