Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціханоўская — люстэрка, у якое глядзіцца беларускае грамадзтва». Філёзаф Вольга Шпарага пра сваю кнігу «Ў рэвалюцыі жаночае аблічча»


Сьвятлана Ціханоўская на перадвыбарчым мітынгу ў Берасьці. 2 жніўня 2020.
Сьвятлана Ціханоўская на перадвыбарчым мітынгу ў Берасьці. 2 жніўня 2020.

Філёзаф Вольга Шпарага расказвае пра сваю выдадзеную ў Нямеччыне ў выдавецтве Suhrkamp кнігу «Ў рэвалюцыі жаночае аблічча», у якой аналізуе мірныя пратэсты, параўноўвае Ціханоўскую зь люстэркам, у якое глядзіцца беларускае грамадзтва, тлумачыць, чаму Калесьнікава — адна з галоўных постацяў у кнізе.


Сьцісла

  • Пачынаю гісторыю жаночага ўдзелу зь сярэдзіны чэрвеня, калі была арыштаваная арт-калекцыя «Белгазпрамбанку» і ўзьнік хэштэг #Евалюцыя. Я інтэрпрэтую гэта як пераходную форму ад эвалюцыі да рэвалюцыі.
  • Цяперашні этап — revolution in progress. Рэвалюцыя пачалася, быў этап вялікіх пратэстаў, цяпер этап супраціву, клопату, цярпеньня. Рэжым спрабуе вярнуць грамадзтва ў стан, у якім яно было да 9 жніўня. Я спрабую паказаць, што гэта немагчыма.
  • Алексіевіч насамрэч мела на ўвазе ў кнізе, што і жаночае аблічча было ў вайны... Мой тэзіс пра жаночае аблічча — жанчыны ў гэтай рэвалюцыі сталі больш відочнымі, але ім усё яшчэ патрэбная падтрымка.
  • Сьвятлану Ціханоўскую я інтэрпрэтую як люстэрка беларускага грамадзтва, у якое грамадзтва глядзела і пазнавала сябе. Так, мы нясьмелыя, мы не палітыкі, мы разьяднаныя, але мы можам паспрабаваць, сабрацца, паўдзельнічаць і справіцца з рэжымам.


«Гэта філязофская кніга, спроба канцэптуалізаваць тое, што адбывалася ў Беларусі»

— Пра беларускую рэвалюцыю за мяжой даволі шмат розных кніг выйшла на многіх мовах, шмат твораў у працы. Чым адметная, чым вылучаецца ваша кніга?

— Над тэкстам па-расейску я працавала з пачатку лістапада тры месяцы, потым яшчэ два месяцы над нямецкім тэкстам. Гэта філязофская кніга, спроба канцэптуалізаваць тое, што адбывалася ў Беларусі. І хоць яна называецца «Ў рэвалюцыі жаночае аблічча», задума ад самага пачатку была напісаць ня толькі пра ўдзел жанчын (гэта ляйтматыў, першы вялікі разьдзел). У кнізе ёсьць яшчэ два разьдзелы, адзін прысьвечаны грамадзтву як рухаючай сіле рэвалюцыі. Мой тэзіс — справа не ў апазыцыі, а ў грамадзтве. Я расказваю пра перадумовы, чаму так адбылося, абапіраюся на шэраг дасьледаваньняў, якія праводзіліся ў Беларусі, а потым спрабую зрабіць шэраг вымярэньняў таго, што адбывалася ў грамадзтве — салідарызацыя, дваровая актыўнасьць, узьнікненьне фондаў. Я апісваю, наколькі гэта быў народны ўздым, які ахопліваў усю Беларусь.

У трэцім разьдзеле — спроба філязофскага абагульненьня, развагі, ці павінны мы гаварыць пра рэвалюцыю, ці можам выкарыстоўваць панятак нацыі. Я лічу, што ў нас постнацыянальны праект, таму што ключавое ў ім — не калектыўная ідэнтычнасьць, а практыкі салідарызацыі. Найхутчэй, гаворка ідзе пра палітычную субʼектывацыю, я гэта называю сацыяльнай эмансыпацыяй. Культурнае і гістарычнае вымярэньне адыгрывае ролю, але яно ўсё ж не цэнтральнае.

Мне падаецца, што мы перарасьлі саміх сябе і што мы пэўны ўзор для іншых краінаў, што ў нас, магчыма, розныя культурныя ідэнтычнасьці, рознае самаразуменьне, але мы салідарызаваліся, таму што хочам жыць у дэмакратычнай Беларусі. Гэта тэзіс майго трэцяга разьдзелу.

Я задаю пытаньне, чаму міжнародная салідарнасьць не спрацоўвае. Беларуская рэвалюцыя разглядаецца як такая прагрэсіўная, дзе ёсьць гендэрнае вымярэньне, інклюзіўнае вымярэньне, дзе вельмі розныя сацыяльныя групы ўдзельнічаюць. І гэта падстава для таго, каб салідарызавацца з намі, але салідарызацыі не хапае, не хапае мэханізмаў і міжнародных інструмэнтаў, каб падтрымліваць беларусаў і беларусак. Я лічу, што іх трэба шукаць, бо мы выглядаем такімі сучаснымі, а гэта перадумовы, каб шукаць гэтыя інструмэнты і мэханізмы.

У першым разьдзеле, прысьвечаным удзелу жанчын, я спрабую сыстэматызаваць, пачынаю гісторыю з жаночага ўдзелу зь сярэдзіны чэрвеня, калі была арыштаваная арт-калекцыя «Белгазпрамбанку» і ўзьнік хэштэг #Евалюцыя. Гэта я інтэрпрэтую як пераходную форму ад эвалюцыі да рэвалюцыі. Да сярэдзіны ліпеня была яшчэ надзея, што ўдасца крэатыўнымі спосабамі, абʼядноўваючы зьнізу, даць рады сытуацыі. Гэта быў першы этап, калі жанчыны сталі відочнымі. Сама Ева стала сымбалем рэвалюцыі, вакол яе абʼядналіся ня толькі жанчыны, але жанчын было вельмі шмат. І не выпадкова Марыя Калесьнікава з гэтага культурнага асяродзьдзя паходзіць, тут відавочныя сувязі і паралелі.

Далей я апісваю этап узьнікненьня абʼяднанага жаночага штабу, далей першы жаночы ланцуг салідарнасьці (тлумачу, што адбывалася, хто ўдзельнікі, як мянялася матывацыя жанчын). Наступны этап — жаночыя маршы, фэм-група ў Каардынацыйнай радзе і сястрынства ў турмах як важная зьява, якая і цяпер захоўваецца і робіць усё грамадзтва больш эмпатычным. Паняткі клопату адзін пра аднаго, эмпатыі становяцца ўсё больш важнымі ў грамадзтве, і гэта тое, што падтрымлівае цяпер у гэтай складанай сытуацыі рэвалюцыі, якая працягваецца.

Цяперашні этап — revolution in progress. Рэвалюцыя пачалася, быў этап вялікіх пратэстаў, цяпер этап супраціву, клопату, цярпеньня. Рэжым спрабуе вярнуць грамадзтва ў стан, у якім яно знаходзілася да 9 жніўня. Я спрабую паказаць, што гэта немагчыма.

«Вельмі складана не спасылацца на Сьвятлану Алексіевіч»


— Назва наўпрост адсылае да знакамітага твору Сьвятланы Алексіевіч. Якім чынам зьмест вашай кнігі пераклікаецца з творам беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі?

— Вельмі складана не спасылацца на Сьвятлану Алексіевіч. Калі яна пісала, што ў вайны не жаночае аблічча, насамрэч яна мела на ўвазе ў кнізе, што і жаночае аблічча, проста жанчын не відаць. Яна апісвае, як жанчыны інакш успрымаюць вайну, як яны сябе адчувалі... Мой тэзіс пра жаночае аблічча — жанчыны ў гэтай рэвалюцыі сталі больш відочнымі, але ім усё яшчэ патрэбная падтрымка. Жанчыны ў свае сілы паверылі, але каб стаць паўнавартаснымі субʼектамі, нам, як і ўсяму грамадзтву, трэба прайсьці яшчэ вялікі шлях. Мы павінны зразумець, як нам у грамадзтве вызначаць правілы гульні, ствараць свае інстытуты. Перад жанчынамі такая ж задача, як перад іншымі групамі.

«Гэта і выклік патрыярхальнай уладзе, якую ўвасабляюць ня здольныя на дыялёг мужчыны, які даўно належаць мінуламу»


— Ёсьць такая думка, што найгалоўнай памылкай Лукашэнкі было тое, што ён недаацаніў, не ўлічыў, ня ўзяў пад увагу ролю і сілу жанчын, а таксама іх крыўду і абурэньне. Пачынаючы ад заяваў пра прэзыдэнцтва не для жанчыны, заканчваючы рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы, а потым і кандыдаткі Ціханоўскай. Ці можна назваць жаночую рэвалюцыю ў Беларусі адказам на патрыярхат, выклікам патрыярхату, і ўрэшце паразай патрыярхату ў будучыні?

— Я аналізую кантэкст, у якім Лукашэнка сказаў, што «любімую не аддаюць». Гэта зьвязана з законам аб супрацьдзеяньні гвалту ў сямʼі, які ў 2018 годзе ня быў прыняты. Я спрабую патлумачыць, як гэта зьвязана з гвалтам у іншых сфэрах жыцьця ў Беларусі. Важна, што грамадзтва сказала «не» розным формам гвалту, значная частка грамадзтва правяла водападзел паміж гвалтоўнымі практыкамі рэжыму Лукашэнкі і сабой. Так, гэта ў тым ліку і выклік патрыярхату, патрыярхальнай уладзе, якую ўвасабляюць ня здольныя на дыялёг мужчыны, які даўно належаць мінуламу, я спадзяюся. Відаць, што людзі хочуць паводле іншых узораў жыць і па-іншаму будаваць сваё жыцьцё.

На адным зь вялікіх маршаў я бачыла мужчыну (відаць было, што ён ня мае дачыненьня да фэмінісцкага руху) з плякатам «Бʼе — значыць сядзе». Былі іншыя плякаты, якія засьведчылі, што грамадзтва загаварыла на мове фэміністак, на той мове, якая накіраваная на барацьбу з гвалтам у сямʼі. Гэта спрыяе кансалідацыі грамадзтва і далейшай барацьбе з гвалтам.

«Марыя Калесьнікава, можа, крыху большая гераіня, чым усе астатнія»


— Ізраільская дакумэнталістка Ксенія Сьвятлова завяршае працу над фільмам «Мяккая сіла» пра беларускіх жанчын, вядомых і невядомых удзельніц мірнай беларускай рэвалюцыі. Яна ўзяла за аснову гісторыі канкрэтных людзей. Гісторыі якіх жанчын трапілі ў вашу кнігу і якіх жанчын вы б назвалі сымбалямі беларускай рэвалюцыі?

Вольга Шпарага з кнігай на фоне інсталяцыі Анатніны Слабодчыкавай.
Вольга Шпарага з кнігай на фоне інсталяцыі Анатніны Слабодчыкавай.

— Я ставіла задачу назваць як мага болей імёнаў, улічваючы, што ўсе імёны немагчыма назваць, бо людзей перасьледуюць. У будучыні імёнаў будзе болей. Калі пачынаць з вокладкі, то гэта мастачка Антаніна Слабодчыкава, якая вельмі хутка пасьля ўзьнікненьня абʼяднанага штабу прапанавала сымбаль «кулак, сэрцайка, перамога». Калі казаць пра першы этап Евалюцыі, то гэта мастачка Надзя Саляпіна, якая зрабіла пэрформанс, прысьвечаны калекцыі Хаіма Суціна, і адна зь першых трапіла за краты. Гэта абʼяднаны жаночы штаб — Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская (што яны гаварылі, як іх успрымалі).

Сьвятлану Ціханоўскую я інтэрпрэтую як люстэрка беларускага грамадзтва, у якое грамадзтва глядзела і пазнавала сябе. Так, мы нясьмелыя, мы не палітыкі, мы разьяднаныя, але мы можам паспрабаваць, можам сабрацца і паўдзельнічаць і справіцца з гэтым рэжымам. Марыя Калесьнікава, можа, крыху большая гераіня, чым усе астатнія, яе постаць праходзіць праз усю кнігу. Гэта важная для мяне фігура ў тым ліку і таму, што яна сябе фэміністкай абазначала. Я пішу пра фэм-групу Каардынацыйнай Рады, пра Юлію Міцкевіч, Сьвятлану Гатальскую. Ёсьць калектыўныя дзеяньні, як жаночыя маршы, а ёсьць асобныя фігуры, якія натхнялі і натхняюць — Ніна Багінская, Вольга Хіжынкова, Віка Біран і шмат іншых імёнаў...

«Ціханоўская дыстанцыюецца ад таго, каб называць сябе фэміністкай, але яна робіць унёсак у палітычную субʼектывацыю жанчын»


— Усё беларускае грамадзтва сочыць, як мяняецца і расьце Сьвятлана Ціханоўская. Як вам падаецца, ці будзе яна сябе калі-небудзь называць фэміністкай?

— Сьвятлана Ціханоўская дыстанцыюецца ад таго, каб называць сябе фэміністкай, але яна, безумоўна, робіць унёсак у палітычную субʼектывацыю жанчын. Жанчыны глядзяць на яе, і я чую шмат водгукаў, што гэтая шчырасьць, прастата, адкрытасьць становіцца неабходнай для палітыкі і палітычнай камунікацыі. Хацелася б, каб гэта ў будучыні засталося ў нашай палітычнай прасторы. У фэміністак ёсьць свой уласны парадак дня, у тым ліку закон аб прадухіленьні хатняга гвалту. Наколькі Сьвятлана будзе гэта абараняць, ня ведаю, але вельмі спадзяюся, што яна і такія палітыкі, як яна, будуць адкрытыя да такіх прапановаў і падтрымаюць фэміністак, нават калі самі ня будуць прапаноўваць такі закон.

— Гендэрныя экспэрткі, і вы ў тым ліку, выказвалі асьцярогу, што ў жаночым трыё, ва ўспрыняцьці жаночых маршаў, у парадку дня жаночага пратэсту не было пытаньня гендэрнай роўнасьці, змаганьня за правы жанчын. Ці зьяўляецца паступова гэты жаночы парадак дня? Ці ў гэтыя драматычныя часы для многіх гэта далёка ня першаснае?

— Напрыклад, мы разумеем, што ў сыстэме аховы здароўя ў нас вялікія праблемы, але мы не абмяркоўваем будучыню сыстэмы аховы здароўя, бо столькі праблемаў са звольненымі дактарамі, ім трэба дапамагаць. Я вельмі спадзяюся, што ўсе гэтыя пытаньні, якія выявіліся, у тым ліку гендэрныя праблемы, застануцца і ў будучыні, і фэм-група будзе іх адстойваць. Я б пагадзілася з тым, што цяпер хутчэй размова ідзе пра ўзаемную дапамогу, як выжыць, як быць эмпатычнымі. Цяпер тактычныя задачы салідарызацыі найбольш важныя.

— Ці будзе выданьне кнігі на расейскай і беларускай мовах? Якой вы бачыце мэтавую аўдыторыю ў кнігі?

— Я маю правы на выданьні па-расейску і па-беларуску. Нядаўна атрымала запрашэньне выдаць сваю кнігу ў сэрыі кніг, якія выдаюцца па-расейску ў Вене ў супольнасьці славістаў. Кніга выйдзе па-за межамі Беларусі, але яе першыя чытачы, Юлія Міцкевіч і Аляксандар Адамʼянц, лічаць, што гэта кніга найперш для беларусаў і беларусак. Хочацца, каб яе прачыталі тыя, з кім мы разам перажывалі ўсе гэтыя падзеі, гэты ўздым, таму мне хочацца яе выдаць на расейскай і на беларускай мовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG