Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За падтрымку Крамля Лукашэнка мусіць расплачвацца дзяржаўным сувэрэнітэтам


Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Сочы ў верасьні 2020 году

Тое, што трагіфарсу аб нібыта спробе дзяржаўнага перавароту Расея аддасьць такую ўвагу, сталася пэўнай нечаканасьцю.

Сьцісла:

  • Гісторыю пра дзяржпераварот у Беларусі Крэмль падняў на палітычную вышыню.
  • Масква выкарыстоўвае гэтую гісторыю, каб яшчэ больш дэманізаваць Захад.
  • Варта чакаць больш шчыльнага супрацоўніцтва двух рэжымаў на глебе барацьбы супраць Захаду і ўнутранай апазыцыі.
  • Павялічыцца ціск на Лукашэнку дзеля рэалізацыі праекту «прымушэньня да інтэграцыі».

Здавалася б, у зьвязку з тэлеролікам пра мяцеж, усё абмяжуецца прапагандысцкімі экзэрсісамі на расейскіх тэлеканалах ды адпаведнай заявай прэсавай службы ФСБ. Аднак не. Гэтую гісторыю Пуцін узгадаў у сваім пасланьні. Прычым сюжэт пра дзяржпераварот быў галоўным у замежнапалітычным разьдзеле пасланьня. То бок пытаньне паднятае на палітычную вышыню, Масква спрабуе раздуць з гэтага нікчэмнага эпізоду вялікую бурбалку. Можна прапанаваць некалькі тлумачэньняў такой увагі да згаданага інцыдэнту.

Скандал вакол мітычнага дзяржперавароту ў Беларусі здарыўся ў момант рэзкага абвастрэньня адносін Расеі з Захадам і Ўкраінай. І ў Крамлі зьявілася спакуса выкарыстаць гэтую гісторыю, каб яшчэ больш дэманізаваць Захад, ЗША ў вачах расейскага грамадзтва і тых колаў замежжа, якія вераць Пуціну і падтрымліваюць палітыку Масквы. А яшчэ для дыскрэдытацыі расейскай апазыцыі, бо, паводле ідэалягічнага канцэпту Пуціна, уся апазыцыя і ў Беларусі, і ў Расеі скача пад дудку Захаду.

Але, здаецца, у гэтай гісторыі Пуцін убачыў і нешта асабістае. Тое, што для аўтарытарнага лідэра апазыцыя дрэнная самім фактам свайго існаваньня, гэта зразумела. Бо яна ж прэтэндуе на ягоную ўладу. Але вось пляны замаху на жыцьцё валадара — гэта пераход чырвонай лініі. Пуцін прымераў гэтую сытуацыю на сябе. Бо тое, што дазволена ўладару (замах на забойства Навальнага), не дазволена апазыцыі. Адсюль такая рэакцыя.

Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія адносіны? Тут можна зрабіць некалькі высноваў.

Найперш, варта чакаць больш шчыльнага супрацоўніцтва двух рэжымаў на глебе барацьбы супраць Захаду і ўнутранай апазыцыі. Той ціск, які рабіўся на Лукашэнку з Масквы дзеля паскарэньня працэсу канстытуцыйнай рэформы і транзыту ўлады, цяпер рэзка аслабне, калі ўвогуле ня зьнікне. Ідэя перамоваў паміж Крамлём і апанэнтамі Лукашэнкі і дасюль была прывідная. Цяпер яна ўвогуле здымаецца з парадку дня. Як і пытаньне перамоваў паміж уладамі і апазыцыяй пад ціскам РФ.

Павялічыцца ціск на Лукашэнку дзеля рэалізацыі праекту «прымусу да інтэграцыі». Маўляў, адзіны паратунак ад спробы дзяжперавароту — гэта шчыльнейшае аб’яднаньне з Расеяй. Масква — адзіная абарона ўлады Лукашэнкі. Таму трэба хутчэй падпісваць «дарожныя мапы» аб уніфікацыі эканамічнага заканадаўства і эканамічнай палітыкі.

А ў авангардзе палітыкі інтэграцыі павінна ісьці вайсковае супрацоўніцтва. Расейская вайсковая база, расейскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі — вось гарантыя ад дзяржперавароту, які арганізоўваецца амэрыканскімі спэцслужбамі. Тут Лукашэнка можа трапіць у пастку, якую сам і стварыў.

Яшчэ адзін кірунак расейскага ціску на Беларусь у зьвязку з гэтым мітычным трылерам аб мяцяжы — гэта адмова ад палітыкі шматвэктарнасьці, нэўтралітэту, якую афіцыйны Менск спрабаваў праводзіць пасьля Крыму. Масква ставіць пытаньне рубам, не пакідаючы Лукашэнку выбару. Згадка пра ўкраінскіх нацыяналістаў у заяве ФСБ, якія нібыта былі датычныя да плянаў перавароту, — вельмі празрысты намёк. І Лукашэнка яго зразумеў, падхапіў і разьвіў. 20 красавіка Лукашэнка, падчас сустрэчы з дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яўгенам Шаўчэнкам, казаў, што ў канфлікце вакол Данбасу вінаватае ўкраінскае кіраўніцтва, а Пуцін мае рацыю. Нэўтралітэт застаўся далёка ўбаку.

Інакш кажучы, за падтрымку Крамля Лукашэнка мусіць расплачвацца дзяржаўным сувэрэнітэтам. Захаваньне ягонай улады з кожным днём будзе каштаваць Беларусі ўсё даражэй.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG