Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Марш вызваленьня палітвязьняў» у Менску выйшлі больш за 100 тысяч чалавек. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

4 кастрычніка ў Менску прайшла ўжо восьмая нядзельная акцыя пратэсту «Марш вызваленьня палітвязьняў» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. На сёньняшнім маршы налічылі больш за 100 тысяч удзельнікаў.

Яшчэ да пачатку маршу ў цэнтар Менску сьцягнулі сілавікоў і спэцтэхніку. Кастрычніцкую плошчу ачапілі вайскоўцы, яе агарадзілі мэталічнай агароджай. Узмоцненыя патрулі міліцыі выставілі ля будынкаў МУС і КДБ.

Шэраг установаў гандлю і грамадзкага харчаваньня вырашылі не працаваць, у тым ліку гандлёвы дом «На Нямізе», гандлёвыя цэнтры «Сталіца», «Замак» і «Галерэя», а таксама рэстарацыі KFC і Burger King на вуліцы Няміга.

У 13:40 у Менску зачынілі восем станцый мэтро: «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Перамогі», «Плошча Якуба Коласа», «Няміга», «Фрунзэнская» і «Маладзёжная». Таксама ў Менску зноў адключылі мабільны інтэрнэт.

Па праспэкце Пераможцаў у бок стэлы «Менск — горад-герой», дзе звычайна зьбіраюцца дэманстранты, у суправаджэньні машын ДАІ паехалі вадамёт, пяць аўтазакаў, чатыры міліцэйскія аўтобусы і два мікрааўтобусы. Уздоўж праспэкта Пераможцаў — мікрааўтобусы зь сілавікамі. Неўзабаве ў раёне праспэкта Пераможцаў пачаліся затрыманьні.

Стэлу па пэрымэтры ачапілі вайскоўцы, яе абнесьлі калючым дротам. Міліцыянты праз мэгафон зноў папярэджвалі прысутных пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Шматтысячная калёна ўдзельнікаў «Маршу вызваленьня палітвязьняў» рушыла праспэктам Машэрава ў бок вуліцы Кальварыйскай.

На скрыжаваньні праспэкта Машэрава і вуліцы Заслаўскай пад’ехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей вадой, спрабуючы іх разагнаць. З боку стэлы да дэманстрантаў пабеглі сілавікі.

Пратэстоўцы вывелі вадамёт са строю: пакуль спэцтэхніка спрабавала разагнаць удзельнікаў, іншыя часткова яго разукамплектавалі і вылілі фарбавальнік. Пасьля гэтага вадамёт паехаў з фантанам вады над сабой. Пасьля таго, як няспраўны вадамёт зьехаў, людзі зноў пачалі канцэнтравацца на скрыжаваньні. Падагналі яшчэ адзін вадамёт, які працягнуў паліваць тых, хто сабраўся.

Сілавікі спрабавалі разагнаць удзельнікаў акцыі, аднак людзям удалося сабрацца ў калёну. У нейкі момант яны нават пайшлі на сілавікоў, прымусіўшы тых адступіць.

На скрыжаваньні з вуліцай Ціміразева да калёны дэманстрантаў, якая рухалася па праспэкце Машэрава, далучылася яшчэ адна калёна, якая ішла зь Нямігі. Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў дайшлі да станцыі мэтро «Пушкінская», дзе падчас пратэстаў загінуў Аляксандар Тарайкоўскі, і пайшлі далей, скандуючы «Не забудзем, не даруем!», «Жыве Беларусь» і іншыя лёзунгі.

У 16.50 зачыніліся станцыі мэтро «Грушаўка» і «Міхалова», а крыху пазьней — таксама «Пятроўшчына» і «Малінаўка», але адкрыліся станцыі «Плошча Перамогі» і «Плошча Якуба Коласа» і часткова — «Плошча Леніна».

Па праспэктах Пушкіна, Жукава і Дзяржынскага пратэстоўцы дайшлі да цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна. На падыходзе да ізалятару іх паспрабавалі спыніць валянтэры, якія казалі, што пратэстоўцы толькі нашкодзяць затрыманым, аднак удзельнікі акцыі іх не паслухалі. Яны падышлі да ізалятару і пачалі скандаваць: «Давай!», «Караева пад суд», «Жыве Беларусь!».

Людзі абляпілі шыльду цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна партрэтамі загінулых удзельнікаў мірных дэманстрацый, а таксама бел-чырвона-белымі налепкамі. На дзьверы ізалятара наклеілі чорна-белы партрэт Аляксандра Лукашэнкі з акрываўленым ротам, газэту «Народная воля» і налепкі са словамі «Я не хачу гвалту», «Не забудзем, не даруем». На плоце чырвонай фарбай напісалі «Фашысты».

Неўзабаве пасьля гэтага прагучала прапанова вярнуцца назад. Людзі, накіраваліся ў бок бліжэйшага сквэра, куды да гэтага часу падцягнуўся хвост калёны, і тады ўсе разам пратэстоўцы рушылі па праспэкце Дзяржынскага ў бок мікрараёна Малінаўка.

Паступова пратэстоўцы разышліся. У канцы акцыі зноў пачаліся лякальныя затрыманьні. Затрымлівалі на праспэкце Дзяржынскага, таксама паведамлялі пра затрыманьні Tut.by, на вуліцы Сямашкі, у раёне 9-й лякарні.

У 18:40 у Менску зноў запрацавалі ўсе станцыі мэтро.

Паводле ацэнак журналістаў, колькасьць удзельнікаў сёньняшняга маршу перавысіла колькасьць дэманстрантаў у мінулую нядзелю, калі іх было каля 100 тысяч.

Акцыі прыхільнікаў пераменаў 4 кастрычніка прайшлі таксама ў Жодзіне, Берасьці, Бабруйску, Горадні, Віцебску, Магілёве і некаторых іншых гарадах.

На 23:00 4 кастрычніка правааабронцам вядомыя імёны ўжо больш за 200 затрыманых падчас акцый ратэсту ў розных гарадах Беларусі, сьпіс абнаўляецца. У тым ліку па ўсёй Беларусі падчас сёньняшніх акцый затрымалі больш за дзясятак журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG