Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз Эўразійскага банку разьвіцьця: гадавая інфляцыя ў Беларусі будзе большая за 9%


Асартымэнт у крамах, ілюстрацыйнае фота

Улады першапачаткова закладалі паказьнік інфляцыі, ня большы за 5%.

Паводле прагнозу Эўразійскага банку разьвіцьця, гадавая інфляцыя ў Беларусі ў наступныя месяцы застанецца вышэйшай за 9%.

Інфляцыя ў Беларусі ў траўні 2021 году у параўнаньні з траўнем мінулага году павысілася да 9,4%. У красавіку такі паказьнік быў 8,6% і з высокай імавернасьцю ён застанецца вышэйшым за 9% у найбліжэйшыя месяцы, гаворыцца ў справаздачы экспэртаў банку.

У справаздачы адзначаецца, што істотнае праінфляцыйнае ўзьдзеяньне робіць рост цэнаў на паліва — яны ў Беларусі падвышаюцца практычна штотыдзень. Таксама адбіваецца падвышэньне сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня, мэталы і будаўнічыя матэрыялы, цяжкасьці ў транспартна-лягістычных ланцужках, а таксама паскарэньне росту цэн у Расеі.

Інфляцыйныя чаканьні, робяць выснову аналітыкі, застаюцца павышанымі: згодна з травеньскімі дадзенымі Нацыянальнага банку Беларусі, больш за 80% прадпрыемстваў у наступныя тры месяцы парагназуюць захаваньне росту цэнаў.

Праз падвышаныя інфляцыйныя чаканьні зафіксаванае ад сярэдзіны красавіка ўмацаваньне беларускага рубля можа мець моцна абмежаваны ўплыў на зьмену спажывецкіх цэнаў.

У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі тэмпы інфляцыі сьпісваюць на «рост сусьветных цэнаў на харчы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG