Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by — як ствараўся і чым важны найбуйнейшы беларускі партал


Калектыў рэдакцыі Tut.by. Архіўнае фота.
Калектыў рэдакцыі Tut.by. Архіўнае фота.

18 траўня ў офіс парталу Tut.by  і дадому да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай прыйшлі сілавікі. Партал заблякаваны, заведзена крымінальная справа. Прыгадваем гісторыю Tut.by  ад заснаваньня.

Tut.by — самае папулярнае беларускае онлайн-выданьне. Пачаў працаваць 5 кастрычніка 2000 году. Заснавальнік — бізнэсовец Юры Зісер. Наведвальнасьць парталу — звыш 3,3 мільёна ўнікальных наведнікаў у суткі. Ахоп Tut.by — большасьць інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. Tut.by таксама мае пошту, якой карыстаецца шмат беларусаў, і самы наведвальны пошукавік працы Rabota.by.

2000 год. Адкрыцьцё, навіны, курсы валют, пошук

Распрацоўка парталу пачалася ў ліпені 2000 году. Ужо 5 кастрычніка 2000 году ён упершыню адкрыўся для наведнікаў. Першапачаткова на партале была стужка навінаў, курсы валют, прагноз надвор’я, пошук. Тады ж зьявіўся і паштовы сэрвіс mail.tut.by.

Заснавальнік парталу Юры Зісер родам з Львова, але менавіта ў Беларусі ён пачаў свой бізнэс. Сьпярша зьявілася кампанія «Надзейныя праграмы», якая рабіла софт для банкаў. Пасьля яна і стала пачаткам Tut.by. Зісер арыентаваўся на амэрыканскі партал Yahoo, які на той час быў лідэрам інфармацыйнай інтэрнэт-прасторы. Менавіта як «беларускі Yahoo» задумваўся Tut.by, успамінаў сам Юры Зісер.

Юры Зісер, заснавальнік Tut.by, фота: Антон Матолька. 15 верасьня 2019 году.
Юры Зісер, заснавальнік Tut.by, фота: Антон Матолька. 15 верасьня 2019 году.

«Пачыналася ўсё з таго, што я быў на стажы ў Штатах і пабачыў, як там усё завязана на інтэрнэце. Пытаю мясцовых, як прайсьці ў найбліжэйшы банк, а яны мне — „Зазірні ў інтэрнэт“. Я падумаў: чаму ў Беларусі такога няма, чаму б такое не зрабіць? — успамінаў Зісер у інтэрвію Свабодзе. — Паспрабавалі зрабіць гэта як малабюджэтны праект, пачалі ў сакавіку 2000 году, запусьціліся 5 кастрычніка. Спачатку яго рабілі два студэнты (сёньня ў кампаніі працуе больш за 300 чалавек. — РС), бо гэта была поўная навінка і ніхто з „дарослых“ прафэсіяналаў ня ведаў, што рабіць».

Цягам многіх гадоў Юры Зісер актыўна ўдзельнічаў у разьвіцьці стартап-сцэны ў Беларусі. Дапамагаў мэнтарствам і інвэстыцыямі тэхналягічным праектам, падтрымліваў сацыяльнае прадпрымальніцтва (напрыклад, штогадовы конкурс Social Weekend і дабрачынную пляцоўку «МаеСэнс») і прагрэсіўныя адукацыйныя ініцыятывы.

17 траўня 2020 году Юры Зісер памёр ад хваробы. Сілавікі прыйшлі ў офіс Tut.by празь дзень пасьля ўгодкаў па Юрыю Зісеру.

2007 год. Зьяўленьне Hoster.by

На сёньня Hoster.by — найбуйнейшы хостынг-правайдэр у Беларусі. Кампанія, хостынгавымі паслугамі якой сёньня карыстаюцца ⅔ усіх беларускіх сайтаў, вырасла з «Цэнтру электроннага бізнэсу Tut.by». Як прыгадвае генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, адпачатку Tut.by прапаноўваў паслугі разьмяшчэньня іншых сайтаў на адным сэрвэры са сваім парталам. Ад 2007 году праект стаў на ўласныя рэйкі пад сваім брэндам. З таго часу штат кампаніі вырас да 100 чалавек.

Дзякуючы Hoster.by Беларусь займела:

  • кірылічную дамэнную зону .бел (дазваляе рэгістраваць дамэны, або адрасы сайтаў, і на беларускай мове);
  • форум кіраваньня інтэрнэтам Belarus IGF (бізнэс, улады, інжынэры і грамадзянская супольнасьць дыскутуюць пра разьвіцьцё байнэту);
  • за 8 гадоў звыш 600 тысяч даляраў, выручаных на дабрачынных аўкцыёнах дамэнных імёнаў, пайшлі на падтрымку дзіцячых дамоў па ўсёй Беларусі.

2010 год. Sport.tut.by і галерэя Tut.by

З 2010 году на партале пачынаюць зьяўляцца тэматычныя разьдзелы: першым такім становіцца Sport.tut.by. Пазьней такіх разьдзелаў стане шмат, зьявіцца жаночы разьдзел Lady.tut.by, разьдзел пра новыя тэхналёгіі 42.tut.by і многія іншыя.

З 2010 году пры офісе Sport.tut.by месьціцца «Галерэя Tut.by» — альтэрнатыўная гарадзкая пляцоўка для абмену ведамі, прэзэнтацый і выставак. За час існаваньня галерэя ня толькі дапамагла многім маладым мастакам рэалізаваць аўтарскія праекты, але і прытуліла культурныя і грамадзкія імпрэзы, якім з ідэалягічных меркаваньняў адмовілі іншыя пляцоўкі.

2018 год. Першы пагром Tut.by

У 2018 годзе Tut.by вырас да самага папулярнага парталу ў Беларусі, які чытаюць дзьве траціны жыхароў. Таксама партал мае самы папулярны пошукавік працы Rabota.by. У жніўні 2018 году сілавікі са Сьледчага камітэту прыйшлі ў офісы Tut.by і БелаПАН. Так пачалася гучная «справа БелТА» — нібыта журналісты і рэдактары парталаў карысталіся платнай падпіскай на навіны БелТА і не аплачвалі яе.

У справе абвінавацілі 9 журналістаў, у тым ліку галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву. Яна — адзіная, каго асудзілі па гэтай справе. Суд прысудзіў Марыне Золатавай штраф у памеры 7650 рублёў, а таксама пастанавіў спагнаць зь яе 6 тысяч рублёў на карысьць дзяржаўнага агенцтва БелТА за выдаткі на адвакатаў.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

2020 год. Шматлікія затрыманьні журналістаў

У жніўні 2020 году рэдактарка Tut.by Марына Золатава адзначала ўсплёск папулярнасьці парталу. Журналісты асьвятлялі акцыі пратэсту ў Менску і рэгіёнах. Журналістаў Tut.by затрымлівалі дзясяткі разоў. Журналістку Кацярыну Барысевіч асудзілі ў крымінальнай справе на паўгода. Менавіта яна дакумэнтальна даказала, што забіты ў Менску Раман Бандарэнка быў цьвярозы, калі на яго напалі невядомыя, хоць улады сьцьвярджалі адваротнае.

Міністэрства інфармацыі Беларусі з 1 кастрычніка пазбавіла Tut.by статусу СМІ. Парталу вынесьлі 4 пісьмовыя папярэджаньні «ў сувязі з парушэньнем артыкулаў 4 і 49 Закону аб СМІ». Пасьля гэтага журналісты Tut.by страцілі права асьвятляць вулічныя акцыі.

Партал Tut.by наведвае 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў за суткі. У партала 394 мільёна праглядаў старонак за апошні месяц. Для параўнаньня, у газэты Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ: Беларусь сегодня» — у 39 разоў меней. Чытачы парталу — гэта дзьве траціны карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі.

2021 год. Крымінальная справа, затрыманьні, блякаваньне

Раніцай 18 траўня да некалькіх рэдактараў Tut.by дадому прыйшлі сілавікі. Навіна пра гэта зьявілася на сайце парталу:

«Адразу некалькі рэдактараў Tut.by паведамляюць пра тое, што да іх прыйшлі супрацоўнікі ДФР. У тым ліку да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай. Акрамя таго, не адказваюць на званкі супрацоўнікі рэдакцыі, якія былі ў офісе».

Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Нібыта з 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».

Дзьверы ў менскі офіс інтэрнэт-выданьня зафарбаваныя альбо залепленыя поліэтыленам. Па стане на 11.50 сайт перастаў працаваць. Сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын паведаміў, што дамэн парталу заблякаваны. Адпаведна, карыстальнікі пошты на Mail.tut.by таксама ня могуць увайсьці ў свае электронныя скрыні.

Таксама сілавікі прыйшлі ў офіс Av.by — плятформы, з дапамогай якой прадаюць/купляюць машыны і запчасткі да іх, піша Onliner. Гэтае выданьне паведамляе і пра страту сувязі са сваім журналістам Аляксандрам Чарнухам, які паехаў да офіса Tut.by асьвятляць падзеі. Сувязь зь ім зьнікла ад 11 гадзіны.

Av.by аб’ядналася з Tut.by у адну плятформу яшчэ ў красавіку 2017 году, раней плятформа Юрыя Зісера мела ўласную старонку аўтамабільных абвестак — A.tut.by.

Зьявілася таксама інфармацыя, што на менскай вуліцы Ўманскай няма доступу ў офіс Rabota.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG