Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі за чатыры месяцы амаль дасягнула гадавога прагнозу уладаў


Сэкцыя гародніны ў краме, ілюстрацыйнае фота. Гародніна інстотна падаражэла.

Спажывецкія цэны ў Беларусі ў красавіку ў параўнаньні са сьнежнем 2020 году вырасьлі на 4,6%, інфармуе Нацыянальны статыстычны камітэт. У гадавым вымярэньні інфляцыя ў красавіку склала 8,6%.

У красавіку адносна сакавіка цэны на харчовыя тавары вырасьлі на 0,9% (ад пачатку году — на 4,6%, за год — на 7,4%). На нехарчовыя — на 0,8% (4,7% і 10,1%); на паслугі — на 0,4% (4,4% і 8,9%).

У 2021 годзе ўрад прагназуе інфляцыю не вышэй за 5%. Для параўнаньня: у студзені-красавіку 2020 года цэны выраслі на 3,3%, а ў цэлым па году інфляцыя склала 7,4% пры аналягічным прагнозе 5%.

У Нацыянальным банку лічаць, што ўзровень інфляцыі ў Беларусі будзе зьніжацца, вяртаньне да мэтавага ўзроўню (5%) чакаецца ў другім квартале 2022 году. Паводле інфармацыі агенцтва БелаПАН, такі арыентыр быў заяўлены падчас нядаўняй сустрэчы кіраўніцтва галоўнага банку краіны з эканамістамі.

На думку спэцыялістаў Нацбанку, паскарэньне інфляцыі ў першым квартале зьвязана зь пераносам леташняга росту валютнага курсу на цэны, а таксама з павелічэньнем цэнаў на сусьветным рынку харчаваньня і адменай падатковых ільгот у пачатку году для пастаўшчыкоў лекаў.

Аднак, на думку незалежных эканамістаў, інфляцыя істотна перавысіць афіцыйны прагноз і наблізіцца да 10%. Афіцыйны прагноз быў вызначаны ў мінулым годзе і не меў на ўвазе ні глябальнага эканамічнага крызісу, ні пандэміі, ні скокаў на валютным рынку. Таму пра ўтрыманьне інфляцыі ў межах 5% сёлета можна забыцца, лічаць экспэрты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG