Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, за якія артыкулы заблякавалі партал Tut.by


Карыкатура Сяргея Ёлкіна
Карыкатура Сяргея Ёлкіна

18 траўня на рашэньне Міністэрства інфармацыі заблякавалі інфармацыйны партал Tut.by. Рашэньне ўскладніла працу рэдакцыі, а таксама пазбавіла тысячы чытачоў магчымасьці карыстацца сайтам і яго сэрвісамі.

Прычынай назвалі тое, што ў шэрагу публікацый разьмяшчалася выяўленая Генпракуратурай «забароненая інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BySol». Рэдакцыя Tut.by паведаміла, якія менавіта матэрыялы сталі прычынай блякаваньня рэсурсу.

Загад «Аб абмежаваньні доступу» да парталу пад нумарам 180 падпісаў міністар інфармацыі Ўладзімер Пярцоў. У дакумэнце пазначана, што, у адпаведнасьці з артыкулам 38 закону «Аб СМІ», забаронены распаўсюд зьвестак ад імя арганізацый, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. І што ўказам прэзыдэнта № 302 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці фондаў» вызначаныя парадак і ўмовы іх стварэньня.

«Згодна з інфармацыяй Міністэрства юстыцыі, фонд BySol не зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь, — гаворыцца ў загадзе. — Генэральная пракуратура выявіла, што ў шэрагу публікацый на партале Tut.by разьмешчана інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду».

Пералічана пяць матэрыялаў, прычым некаторыя апублікаваныя яшчэ ў студзені. Але прэтэнзіі прагучалі толькі за дзень да блякаваньня.

  • «СМІ Літвы паведамілі пра магчымыя махлярствы, зьвязаныя зь пераездам беларусаў. Што кажуць удзельнікі канфлікту» (публікацыя ад 29 студзеня);
  • «Замест выплат вырашылі дапамагаць з пошукам працы. Як цяпер працуюць фонды салідарнасьці» (31 студзеня);
  • «Летась фонд BySol сабраў амаль 3,5 мільёна эўра. Паглядзелі, на што ён іх выдаткаваў» (2 красавіка);
  • «„Значыць, што мы працуем так, як трэба“. Хто такія заснавальнікі BYSOL, на якіх завялі крымінальную справу» (14 красавіка)
  • «Пасьля заявы Мінпрацы, што вэтэраны не атрымаюць выплаты да 9 траўня, BySol запусьціў збор. Колькі сабралі» (14 траўня).

«Не зусім зразумела, у чым менавіта выяўляліся парушэньні, паколькі сам фонд і дадзеныя аб яго дзейнасьці пастаянна фігуравалі нават у дзяржаўных СМІ. На сайце „СБ. Беларусь сегодня“ BySol згадваецца ў 18 матэрыялах, у сюжэтах канала АНТ — як мінімум 19 разоў, у навінах БелТА — 4 разы, у сюжэтах Белтэлерадыёкампаніі — сама меней 8 разоў, на канале СТБ — ня менш як у 9 сюжэтах. І адзінага падыходу ў найменьні таксама няма: дзесьці згадваюць пра адсутнасьць рэгістрацыі ў Беларусі, а дзесьці не», — гаворыца ў тлумачэньні каманды Tut.by.

Рэдакцыя і раней атрымлівала папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі з заўвагамі па некаторых матэрыялах — напрыклад, перад працэсам аб пазбаўленьні Tut.by статусу СМІ. І кожны раз рэдактарат вымушаны быў уносіць зьмены ў артыкулы: калі на коне праца цэлага парталу, няма магчымасьці зрабіць інакш, як бы абсурдна гэта не выглядала.

«У выпадку з загадам Мінінфарму аб блякаваньні нам нават не далі часу на рэакцыю. Больш за тое, 18 траўня зьнік яшчэ і доступ да сэрвэраў — іх фізычна канфіскавалі ў сувязі з „падатковай справай“. Пры аднаўленьні доступу да 20-гадовай базы навін мы плянуем ліквідаваць названыя пракуратурай парушэньні ў надзеі, што блякаваньне ня проста палітычна матываванае, а закон усё яшчэ дазваляе абскардзіць рашэньне. Ці гатова Міністэрства інфармацыі і Генпракуратура прыняць гэтыя праўкі пад увагу і разблякаваць партал — пытаньне іншае», — кажуць у рэдакцыі.

У дзень блякаваньня Tut.by у офісы кампаніі і дадому да супрацоўнікаў прыйшлі зь ператрусамі прадстаўнікі Камітэту дзяржкантролю. Ведамства пачало крымінальную справу «за ўхіленьне ад выплаты падаткаў». Нібыта ТАА «Тут Бай Медиа» як рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымала выручку ад дзейнасьці, якая не дазволена чальцам, і гэта нанесла ўрон дзяржаве ў асабліва буйным памеры. Не чакаючы разглядаў і суду, кампанію выключылі з ПВТ.

Ад таго часу 15 тутбаеўцаў знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах або пад хатнім арыштам. Усе яны прызнаныя палітзьняволенымі. Сярод затрыманых аказаліся галоўная рэдактарка і журналістка, галоўны інжынэр і намесьнік гендырэктара ў тэхнічных пытаньнях, саўладальнік кампаніі Hoster.by. Сьледзтва ўзяло падпіскі аб невыдаваньні з адвакатаў, прычыну перасьледу нельга паведамляць нават родным.

Сьледзтва дагэтуль не дало магчымасьць разблякаваць рахункі кампаніі, каб выплаціць заробкі супрацоўнікам, ня кажучы пра выдаткі на арэнду памяшканьняў і абсталяваньня. Усё гэта робіць немагчымым існаваньне кампаніі ў ранейшым складзе. Фізычны доступ у офіс таксама забаронены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG