Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкада яе вельмі». Першы дзень суду над жанчынай, якая адмовіла памочніцы пракурора ў арэндзе кватэры


Вольга Сінялёва ля суду.
Вольга Сінялёва ля суду.

Адваката жанчыны, якая выселіла памочніцу пракурора з арандаванай кватэры, пазбавілі ліцэнзіі. Гэта высьветлілася пасьля перапынку на абед.

У Заводзкім судзе Менску ў закрытым пасяджэньні сёньня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць 33-гадовай Вольгі Сінялёвай, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Аліне Касьянчык.

Пасьля абеду высьветлілася, што адвакат Сінялёвай Андрэй Мачалаў пазбаўлены ліцэнзіі і ня можа ўдзельнічаць у працэсе. Разгляд справы перанесьлі на 25 чэрвеня, Вольга Сінялёва павінна знайсьці іншага адваката.

«Аказалася, што мяне выключылі з калегіі, і я яе абараняць ня мог. Адпаведна, суд спыніў мае паўнамоцтвы абаронцы. 25-га будзе суд наноў зь іншым адвакатам», — сказаў Андрэй Мачалаў.

Што сёньня было ў судзе?

Абвінавачаная Вольга Сінялёва — маці двух дзяцей, знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём да дасягненьня трохгадовага ўзросту, мае вышэйшую адукацыю, працуе праграмістам.

Як уладальніца кватэры яна прапанавала Аліне Касьянчык зьехаць, тая пагадзілася, і калі знайшла новае жыльлё, дамову скасавалі па згодзе бакоў. Аднак супраць Вольгі пачалі крымінальную справу па 190-м артыкуле Крымінальнага кодэксу — «Парушэньне раўнапраўя грамадзян». Яна пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Аліна Касьянчык у судзе
Аліна Касьянчык у судзе

У суд зьявілася таксама пацярпелая Аліна Касьянчык, вядомая ўдзелам у працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцам па справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з «плошчы Пераменаў» асудзілі на два гады калёніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачваньне ў справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Сьведкамі ў працэсе выступяць Татарэнка, Ігнаценка і Сінялёў.

«Заўсёды ў юрыстаў гэты артыкул лічыўся, умоўна кажучы, „мёртвым“»


У першай палове дня дзяржаўны абвінаваўца Кунцэвіч выступіла з хадайніцтвам — зрабіць працэс закрытым «у інтарэсах забесьпячэньня бясьпекі пацярпелай, а таксама чальцоў яе сямʼі, у мэтах прадухіленьня разгалошваньня асабістых зьвестак».

Адвакат Вольгі Сінялёвай Андрэй Мачалаў выступіў супраць задавальненьня гэтага хадайніцтва. Ён сказаў, што дзяржабвінаваўца ў гэтым працэсе зьяўляецца калегай пацярпелай, усяляк лабіруе яе інтарэсы. Паводле адваката, у матэрыялах справы няма ніякіх асабістых дадзеных грамадзянкі Касьянчык. Няма нават адрасу рэгістрацыі, пазначаны толькі яе працоўны адрас, няма нумароў яе мабільнага і хатняга тэлефонаў.

Вольга Сінялёва ў судзе
Вольга Сінялёва ў судзе

«Якіх-небудзь асабістых дадзеных няма наогул. Адзіная інфармацыя, што грамадзянка Касьянчык наймала кватэру і нібыта пакрыўдзілася на свайго арандадаўцу, была падрабязна разгалошана прэс-службай Генпракуратуры Беларусі. Гэта гаворыць пра тое, што сама пракуратура найперш зацікаўленая ў публічнасьці гэтага працэсу, але ніяк не ў закрыцьці яго. Больш за тое, калі судовае паседжаньне будзе закрыта, мяркую, у нас тут не прагучыць ніякіх новых зьвестак», — сказаў адвакат.

Ён дадаў, што дадзеных ні пра якіх чальцоў сям’і Касьянчык у справе няма ў прынцыпе.

Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, аднак, задаволіла просьбу дзяржаўнай абвінаваўцы. Усе прысутныя і журналісты вымушаныя былі пакінуць залю.

У перапынку адвакат назваў «сурʼёзным парушэньнем» тое, што справа разглядаецца ў закрытым працэсе.

«Абсурдна і сьмешна, калі б не было так сумна, калі б чалавеку не пагражаў сурʼёзны прысуд».

Паводле адваката, справы па 190-м артыкуле вельмі рэдкія, «адзінкавыя».

«Заўсёды ў юрыстаў гэты артыкул лічыўся, умоўна кажучы, „мёртвым“», — сказаў Андрэй Мачалаў.

У перапынку Вользе Сінялёвай прынесьлі яе грудное дзіця. Камэнтаваць закрыты працэс яна адмовілася.

Як яна ставіцца да Аліны Касьянчык?

«Шкада яе вельмі. Яна сваю бесьсьмяротную душу проста ўтоптвае», — сказала Вольга Сінялёва.

Што паведаміла пракуратура?

Як раней паведаміла Генпракуратура, дамова найму жылога памяшканьня была падпісана летась 21 ліпеня на 2 гады. Пацярпелая памочніца пракурора «выконвала своечасова і ў поўным абʼёме» свае абавязаньні, акрэсьленыя ў дамове. Але арандадаўца, паводле пракуратуры, «паддалася інфармацыйнаму ўзьдзеяньню Telegram-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў» і запатрабавала ад Аліны Касьянчык вызваліць жылое памяшканьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG