Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр вырас, бульба падаражэла. Як зьмянілася Беларусь з моманту арышту Віктара Бабарыкі


Людзі пад дажджом у шматкілямэтровым «ланцугу салідарнасьці» на праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў дзень арышту Віктара Бабарыкі. 18 чэрвеня 2020
Людзі пад дажджом у шматкілямэтровым «ланцугу салідарнасьці» на праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў дзень арышту Віктара Бабарыкі. 18 чэрвеня 2020

Сабралі 10 лічбаў, якія сьведчаць пра тое, як зьмянілася Беларусь за год.

18 чэрвеня мінулага году сілавікі затрымалі Віктара Бабарыку, які зьбіраўся стаць кандыдатам у прэзыдэнты, і ягонага сына Эдуарда Бабарыку. Увечары гэтага дня ў Менску пачаліся пратэсты, на вуліцу ў «ланцугі салідарнасьці» выйшлі больш за тысячу чалавек. Як зьмянілася Беларусь з таго часу.

Даляр вырас на 14 капеек

18 чэрвеня мінулага году даляр каштаваў 2 рублі 38 капеек. Праз год, на вечар 17 чэрвеня, па курсе Нацыянальнага банку даляр прадаваўся за 2 рублі 52 капейкі.

Палітвязьняў стала больш у 21 раз

У канцы чэрвеня мінулага году ў Беларусі былі 23 палітвязьні, уключна зь Віктарам Бабарыкам і ягоным сынам Эдуардам. А да пачатку перадвыбарчай кампаніі палітвязьняў наогул было толькі 3. На 17 чэрвеня палітвязьнямі прызнаныя 496 чалавек.

Экспарт павялічыўся

Экспарт беларускіх тавараў у студзені–красавіку вырас на 35% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась, імпарт вырас на 25%, таваразварот — на 29%. Агулам таваразварот за студзень-красавік склаў 12,3 мільёна даляраў, экспарт — 11,4 мільёна даляраў, імпарт — 12,3 мільёна даляраў.

Дзярждоўг вырас на $2 мільярды

У чэрвені мінулага году замежны дзяржаўны доўг Беларусі складаў 16,3 мільярда даляраў, або 28,7% ад ВУП. На 17 чэрвеня сёлета дзярждоўг складае 18,1 мільярда даляраў, або 29,9% ад ВУП.

Жыхароў стала менш на 60 тысяч

Паводле статыстыкі Белстату, у 2020 годзе ў Беларусі жылі 9 410 259 чалавек, у 2021-м — 9 349 645. Жыхароў стала менш на 60 614 чалавек.

Плюс 7 прадпрыемстваў пад санкцыямі

У чэрвені мінулага году ў Беларусі не было прадпрыемстваў і юрыдычных асобаў, якія б падпалі пад санкцыі нейкіх краін. Цяпер пад санкцыямі ЗША 9 прадпрыемстваў:

  • «Белнафтахім»
  • «Белнафтахім ЗША»
  • «Нафтан»
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
  • «Белшына»
  • «Гродна Азот»
  • «Гроднахімвалакно»
  • ААТ «Лякафарба»
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Пад санкцыі Эўразьвязу падпалі 7 юрыдычных асобаў:

  • «Белтэхэкспарт»
  • Менскі завод колавых цягачоў
  • Dana Holdings і «Сінэзіс»
  • Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта
  • АГАТ — электрамэханічны завод
  • 140-ы рамонтны завод

Бульба падаражэла ў 1,4 раза

Кіляграм бульбы ў траўні мінулага году каштаваў 0,89 рубля, па зьвестках Белстату. А сёлета ў траўні ўжо 1,26 рубля. Іншымі словамі, падаражэла ў 1,4 раза.

Плюс 19 млрд рублёў запазычанасьці

На 1 чэрвеня мінулага году крэдыторская запазычанасьць арганізацый у Беларусі складала 57 мільярдаў рублёў, пратэрмінаваная запазычанасьць — 8,3 мільярда. Сёлета на 1 траўня крэдыторская запазычанасьць усіх арганізацый складала ўжо 65,5 мільярда рублёў, або на 19,7 мільярда болей.

Дэфіцыт бюджэту вырас у 6,4 раза

Летась дэфіцыт бюджэту складаў 931 мільён рублёў, сёлета — 6 мільярдаў рублёў: вырас у 6,4 раза. Найбольшыя расходы — на дзяржаўную дзейнасьць. Летась гэта было 12,5 мільярда рублёў, сёлета — 15,3 мільярда.

Інфляцыя вырасла ўдвая

У траўні мінулага году гадавы прырост цэнаў склаў 4,9%. А ў траўні ў параўнаньні з красавіком адбылася дэфляцыя, то бок цэны зьменшыліся на 0,1%. Сёлета ў траўні гадавы прырост спажывецкіх цэнаў склаў 9,4%, то бок амаль удвая болей, чым летась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG