Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Маскве


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 22 красавіка сустрэўся з кіраўніком Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімірам Пуціным.

«Адносіны ў нас разьвіваюцца, разьвіваюцца пасьпяхова. Нягледзячы на пандэмію і пэўнае скарачэньне тавараабароту, усё ж амаль $ 30 млрд агульны аб’ём сёньня. Упэўнены, што ўсе адновіцца ў ранейшым абʼёме», — цытуе БЕЛТА заяву Ўладзіміра Пуціна перад сустрэчай.

Пуцін заявіў, што абодва бакі працягваюць працаваць над удасканаленьнем нарматыўнай базы па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, цытуе расейскага прэзыдэнта тэлеграм-канал «Пул первого»: «Так, сапраўды, і там трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць, але, тым ня менш, зроблена таксама нямала. Асабліва гэта тычыцца сацыяльнай сфэры. Нашы грамадзяне карыстаюцца роўнымі правамі ў сацыяльнай вобласьці: гэта пэнсійнае забесьпячэньне, працаўладкаваньне, ахова здароўя. Шмат пазытыўнага ўжо зроблена... Праца ў цэлым ідзе нядрэнна па ўсіх напрамках, каманды нашы працуюць вельмі эфэктыўна. Я маю на ўвазе і ўрадавую каманду, і каманды па лініі адміністрацый, і, як бачым цяпер, па лініі спэцыяльных службаў».

Таксама Пуцін сказаў, што Беларусь і Расея паглыбляюць узаемадзеяньне ў сфэрах вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва і забесьпячэньня бясьпекі «ў самым шырокім сэнсе гэтага слова».

БЕЛТА цытуе Аляксандра Лукашэнку: «Мы з вамі ў канцы мінулага году акрэсьлілі праграму нашых дзеяньняў. На канец мінулага году і на гэты год. Мы двойчы сустракаліся ў Сочы. Апошні раз дамовіліся, што сур'ёзна ў Менску папрацуюць нашы ўрады. Дзякую, Міхаіл Уладзіміравіч (расейскі прэм'ер Мішусьцін. – РС) прыехаў. Наогул, мы рухаемся сурʼёзна па саюзных праграмах. Памятаеце, з мапаў пачыналі. Вельмі сурʼёзныя праграмы. Напэўна, 26 ці 27 праграм мы ўжо ўзгаднілі на ўзроўні ўраду. Няшмат засталося. Тры вельмі сурʼёзныя праграмы эканамічнага характару. У тым ліку і падаткаабкладаньне. Так што я з вамі згодны. Мы паволі рухаемся, але ёсьць на злобу дня пытаньні, якія трэба ўзмацняць. У тым ліку і бясьпека, і абарона ў нашай саюзнай дзяржаве. Хоць спраўляемся і справімся».

Як паведаміў «Пул первого», перамовы цягнуліся 3 гадзіны 55 хвілін.


Будзе дапаўняцца.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у праграме візыту наступныя тэмы:

  • эканоміка і гандаль,
  • барацьба з пандэміяй COVID-19,
  • аднаўленьне транспартных зносінаў,
  • рэагаваньне на актуальныя выклікі і пагрозы,
  • сытуацыя ў рэгіёне,
  • саюзная тэматыка.

Папярэдні раз Лукашэнка сустракаўся з Пуціным роўна два месяцы таму — 22 лютага ў Сочы.

Паводле крыніц лідэра Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, вынікам сустрэчы могуць стаць:

  • паглыбленьне супрацоўніцтва ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны,
  • стварэньне расейскай вайсковай авіябазы ў Беларусі,
  • накіраваньне расейскага вайсковага кантынгенту,
  • падпісаньне «дарожных мапаў», адна зь якіх прадугледжвае ўвядзеньне расейскага рубля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG