Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заклікаў Ціханоўскую ўступіць на пасаду прэзыдэнта, каб не дапусьціць здачы Лукашэнкам сувэрэнітэту. ВІДЭА


Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка. Архіўнае фота

Павал Латушка зрабіў такую заяву ў інтэрвію Свабодзе.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка выступіў напярэдадні сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі з інфармацыяй пра шэраг дамоваў, якія будуць прынятыя, паводле ягоных крыніц: расейская вайсковая база, увод расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусь, дамова аб увядзеньні расейскага рубля.

Каб запабегчы страты незалежнасьці, Павал Латушка заклікаў Сьвятлану Ціханоўскую, як абранага народам лідэра, уступіць у пасаду прэзыдэнта Беларусі, правесьці інаўгурацыю, прымаць рашэньні як легітымны і дамоваздольны кіраўнік Беларусі.

Сьцісла

  • Інфармацыйная прапагандысцкая машына скарыстала сытуацыю з так званым тэрарыстычным актам, каб стварыць інфармацыйны фон для прыняцьця больш важных міжнародных, прававых рашэньняў.
  • Мы маем інфармацыю, што найбліжэйшым часам будзе разьмешчаная авіяцыйная база расейскіх вайскова-касьмічных сілаў на тэрыторыі Беларусі зь перадысьлякацыяй вайсковых самалётаў Расейскай Фэдэрацыі.
  • Таксама будзе прынята рашэньне аб накіраваньні ў Беларусь вайсковага кантынгенту ўзброеных сілаў Расеі.
  • Па нашых зьвестках, яны ўзгодненыя альбо нават ужо падпісаныя больш як на 90%. Гэта выш 30 дарожных мапаў, і 31 мапа можа быць датычная ўвядзеньня сумеснай валюты, гэта значыць расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі.
  • Мы павінны зьвярнуцца да Сьвятланы Ціханоўскай, каб яна ўступіла ў пасаду прэзыдэнта Беларусі, правяла інаўгурацыю ў якасьці прэзыдэнта краіны, стварыла ўрад Беларусі, разам зь якім яны будуць легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі.

«Пытаньне будзе тычыцца найперш пытаньняў вайсковага супрацоўніцтва і фінансава-эканамічнай сыстэмы»

— Наша размова адбываецца за некалькі гадзінаў да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі, напярэдадні якой прэзыдэнт Расеі падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу цалкам сур'ёзна гаварыў пра спробу так званага дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, які нібыта прадухіліла ФСБ супольна з КДБ Беларусі, абвінаваціў удзельнікаў змовы супраць Лукашэнкі ў падрыхтоўцы інтэнсіўнай кібэратакі на Беларусь і заявіў, што «спроба забойства прэзыдэнта Беларусі застаецца без адказу на Захадзе». У такім кантэксьце якія рашэньні могуць быць прынятыя сёньня?

— Мне падаецца, што ўся сытуацыя, зьвязаная з так званым тэрарыстычным актам ці дзяржаўным пераваротам, якая так гучна асьвятлялася ў Беларусі і Расеі, на жаль, гэта ўсё інфармацыйная прапагандысцкая машына, якая скарыстала яе, каб найперш стварыць інфармацыйнае поле, інфармацыйны фон для прыняцьця больш важных міжнародных, юрыдычных, прававых рашэньняў. Сёньня ёсьць даволі рэальная пагроза, што Беларусь будзе пастаўленая перад выбарам «дзякуючы» нелегітымнаму кіраўніку, і ў выніку гэтага выбару фактычна будзе ажыцьцяўляцца продаж сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны.

Я перакананы, што пытаньне будзе пра больш сьціслую інтэграцыю дзьвюх дзяржаваў, якая будзе тычыцца найперш пытаньняў вайсковага супрацоўніцтва і фінансава-эканамічнай сыстэмы. Мы павінны ўзяць пад увагу наступнае. Рашэньні, якія будуць сёньня прымацца, будуць прымацца нелегітымным прэзыдэнтам краіны, які ня мае ніякіх юрыдычных, міжнародных правоў, каб прымаць рашэньні ад імя Рэспублікі Беларусь і беларускага народу. Гэтыя рашэньні прымаюцца ў тайне, без прадастаўленьня зьвестак беларускаму грамадзтву, што ўжо зьяўляецца недапушчальна пры вырашэньні такіх прынцыпова важных, лёсавызначальных пытаньняў для будучыні нашай Беларусі.

Беручы гэта ўсё пад увагу, гледзячы на тое, што на сёньняшні дзень у беларускім грамадзтве ёсьць абсалютная большасьць людзей, якія ня згодная з палітыкай дзейнай нелегітымнай улады, усе гэтыя рашэньні ня маюць пад сабой ані сацыяльна-грамадзкай, ані юрыдычнай, ані міжнародна-прававой базы і ня могуць быць прызнаныя сапраўднымі.

«Склікаецца пасяджэньне Савету Фэдэрацыі, а ўвядзеньне войска Расеі на тэрыторыю іншай краіны павінна мець яго згоду»

—​Ці ёсьць у вас больш канкрэтная інфармацыя з вашых крыніц, пра тое, што там можа адбывацца?

З тых крыніц, з тых інсайдаў, якія даходзяць да нас, гэта будуць пытаньні, зьвязаныя з паглыбленьнем супрацоўніцтва ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны. Пра гэта заяўляў камандуючы сіламі супраць паветранай абароны і ваенна-паветраных сілаў Беларусі падчас апошняга візыту ў Маскву. Гэта не зьяўляецца таямніцай, пра гэта казаў начальнік Генэральнага штабу Міністэрства абароны Беларусі.

Наступная інфармацыя, якую мы маем, што найбліжэйшым часам будзе разьмешчаная авіяцыйная база расейскіх вайскова-касьмічных сілаў на тэрыторыі Беларусі зь перадысьлякацыяй вайсковых самалётаў Расейскай Фэдэрацыі. Найхутчэй гаворка можа ісьці пра горад Баранавічы. Таксама будзе прынята рашэньне аб накіраваньні ў Беларусь вайсковага кантынгенту ўзброеных сілаў Расеі.

Мне здаецца гэтая інфармацыя даволі рэальнай ці блізкай да сапраўднасьці, таму што на заўтра склікаецца пасяджэньне Савету Фэдэрацыі з ініцыятывы Пуціна. І ўвядзеньне войска Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю іншай краіны павінна мець згоду Савету Фэдэрацыі Расеі. Гэтае пытаньне будзе, хутчэй за ўсё, закранутае ў тым дэкрэце, які плянуецца падпісаць Лукашэнкам, пра які ён абвясьціў. Нашы крыніцы таксама пацьвярджаюць, што ў праекце гэтага дакумэнту значыцца гэты пункт.

Я б вельмі хацеў памыляцца. Я шчыра скажу, што калі гэтыя ўсе інсайды і спэкуляцыі не пацьвердзяцца, будзе вельмі добра, бо гэта адпавядае інтарэсам нашай краіны. Таму становіцца лягічна, чаму была праведзеная гэтая спэцапэрацыя КДБ і ФСБ па выкрыцьці «дзяржаўнага перавароту», дзеля таго, каб мець абгрунтаваньне.

Тое, што пазьней гэта суправаджалася і заявамі прэс-службы ФСБ Расеі, КДБ Беларусі, выказваньнямі Лукашэнкі, афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расеі Марыі Захаравай, заявамі падчас пасланьня Пуціна, гэта выглядае як інфармацыйная арт-падрыхтоўка перад прыняцьцем найбольш важных юрыдычных момантаў.

Таксама гаворка можа ісьці і пра падпісаньне дарожных мапаў. Мы таксама ведаем з публічных крыніц інфармацыі пра тое, што пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка заявіў, што дарожныя мапы мусяць быць падпісаныя ў красавіку бягучага году. Якраз заканчваецца красавік, і калі пасол не хлусіў, то яны і могуць быць падпісаныя. Па нашых зьвестках, яны ўзгодненыя альбо нават ужо падпісаныя больш як на 90%. Гэта выш 30 дарожных мапаў, і 31 мапа можа быць датычная ўвядзеньня сумеснай валюты, гэта значыць расейскага рубля на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Зноў жа хацеў бы вельмі памыляцца як грамадзянін Беларусі, як палітык, калі ўсё ня спраўдзіцца. Але тая інфармацыя, што ідзе да нас, і тая, што мае адкрыты характар, дае падставы рабіць высновы, што гэта можа быць у рэальнасьці. Ізноў праблема — пра што мы голасна крычалі, казалі, заяўлялі. Чаму Расейская Фэдэрацыя, чаму прадстаўнікі нелігітымнай улады Беларусі праводзяць перамовы, дамаўляюцца аб важных пытаньнях, датычных будучыні Беларусі, і беларускае грамадзтва аб гэтым не інфармуецца?

Тым больш калі з 5 лістапада Лукашэнка не прызнаецца прэзыдэнтам Беларусі больш як 47 краінамі сьвету. Значыць, ён ня можа падпісваць падобныя дакумэнты і яны ня будуць мець юрыдычнай сілы і наступстваў у будучыні для новых уладаў Беларусі.​

«На нашых вачах адбываецца разбурэньне беларускай дзяржаўнасьці»

— Калі вы не памыляецеся і інфармацыя з вашых крыніц адпавядае рэальнасьці, гэта азначае фактычна страту незалежнасьці Беларусі. Што рабіць у выпадку найгоршага сцэнару дэмакратычным сілам, грамадзянскай супольнасьці Беларусі?

— Нават калі гэтыя рашэньні будуць рэалізаваныя толькі часткова, гэта ўжо зьяўляецца частковай стратай сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі. Гэта пагроза ў будучыні для нашай дзяржавы. Зразумела, што заўтра расейскі рубель не зьявіцца на тэрыторыі Беларусі; магчыма, што і сёньня ўначы не прызямліцца вайсковая авіяцыя на нейкі аэрадром у Беларусі. Але калі гэтыя дакумэнты будуць прынятыя, значыць, гэта адбудзецца пасьлязаўтра, празь месяц, праз паўгода ці праз год. Крок за крокам мы будзем пазбаўляцца свайго сувэрэнітэту.

Зыходзячы з таго, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком дзяржавы і ня мае права прымаць такія рашэньні; зыходзячы з таго, што абраным лідэрам Беларусі зьяўляецца Сьвятлана Ціханоўская, і гэта прызнана шмат якімі краінамі, мы павінны зноў паставіць пытаньне і зьвярнуцца да Сьвятланы Ціханоўскай, каб яна ўступіла ў пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, правяла інаўгурацыю ў якасьці прэзыдэнта краіны, стварыла ўрад Беларусі, разам зь якім яны будуць легітымнымі прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь.

Зразумела, што рэалізацыя гэтых функцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе даволі абмежаваная, але гэта дае нам даволі важкі інструмэнт уплыву на міжнародны парадак дня падчас нашых размоваў зь міжнароднымі партнэрамі. Гэта дае нам магчымасьць блякаваць усе захады нелегітымнага рэжыму ў вырашэньні замежнапалітычных пытаньняў, і ў пэрспэктыве стварае магчымасьць вельмі хуткай і рэальнай перадачы ўлады беларускім народам менавіта легітымным прадстаўнікам Беларусі — прэзыдэнту і ўраду.

Мы мусім міжнароднымі палітычнымі захадамі весьці барацьбу за незалежнасьць нашай краіны. Я лічу, што такія падставы ў нас ёсьць, і яны вынікаюць з Будапэшцкага мэмарандуму, падпісаным шэрагам краінаў — ЗША, Вялікай Брытаніяй, Расеяй (на жаль, апэляваць да Расеі мы ўжо ня можам), і значыць, мы павінны зьвярнуцца да ЗША і Вялікай Брытаніі, каб яны ў рамках выкананьня Будапэшцкага мэмарандуму зрабілі захады для забесьпячэньня незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай краіны ўсімі магчымымі міжнароднымі палітычнымі крокамі.

На нашых вачах адбываецца разбурэньне беларускай дзяржаўнасьці, і гэта ня тое, што будзе падпісана сёньня ў Маскве, гэта тое, што робіць рэжым цягам дзесяцігодзьдзяў, асабліва відавочна гэта стала на працягу апошніх 8 месяцаў. Мы мусім паставіць заслону і бараніць беларускую дзяржаўнасьць. Зразумела, шмат будзе залежаць ад нас, ад беларусаў, наколькі мы будзем гатовыя выказаць свой пратэст, нязгоду са стратай Беларусьсю сваёй незалежнасьці і дамагацца, і дабівацца, каб легітымныя ўлады, легітымны прэзыдэнт пачалі кіраваць краінай.

Гэтае рашэньне шмат у чым залежыць ад лідэраў беларускага дэмакратычнага руху. Я лічу, што гэты падыход можа быць разгледжаны ў найбліжэйшыя дні і могуць быць прынятыя адпаведныя рашэньні.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася 11 верасьня 1982 году ў Мікашэвічах, з залатым мэдалём скончыла мясцовую школу. Вучылася на філялягічным факультэце Мазырскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «Замежныя мовы (ангельская і нямецкая)».

Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская.

Жыла ў Гомлі, працавала перакладчыцай у розных арганізацыях, у тым ліку тых, якія дапамагалі пацярпелым у выніку Чарнобыльскай катастрофы.

У шлюбе зь Сяргеем Ціханоўскім – блогерам і грамадзкім дзеячам. Выхоўваюць дваіх дзяцей.

Сяргей Ціханоўскі зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Аднак калі 15 траўня ЦВК рэгістравала ініцыятыўныя групы, то ён адбываў арышт. ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі на той падставе, што ў паперах не было подпісу заяўніка.

У той жа дзень Сьвятлана Ціханоўская прыняла рашэньне аб вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты, 19 траўня яе ініцыятыўную групу зарэгістравалі. А па выніках збору подпісаў выбарцаў 14 ліпеня Сьвятлану Ціханоўскую зарэгістравалі ў якасьці кандытаткі ў прэзыдэнты.

У гэты час Сяргей Ціханоўскі чарговым разам знаходзіўся пад арыштам, на яго завялі крымінальную справу. Яго і паплечнікаў праваабаронцы прызналі вязьнямі сумленьня.

Летась 16 ліпеня была дасягнутая дамоўленасьць пра аб’яднаньне штабу Сьвятланы Ціханоўскай са штабамі незарэгістраваных кандыдатаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, ад імя якіх выступілі Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала. Сьвятлана Ціханоўская пазыцыянавала сябе як пераходны кандыдат, паставіўшы галоўнай задачай у выпадку перамогі правядзеньне новых свабодных выбараў.
Аднак па выніках кампаніі ЦВК аб’явіла пра перамогу Аляксандра Лукашэнкі з падтрымкай звыш 80% выбарцаў.

10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская падала скаргу на шматлікія парушэньні заканадаўства. Аднак у кабінэце старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай яе чакалі прадстаўнікі дзяржорганаў. На наступны дзень стала вядома, што кандыдатку ў прэзыдэнты вымусілі зьехаць у Літву.

14 жніўня Ціханоўская ініцыявала стварэньне Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады ў Беларусі. У наступныя месяцы яна зрабіла шэраг візытаў у эўрапейскія краіны, выступіла на нефармальных слуханьнях Рады бясьпекі ААН.

Сьвятлана Ціханоўская ўвайшла ў сьпіс 100 найбольш натхняльных і ўплывовых жанчын сьвету-2020 паводле карпарацыі ВВС, трапіла ў топ-50 людзей мінулага году па версіі Bloomberg. Яна ляўрэатка прэмій імя Сахарава і Марціна Лютэра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG