Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі: дзяржава кантралюе цэны на 55% «стратэгічных тавараў», іх дэфіцыту няма


Наведнікі крамы, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі дзяржава кантралюе цэны на 55% тавараў, паведаміў міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімер Калтовіч.

«Гэта часовы парадак, мэта якога — зьніжэньне інфляцыйнага ўсплёску, зьвязанага з увядзеньнем ПДВ, ростам сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня і сыравіну. Сёньня такія меры — усьвядомленая неабходнасьць», — цытуе БелаПАН кіраўніка ведамства.

Па словах міністра, каля 45% тавараў на ўнутраным рынку — тавары так званага крытычнага імпарту.

«Цэны на іх залежаць ад курсаў валют і сусьветных коштаў на прадукты харчаваньня. Паколькі тэмпы росту не зьніжаюцца, пакуль што прагнозы на харчовым рынку ня вельмі добрыя», — растлумачыў Уладзімер Калтовіч.

Ён таксама канстатаваў, што інфляцыя ў Беларусі цяпер на ўзроўні, вышэйшым за прагноз — у гадавым вымярэньні індэкс спажывецкіх цэнаў склаў 108,5%. Але дэфіцыту нейкіх тавараў у Беларусі няма.

«Па гарачай лініі адсутнічае інфармацыя аб дэфіцыце. Мы лічым, што тыя меры, якія былі прынятыя, зрабілі сытуацыю прадказальнай, зразумелай, празрыстай», — лічыць ён.

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю ў канцы сакавіка працягнула да 29 чэрвеня дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на сацыяльна значныя тавары. Тлумачыцца гэта тым, што «ва ўмовах нэгатыўнага ўплыву пандэміі на рост сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня захоўваюцца рызыкі падаражэньня сацыяльна значных тавараў».

Летась інфляцыя ў Беларусі склала 7,4% пры афіцыйным прагнозе 5%. На 2021 год урад прагназаваў лічбу не вышэй за 5%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG