Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 17 сакавіка — тры гады «хіміі» для зьбітага пры затрыманьні архітэктара

абноўлена

Асуджаны Вадзім Дзмітронак падчас аператыўнай здымкі з залітымі газам вачыма. Скрыншот зь відэа.

Працягваюцца суды над палітвязьнямі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

Архітэктара Дзьмітранка асудзілі на 3 гады «хіміі»

У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы на 3 гады «хіміі» асудзілі архітэктара Вадзіма Дзьмітранка, якога абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

На працэсе замянялі пракурора: замест Арцёма Цьвяткова на баку абвінавачваньня выступаў Іван Процкі. Ён зьняў шэраг артыкулаў, якія інкрымінавалі архітэктару, пакінуўшы толькі арт. 342, па якім запатрабаваў для падсуднага 3 гады «хіміі», з чым пагадзілася і судзьдзя Тацяна Акавітая.

Дзьмітранка адпусьцілі з-пад варты ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах на час абскарджваньня прысуду.

Вадзіма Дзьмітранка затрымалі 15 лістапада непадалёк ад «плошчы Перамен», на вуліцы Чарвякова. У той дзень у Менску праходзіў «Марш сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі. На наступны дзень пасьля затрыманьня па БТ паказалі сюжэт «На мірны пратэст зь нямірным арсэналам», дзе паказалі моцна пабітага Дзьмітранка з разьбітымі вуснамі і заплюшчанымі вачыма.

Паводле БТ, у заплечніку затрыманага былі дымавая шашка, рагатка, мэталічныя шарыкі для яе, самаробны дручок, балаклава.

З РУУСа Дзьмітранка забрала хуткая дапамога. Ён доўга праходзіў лячэньне ў аддзяленьні спалучанай траўмы шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы, сінякі, разьбіты твар. Пасьля шпіталя яго трымалі ў Жодзіне, напярэдадні суду перавезьлі ў Менск.

Суд над пратэстоўцамі, якія адбіліся ад АМАПу

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 17 сакавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да чатырох жыхароў сталіцы — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Ўладзімера Кацкеля, паведамляе «Вясна».

Іх абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, але ўсіх чатырох — у гвалце альбо пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Таксама ставяць у віну арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), а аднаго — і ў наўмысным зьнішчэньні альбо пашкоджаньні маёмасьці (арт. 218).

Справу разглядае судзьдзя Юлія Блізьнюк. Дзяржабвінаваўца — пракурор Вікторыя Таратыка.

Падзеі адбываліся пасьля 17 гадзіны 11 кастрычніка 2020 году: у час разгону «Маршу гонару» каля станцыі мэтро «Пушкінская» падсудныя, як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі зь імі ў бойку, нанесьлі некалькі ўдараў па галовах і разьбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Суд над дзяўчынай, якую катавалі на Акрэсьціна

Суд над Аляксандрай Патрасаевай перанесьлі на 25 сакавіка, пасяджэньне прызначылі на 10:30.

Аляксандра Патрасаева ў судзе.
Аляксандра Патрасаева ў судзе.

Сёньня адбылася замена дзяржаўнага абвінаваўцы. Замест Фёдара Сініцкага бок абвінавачаньня цяпер будзе прадстаўляць памочнік пракурора Раман Бізюк.

Памочнік пракурора Раман Бізюк
Памочнік пракурора Раман Бізюк
На судзе над Аляксандрай Патрасаевай
На судзе над Аляксандрай Патрасаевай

Аляксандру абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Справу вядзе судзьдзя Вольга Малашэнка. Магчыма, 25 сакавіка агучаць прысуд.

Аляксандра Патрасаева віны не прызнала, патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў тэлеграм-каналах. Прачытала, што людзям патрэбна мэдычная дапамога, паехала пасьля працы, каб дапамагаць.

Першы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жніўня, тры дні яна была ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе зазнала катаваньні: біцьцё, зьнявагі, абразы, пагрозы згвалціць. Яе прымушалі разьдзявацца, станавіцца на расьцяжку і пры гэтым бесьперапынна білі, прычым рабіла гэта жанчына. Затым адпусьцілі. У дзяўчыны былі моцна траўмаваныя зьвязкі, лекары наклалі гіпс.

У час суду над Аляксандрай Патрасаевай
У час суду над Аляксандрай Патрасаевай

Сьледчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай пра катаваньні на Акрэсьціна.

Справу супраць удзельнікаў чату кіроўцаў накіравалі ў суд

Cьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да адміністратараў і актыўных удзельнікаў тэлеграм-каналу «Водители 97%» і чатаў з падобнымі назвамі. Мужчыну і жанчын — фігурантаў справы затрымалі восеньню. У ходзе допытаў яны растлумачылі, што былі незадаволеныя ходам выбарчай кампаніі.

Ім прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК Беларусі. Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Траіх абвінавачаных заключылі пад варту, яшчэ адна жанчына на свабодзе, але пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

Матэрыялы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Артыкул дапаўняецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG