Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зь беларускай нафтаперапрацоўкай, якая падпала пад санкцыі ЗША


Штаб-кватэра «Белнафтахіму» ў Менску.

ЗША аднаўляюць санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў нафтаперапрацоўчай галіны. Глядзім, што адбываецца з нафтаперапрацоўкай.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка:

  • «Белнафтахім»
  • «Белнафтахім ЗША»
  • «Нафтан»
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
  • «Белшына»
  • «Гродна Азот»
  • «Гроднахімвалакно»
  • ААТ «Лякафарба»
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно»


Аднаўленьне санкцый будзе азначаць, што прадпрыемствам і грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаныя. Санкцыі пачнуць працаваць з 3 чэрвеня.

Што цяпер зь беларускай нафтаперапрацоўкай

У 2020 годзе на прадпрыемствах нафтаперапрацоўчай галіны назіралася падзеньне прыбыткаў. Гэта было зьвязана найперш зь перабоямі ў пастаўках нафты з боку Расеі ў пачатку году, а таксама з рэзкімі зьменамі цаны на нафту.

  • Выручка ад рэалізацыі тавараў і паслуг «Нафтана» за мінулы год — 6,5 мільярда рублёў. Гэта на 1,1 мільярда менш, чым у 2019 годзе. За год у «Нафтана» стала больш доўгатэрміновых абавязаньняў — на 257 мільёнаў. Гэта вынікае са справаздачнасьці на адзіным партале фінансавага рынку.
  • Па кароткатэрміновых крэдытах завод вінен 2,8 мільярда рублёў, годам раней было 2,4 мільярда. «Нафтан» уваходзіць у санкцыйны сьпіс.
  • Выручка Мазырскага НПЗ у 2020-м скарацілася на 1,7 мільярда рублёў — з 8,4 да 6,6 мільярда рублёў.
  • Чысты прыбытак вырас з 294 мільёнаў рублёў да 327 мільёнаў. Доўгатэрміновыя абавязаньні вырасьлі на 12 мільёнаў — да 247 мільёнаў рублёў, а кароткатэрміновыя — на 72 мільёны рублёў, да 1,5 мільярда.
  • Сёлета ў студзені-сакавіку чысты прыбытак Мазырскага НПЗ — 21 мільён рублёў, годам раней у гэты час былі страты на 218 мільёнаў. Мазырскі НПЗ не ўваходзіць у амэрыканскі санкцыйны сьпіс, але ён партнэр іншых прадпрыемстваў нафтаперапрацоўчай галіны, якія ў яго ўваходзяць.

Ці вырас экспарт?


Экспарт нафтапрадуктаў у студзені-сакавіку прынёс Беларусі 1,04 мільярда даляраў. У натуральным вымярэньні пастаўкі вырасьлі ў 2,2 раза, па кошце — амаль удвая ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.

Але мінулы год пачаўся з крызісу ў пастаўках нафты з Расеі — яны проста прыпыніліся. Таму адносна пачатку 2020 году пастаўкі вырасьлі. У 2018-м за такі ж пэрыяд экспарт нафтапрадуктаў прынёс Беларусі 1,6 мільярда даляраў, у 2016-м — 1,7 мільярда. У 2017 годзе Беларусь зарабіла ў першым квартале на экспарце нафтапрадуктаў 1,1 мільярда даляраў, і тады гэта падавалася як істотнае зьніжэньне (сёлета ў першым квартале паказчыкі меншыя).

«Незразумела, як спрацуюць санкцыі»

Паводле аглядальніцы Тацяны Манёнак, з пачатку гэтага году «вырас попыт на нафту і павысіліся цэны на нафтапрадукты». Даходы ад экспарту нафтапрадуктаў могуць вырасьці, але «незразумела, як спрацуюць амэрыканскія санкцыі».

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Няясна, як гэта будзе рэалізавана на практыцы. „Нафтан“ — у санкцыйным сьпісе. Мазырскі НПЗ — не, яны перапрацоўваюць аднолькавы аб’ём нафты, агулам каля 18 мільёнаў тон на год. Калі санкцыі сапраўды будуць мець пашыраны статус і праблемы ўзьнікнуць ня толькі ў „Нафтана“, але і ў замежных кампаній, якія зь ім супрацоўнічаюць, для беларускай эканомікі ўзьнікнуць сур’ёзныя праблемы. Да амэрыканскіх санкцыяў можа далучыцца і ЭЗ», — кажа Тацяна Манёнак.

Калі ж будзе толькі прамая забарона на разьлікі ў далярах, дадае экспэртка, тады кампаніі знойдуць выйсьце, як гэта было раней, калі амэрыканскія санкцыі яшчэ дзейнічалі.

«Пакуль кампаніі чакаюць 3 чэрвеня, каб зразумець на практыцы, як будуць працаваць санкцыі. Праблемы будуць тады, калі санкцыі будуць тычыцца і кампаніяў-партнэраў», — дадае Тацяна Манёнак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG