Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская з пасламі ЗША, Літвы і Польшчы ўсклала кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля ў Вільні і наведала Базылянскія муры

абноўлена

Перад ускладаньнем кветак.
Перад ускладаньнем кветак.

Сьвятлана Ціханоўская разам з паслом ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім, паслом Літвы ў Беларусі Андрусам Пулокасам і трэцім сакратаром пасольства Ўкраіны Дзьмітрыем Сяровым усклала кветкі да помніка ахвярам чарнобыльскай катастрофы ў віленскім парку Сапегі.

«Чарнобыль — гэта трагедыя для нашых краін. Яна зьяднала нашы народы — каб мы памяталі пра Чарнобыль і больш ніколі не дапусьцілі такіх жахлівых памылак», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Пасьля парку Сапегаў Сьвятлана Ціханоўская з пасламі ЗША, Літвы і Польшчы, а таксама міністрам замежных спраў Літвы Мантасам Адаменасам наведалі Базылянскія муры і Вострую браму.

Яны зайшлі ў грэка-каталіцкую царкву Сьвятой Троіцы ў Базылянскіх мурах і наведалі кельлю Конрада, таксама вядомую як кельлю Адама Міцкевіча, дзе Адам Міцкевіч чакаў прысуду ў справе філяматаў і філярэтаў. Там ён сядзеў з выбітным беларуска-польска-літоўскім дзеячом Ігнатам Дамейкам.

«У гэтым месцы ў 1820-х такія героі, як Адам Міцкевіч, сядзелі ў гэтай вязьніцы ў чаканьні суду толькі за тое, што змагаліся за свабоду і незалежнасьць сваёй краіны. Міцкевічу тады было ўсяго 25 гадоў. І, заходзячы ў гэтую кельлю, я думала пра зусім юных дзяўчат і хлопцаў, якія ў гэты момант сядзяць у цесных і цёмных камэрах. Зараз сотні беларусаў знаходзяцца ў турме паводле палітычных матываў, і ўсе яны — нашы сучасныя героі. І мы павінны зрабіць усё, каб абараніць, вызваліць і рэабілітаваць іх», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Пасьля гэтага дэлегацыя ўсклала кветкі на ўваходзе ў беларускую гімназію, якая месьцілася тут напачатку ХХ ст., а таксама перад памятнымі шыльдамі Максіму Гарэцкаму і Натальлі Арсеньевай, аўтарцы гімну «Магутны Божа».

Потым яны запалілі зьнічы перад Вострай брамай, дзе захоўваецца абраз, які шануюць і каталікі, і праваслаўныя.

19 красавіка Ціханоўская ўжо сустракалася з Джулі Фішэр.

20 красавіка яна сустрэлася з амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім. Абмяркоўвалася

  • дапамога перасяленцам, рэпрэсаваным і зьмешчаным на рэабілітацыю беларусам,
  • пытаньне ціску рэжыму на польскую нацыянальную меншасьць у Беларусі,
  • падтрымка міжнароднай плятформы збору доказаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і расьсьледаваньні злачынстваў беларускага рэжыму ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі.

Ад кастрычніка 2020 году амбасадар Польшчы Артур Міхальскі працуе па-за межамі Беларусі ў сувязі з патрабаваньнем беларускіх уладаў скараціць колькасьць супрацоўнікаў польскіх і літоўскіх дыпляматычных установаў. У такой жа сытуацыі амбасадар Літвы Андрус Пулокас. Новая амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр таксама ня можа трапіць у Менск, бо ёй не даюць беларускай візы.

У пачатку красавіка Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі ўключыў Сьвятлану Ціханоўскую, чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Паўла Латушку, а таксама яшчэ 15 грамадзян у пералік арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.

20 красавіка Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Сярод іншага ён заклікаў прызнаць Каардынацыйную раду легітымным органам для ўдзелу ў дыялёгу пра мірную перадачу ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG