Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі пачалася з хатняй нарыхтоўкі Крамля


Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве, 22 красавіка 2021
Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве, 22 красавіка 2021

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пачаліся вельмі цікава. Традыцыйна падчас пратакольных здымак палітыкі ў прысутнасьці мэдыя кажуць банальныя рэчы пра жаданьне разьвіваць двухбаковыя адносіны. І ніколі журналісты не задаюць пытаньняў. Звычайна да журналістаў выходзяць пасьля перамоваў, ладзіцца кароткі брыфінг. І тое далёка не заўсёды.

Цяпер традыцыя была радыкальна парушаная. Расейскі журналіст раптам, насуперак усім пратаколам, вырашыў задаць пытаньне абодвум кіраўнікам. І тыя, як быццам бы так і належыць, пачалі адказваць. І, вось дзіва, тэлеканал «Россия» даў усё гэта ў эфір. Такая вытанчаная хатняя нарыхтоўка.

Пытаньні тычыліся дачыненьняў з Украінай. Зразумела, гэта быў сплянаваны крамлёўскі сцэнар. Яго сэнс палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку салідарызавацца з Пуціным у пытаньні расейска-ўкраінскіх дачыненьняў. І таму не было куды дзявацца. Прыехаўшы ў Маскву па чарговыя даброты, апынуўшыся перад тэлекамэрамі, ён проста ня меў выбару.

Ён падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся зь лідэрамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся прэзыдэнту Расеі на ўкраінскага кіраўніка («Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпляматычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага»). А потым западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць Менскія пагадненьні. Тым самым падтрымаўшы Расею ў яе канфлікце з Украінай. Што і патрабавалася.

Такім чынам, спачатку супольная апэрацыя КДБ і ФСБ супраць мітычных змоўшчыкаў спаліла масты ў адносінах Беларусі з ЗША, а разам з гэтым абрушыла і канструкт шматвэктарнасьці. А цяпер руйнуецца беларускі нэўтралітэт адносна расейска-ўкраінскага канфлікту. Ад былой пазыцыі Беларусі як мадэратара, пасярэдніка ў гэтым супрацьстаяньні застаецца ўсё менш. Усё гэта — плата за расейскую падтрымку Лукашэнкі. І, гледзячы па ўсім, цана гэтай падтрымкі ўзрастае.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG