Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запрасіў для зьбітага пры затрыманьні архітэктара тры гады «хіміі»

абноўлена

Вадзім Дзмітронак падчас аператыўнай здымкі з залітымі газам вачыма. Скрыншот з відэа.
Вадзім Дзмітронак падчас аператыўнай здымкі з залітымі газам вачыма. Скрыншот з відэа.

У Цэнтральным раённым судзе Менску падышоў да завяршэньня працэс над менскім архітэктарам Вадзімам Дзьмітранком. Яго затрымалі 15 лістапада паблізу «Плошчы перамен» з заплечнікам, у якім нібыта знайшлі самаробны дручок, рагатку, дымавыя шашкі і пэтарды.

На відэа, паказаным у той жа дзень па БТ, Дзьмітранок казаў, што прыяжджаў на плошчу, каб «падтрымаць пратэстоўцаў», і «адназначна» раскайваўся ва ўчыненым. Пазьней сваякі Вадзіма Дзьмітранка расказалі, што пасьля затрыманьня ён быў жорстка зьбіты і мусіў прызнаць віну, каб атрымаць мэдычную дапамогу.

Працэс над Вадзімам Дзьмітранком пачаўся ў студзені, але быў спынены з прычыны каранавірусу. Архітэктару выставілі абвінавачаньне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, яму пагражала некалькі гадоў зьняволеньня.

15 сакавіка падчас судовых спрэчак пракурор запатрабаваў для падсуднага 3 гады «хіміі», зьняўшы зь яго абвінавачаньні ў вырабе халоднай зброі ды спробе падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў. Цяпер Дзьмітранка вінавацяць толькі паводле 1 часткі 342 артыкула (дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак).

Раней Вадзіма Дзьмітранка абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 296 – «Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі»;
  • ч. 1 арт. 342 – «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады»;
  • арт. 14 – «Спроба злачынства»;
  • ч. 2 арт. 293 – «Удзел у масавых беспарадках».

Вадзіма Дзьмітранка затрымалі 15 лістапада непадалёк ад «плошчы Перамен», на вуліцы Чарвякова. У той дзень у Менску праходзіў «Марш сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі. На наступны дзень пасьля затрыманьня па БТ паказалі сюжэт «На мірны пратэст зь нямірным арсэналам», дзе паказалі моцна пабітага Дзьмітранка, з разьбітымі вуснамі і заплюшчанымі вачыма.

Паводле БТ, у заплечніку затрыманага былі дымавая шашка, рагатка, мэталічныя шарыкі для яе, самаробны дручок, балаклава.

З РУУСа Дзьмітранка забрала хуткая дапамога. Ён доўга праходзіў лячэньне ў аддзяленьні спалучанай траўмы шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы, сінякі, разьбіты твар. Пасьля шпіталя яго трымалі ў Жодзіне, напярэдадні суду перавезьлі ў Менск.

«Выехалі на патруляваньне гораду». Пра што расказаў «Іван Іваноў» з ГУБАЗіКа?

Перад спрэчкамі суд заслухаў сьведку Івана Іванова, чыё сапраўднае прозьвішча, зь меркаваньняў «забесьпячэньня бясьпекі», ведаюць толькі сьледзтва і судзьдзя. На працэс сьведка прыйшоў у чорнай шапцы зь дзяржаўным сьцяжком і ў балаклаве. Апрануты міліцыянт быў у чорную куртку з надпісам «спецназ» і чорныя штаны. Іван Іваноў назваўся апэратыўным супрацоўнікам ГУБАЗіКа — Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў.

Свае паказаньні Іваноў пачаў з таго, што 15 лістапада ён з калегамі «выехаў на патруляваньне гораду», а праз пэўны час ім быў дадзены загад прыехаць на вуліцу Чарвякова, да дому № 62, дзе «праходзіў несанкцыянаваны мітынг». Там, на «плошчы Перамен», паводле сьведкі Іванова, ён і ўбачыў падсуднага Вадзіма Дзьмітранка. Запомніў яго па чорнай барадзе, бачыў на ім заплечнік і куртку цёмна-зялёнага колеру. Дзьмітранок, паводле сьведкі, кідаў камень у бок шэрагу міліцыянтаў, дзе ў цэнтры стаяў і ён, ды заклікаў іншых мітынгоўцаў «наступаць» на тых, каго называў «лукашыстамі».

«Прыехалі ў калёне аўтамабіляў»

Сьведка Іван Іваноў падчас допыту паведаміў некаторыя дэталі, датычныя дзеяньняў ГУБАЗіКа падчас леташніх падзей. Паводле сьведкі, на падобныя «патруляваньні» супрацоўнікаў управы, чыя асноўная функцыя палягае ў змаганьні з крымінальнікамі і карупцыянэрамі, выклікалі рэгулярна.

«Пасьля выбараў спачатку ўсе дні запар, а потым па ўсіх выходных», — сказаў Іван Іваноў.

15 лістапада да «плошчы Перамен» яны выяжджалі калёнай зь некалькіх аўтамабіляў. У іх ёсьць «шэры, чырвоны, сіні і зялёны», паведаміў сьведка. Напружаная праца па выходных, паводле сьведкі, мела вынікам і тое, што некаторыя падрабязнасьці затрыманьняў ён мог забыць ці пераблытаць. А яшчэ ён «нядаўна» жыве ў Менску і недастаткова добра арыентуецца ў вуліцах, таму мог сказаць на сьледзтве, што Дзьмітранка затрымалі на Арлоўскай вуліцы, хоць насамрэч — у дварах бульвара Шаўчэнкі.

Абарона Вадзіма Дзьмітранка зьвярнула ўвагу суду на іншыя недакладнасьці ў паказаньнях сьведкі Івана Іванова. На сьледзтве і ў судзе той па-рознаму вызначаў колер курткі Дзьмітранка, хоць нібыта яго затрымліваў. Таксама абарона лічыць, што сьведка, насуперак паказаньням, ня мог бачыць чорнай барады Дзьмітранка, бо падчас сходу на «плошчы Перамен» той насіў гэтак званую «трубу» — шалік, які закрывае ніжнюю палову твару і шыю. Таксама істотнай абарона лічыць памылку ў больш як 2 гадзіны адносна часу затрыманьня падсуднага.

І самае галоўнае — сьледзтва, паводле абароны, не прадставіла ніякіх доказаў таго, што Вадзім Дзьмітранок вырабіў дручок, які нібыта зьбіраўся выкарыстаць як халодную зброю. А таксама, што ён плянаваў ужываць знойдзеныя ў яго дымавыя шашкі і пэтарды супраць міліцыянтаў.

Абарона Дзьмітранка настойвае, што шашкі і пэтарды, знойдзеныя ў заплечніку Дзьмітранка, набываліся для гульняў у страйкбол, якім даўно захапляецца падсудны. На «плошчы Перамен» Дзьмітранок знаходзіўся з 13 гадзіны, але так і не скарыстаў супраць міліцыянтаў нічога забароненага, у тым ліку і тады, калі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўжывалі супраць натоўпу сьвятлашумавыя гранаты. Прадстаўнік абвінавачваньня заняў тую ж пазыцыю: доказаў віны Дзьмітранка па 296-м артыкуле («Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі») і 293 артыкуле («Удзел у масавых беспарадках») не прадстаўлена.

«Прабачэньня прашу толькі ў сям’і і калег»

Апошняе слова Вадзіма Дзьмітранка істотна адрозьнівалася ад таго, што ў лістападзе паказала дзяржаўная тэлевізія. Дзьмітранок сказаў, што яму няма за што прызнаваць віну, хіба што паводле Адміністрацыйнага кодэксу за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Але і тут ягоная віна пад пытаньнем. Бо 15 лістапада на «плошчы Перамен», як лічыць Дзьмітранок, быў ня мітынг, а «людзі сабраліся стыхійна, каб ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі». Асабісты ўдзел у гэтым Вадзім Дзьмітранок назваў «сваім грамадзянскім абавязкам». За турботы, якія даставіў родным і сябрам, Дзьмітранок папрасіў у іх прабачэньня і падзякаваў за падтрымку.

Пра тое, што пры затрыманьні яго вельмі жорстка зьбілі, падсудны ў апошнім слове не згадаў. Раней суд агучыў дадзеныя пра траўмы, атрыманыя Дзьмітранком пасьля затрыманьня. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджаная нырка, ён атрымаў шматлікія гематомы і абдзірыны, траціў прытомнасьць, ляжаў у рэанімацыі. Калі сьведку Івана Іванова з ГУБАЗіКа запыталі пра паходжаньне гэтых траўмаў Дзьмітранка, той адказаў, што ня бачыў, хто яго зьбіваў. Суд агучыў зьвесткі з гарадзкой управы міліцыі аб немагчымасьці прадставіць відэа падзей, якія адбываліся зь Дзьмітранком пасьля затрыманьня.

Пракурор папрасіў прызначыць Вадзіму Дзьмітранку пакараньне ў выглядзе 3 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд Вадзіму Дзьмітранку будзе агучаны 17 сакавіка а 15 гадзіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG