Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захапляюся маладымі. Яны дакладна не здадуцца». Цяжка пабіты пры затрыманьні архітэктар Дзьмітранок выйшаў на волю перад «хіміяй»


Вадзім Дзьмітранок у судзе, 2 сакавіка
Вадзім Дзьмітранок у судзе, 2 сакавіка

Менскага архітэктара Вадзіма Дзьмітранка асудзілі на 3 гады «хіміі» за «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Суд закончыўся 17 сакавіка, на выхадзе з жалезнай клеткі Вадзіма Дзьмітранка сустрэлі сваякі і сябры.

Дзьмітранок сказаў, што абавязкова абскардзіць прысуд, бо па інкрымінаваным яму артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу лічыць сябе невінаватым, а атрыманае пакараньне — несправядлівым.

«Магчыма, у іх страх»

Былы вязень патлумачыў: «Максымум, на што цягнуць мае дзеяньні, — гэта парушэньне артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу, ды і тое з нацяжкай. Бо дагэтуль лічу, што масавага мерапрыемства там не было, проста людзі на покліч сэрца прыйшлі да месца гібелі цудоўнага чалавека, каб аддаць яму даніну памяці. Хіба разьвітаньне з чалавекам можна лічыць масавым мерапрыемствам? Вядома, не».

Менчука затрымалі 15 лістапада пасьля падзей на «плошчы Перамен», месцы гібелі мастака Рамана Бандарэнкі. У апошнім слове на судзе Вадзім Дзьмітранок сказаў, што прыйсьці ў той дзень на вуліцу Чарвякова яго падштурхнуў грамадзянскі абавязак. Сёньня Вадзім называе і іншыя прычыны.

«Тут яшчэ і прафэсійная блізкасьць. Сам я архітэктар, а ён быў мастаком. Ствараў прыгажосьць, вучыў дзяцей любіць і тварыць — мне гэта блізка. Ад гэтых пачуцьцяў я таксама прыходзіў, каб ушанаваць яго памяць. Аказваецца, у нас было шмат агульных сяброў, знаёмых. Людзі ў натоўпе былі ўсе засмучаныя, і я не разумею, навошта было нас разганяць, тым больш закідваць гранатамі, хапаць і біць. Навошта яны гэта зрабілі? Можа, у іх нейкі страх», — не выключае Вадзім Дзьмітранок.

«Палічылі тэрарыстам і пачалі біць»

15 лістапада ў вечаровых навінах на дзяржаўнай тэлевізіі быў паказаны сюжэт пра затрыманьне на «плошчы Перамен» пратэстоўца, у заплечніку якога знайшлі самаробны дручок, дымавыя шашкі і пэтарды. У сюжэце Вадзім Дзьмітранок прызнае, што гэта ягоны заплечнік ды кажа, што «адназначна» вінаваты. Пры гэтым у затрыманага твар мокры, вочы прыплюшчаныя, а гаворыць ён зь цяжкасьцю.

Цяпер Вадзім расказаў, што на момант здымкі быў ня толькі моцна пабіты, але і пацярпеў ад сьлезацечнага газу з балёнчыка.

«Палічылі тэрарыстам і пачалі біць яшчэ ў бусе, там жа пырснулі газам. Потым кудысьці прывезьлі, выцягнулі з буса і зноў білі. Нават ня памятаю, дзе і калі рабілі тое відэа — нічога ня бачыў. Прасіў мэдыка на дапамогу, але спачатку загадалі адказваць на пытаньні. Маўляў, адкажаш — і будзе табе «хуткая» ды паедзеш адсюль. «Хуткую» ўрэшце выклікаў дзяжурны адвакат, а ўжо праз тры дні, калі ляжаў у лякарні, абвясьцілі, што адтуль пайду не дамоў, а паводле крымінальнага артыкулу ў ізалятар. Сядзеў то ў СІЗА Жодзіна, то на «Валадарцы», — успамінае Вадзім Дзьмітранок.

Паводле мэдычных дакумэнтаў, агучаных на ягоным працэсе, 15 лістапада пасьля затрыманьня ў яго выявілі чэрапна-мазгавую траўму і шматлікія гематомы ды абдзірыны на галаве і тулаве, ён траціў прытомнасьць, была пашкоджаная нырка. Былы вязень яшчэ зь СІЗА падаваў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, але выніку гэта не дало. У судзе прагучаў адказ правяральнікаў: «Складу злачынства ў дзеяньнях міліцыянтаў няма».

Захапляўся стайкболам

Наяўнасьць у заплечніку дымавых шашак і пэтардаў Вадзім Дзьмітранок патлумачыў у судзе тым, што займаецца страйкболам (гульня з імітацыяй сапраўднага бою), а самаробны дручок і рагатку знайшоў на вуліцы ў пакеце. У заплечніку гэтыя рэчы апынуліся выпадкова, сказаў абвінавачаны. Сьледзтва ў гэтыя тлумачэньні Дзьмітранка ад пачатку ня верыла, яму інкрымінавалі таксама выраб халоднай зброі ды падрыхтоўку да масавых беспарадкаў, але доказаў так і не прадставілі. А пасьля таго, як сьведка з боку абароны пацьвердзіў у судзе тое, што Дзьмітранок захапляўся страйкболам, пракуратура сама адмовілася ад усіх абвінавачаньняў, якія выстаўляла архітэктару, акрамя 342-га артыкулу.

Нягледзячы на параўнальна «мяккі» прысуд, думкі пра беларускую судовую сыстэму ў Вадзіма Дзьмітранка не зьмяніліся.

«Дакладна ведаў, што не апраўдаюць. Каб быў незалежны суд, яшчэ можна чакаць прысуду па справядлівасьці, але пры гэтай сыстэме прызначэньня судзьдзяў такое немагчыма. І ўсе суды над палітычнымі так праходзяць — чаго просіць пракурор, тое і даюць, выключэньні вельмі рэдкія», — зазначыў Вадзім Дзьмітронак.

На ягоным працэсе гэтак і адбылося — прысуд адпавядаў таму, што прасіў пракурор: 3 гады «хіміі». Думку абаронцы, якая даказвала, што падсуднага трэба апраўдаць, суд не падзяліў.

Куды накіруюць для адбыцьця пакараньня Вадзіма Дзьмітранка, калі прысуд пасьля абскарджаньня набудзе моц, ён ня ведае. Увогуле толькі прыблізна ведае, што такое «хімія».

«Ведаю, што пасадзяць пад замок у які інтэрнат, загадаюць хадзіць на нейкую працу, але якую, не ўяўляю. Ня думаю, што змагу нешта атрымаць як архітэктар ці дызайнэр. Марнаваньне часу будзе», — перакананы асуджаны Дзьмітранок.

«Першы ліст атрымаў праз паўтара месяца»

Чатыры месяцы Вадзім Дзьмітранок правеў у СІЗА Жодзіна і Менску (на вуліцы Валадарскага). Найперш наракае на турэмную цэнзуру, празь якую першыя паўтара месяца не атрымліваў аніякіх лістоў, а пра самі парадкі ў вязьніцах выказваецца стрымана, «каб не нашкодзіць сукамэрнікам».

«Было цяжка: турма ёсьць турма. Пра вартаўнікоў агульна магу сказаць, што і сярод іх ёсьць нармальныя людзі, зь якімі нават можна пагаварыць. Проста ў іх праца такая і яны яе мусяць выконваць. «Сядзець» дапамагаюць кнігі. На «Валадарцы» лепшая бібліятэка і кніг больш, і ў добрым стане. У Жодзіне зашмат старых, жоўтая зацёртая папера, чытаць было цяжка, тым больш з маімі пашкоджанымі пасьля затрыманьня вачамі. Пра сукамэрнікаў пэрсанальна ня буду гаварыць, каб ім не адгукнулася, але скажу, што сустрэў шмат разумных і таленавітых людзей. І асабліва захапляюся маладымі. Ашаламляльныя, яны дакладна не здадуцца».

Камэнтаваць сытуацыю ў краіне, зьмены, што адбыліся за час, праведзены за кратамі, былы вязень ня стаў.

«Яшчэ трэба разабрацца. На першы погляд дык нічога асабліва не зьмянілася. Але час пакажа», — кажа Вадзім Дзьмітранок.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG