Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчуваньне, што яны баяцца больш, чым мы». Філёзаф Вольга Шпарага пра сваё затрыманьне


Сілавікі падчас «Маршу вызваленьня палітвязьняў» у Менску 4 кастрычніка

Вольгу разам з мужам, філёзафам Аляксандрам Адамянцам, затрымалі 4 кастрычніка ў Менску на вуліцы Кальварыйскай.

Пра тое, што сябру асноўнага складу Каардынацыйнай Рады філёзафа Вольгу Шпарагу затрымалі разам з мужам Аляксандрам Адамянцам, стала вядома ўдзень 4 кастрычніка. На волі Вольга была ўжо менш як праз суткі. Яна расказала Свабодзе, што затрыманьне не зьвязанае зь яе дзейнасьцю ў КР.

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

«Затрымалі нас разам з усімі іншымі мінчанамі, як гэта звычайна адбываецца па нядзелях, — кажа Вольга. — На Кальварыйскай пад’ехалі бусікі, пачалі выхопліваць людзей з натоўпу. Яны галоўным чынам палявалі на мужчын, а я не захацела аддаваць мужа. І вось мой муж папаўся, і я неяк вырашыла, што таксама пайду. Не аддам яго проста так».

Пасьля гэтага Вольгу і Аляксандра адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну, а адтуль — у турму Жодзіна. Па яе словах, разам зь ёй і мужам на вуліцы Кальварыйскай затрымалі яшчэ 23 чалавек. Іх усіх таксама адвезьлі ў Жодзіна і ўжо на наступны дзень асудзілі. Самой Вользе з мужам ня так «пашанцавала».

«Было незразумела ўвогуле, што нам пагражае, — прызнаецца Вольга. — Я сказала, што мы маем адваката, і нас выпусьцілі з позвай да суду. Ён адбудзецца ў Смалявічах, неабходна будзе зьявіцца на паседжаньне. Дата пакуль ня вызначаная. Мне патэлефануюць і паведамяць, калі будзе суд».

Вольга расказвае, што сілавікі паводзілі сябе жорстка. Па дарозе ў Жодзіна ў аўтазаку на падлогу паклалі бел-чырвона-белы сьцяг, на мужчын крычалі, наносілі ім удары.

«Яны робяць выгляд, што яны страшныя, — кажа Вольга. — Але нават у турме яны ў балаклавах, і ад гэтага, канечне, адчуваньне, што яны баяцца больш, чым мы. Вядома, там ёсьць усё гэтае накшталт „рукі трымаць за сьпінай“, „рухацца ў пэўным рытме“. Яны ствараюць для нас уражаньне, што мы страшныя злачынцы і з намі трэба жорстка абыходзіцца. Ня біць, але абыходзіцца як са злачынцамі. Але пры гэтым ты бачыш, што яны не здымаюць балаклавы.

У мяне ад гэтага страх зьнікае. Вядома, у турме лепш не рабіць нечага, што выкліча гвалт. Бо яны гатовыя да гэтага, гатовыя лішні раз ударыць і голас павысіць. Але пры гэтым у мяне склалася ўражаньне, што тэрыторыя іх улады вельмі абмежаваная».

Паводле інфармацыі МУС, 4 кастрычніка на несанкцыянаваных акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі 317 чалавек, 258 зь іх пакінулі пад вартай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG