Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над архітэктарам Дзьмітранком прыпынілі. У ягонай камэры каранавірус


Вадзім Дзмітранок падчас апэратыўнай здымкі з залітымі газам вачыма. Скрыншот зь відэа
Вадзім Дзмітранок падчас апэратыўнай здымкі з залітымі газам вачыма. Скрыншот зь відэа

У камэры СІЗА № 1 Менску, куды на час суду перавялі Вадзіма Дзьмітранка з Жодзіна, выявілі чалавека з каранавірусам. Таму ўсе сукамэрнікі цяпер знаходзіцца на карантыне.

Пра гэта на пачатку працэсу абвясьціла судзьдзя Тацяна Акавітая.

Без падсуднага працэс весьці немагчыма, заявіла адвакатка Дзьмітранка. Пасьля паседжаньня яна расказала, што ў сераду бачылася са сваім падабаронным на Валадарцы, ён адчувае сябе нармальна, не захварэў, аднак у камэры абвешчаны карантын.

Дзьмітранка абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулах.

Першае судовае паседжаньне адбылося 12 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Дзяржаўнае абвінавачаньне прадстаўляў памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Менску Арцём Цвяткоў, аднак у чацьвер на працэс прыйшоў іншы пракурор, па прозьвішчы Нічыпарук.

Сьведкам быў Аляксандар Котаў, супрацоўнік ГУБАЗІК, ён сьведчыў у балаклаве і шапцы. Другі сьведка ў суд не зьявіўся.

Вадзіма Дзьмітранка абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 296 — «Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі»;
  • ч. 1 арт. 342 — «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады»;
  • арт. 14 — «Замах на злачынства»;
  • ч. 2 арт. 293 — «Удзел у масавых беспарадках».

Архітэктар на першым паседжаньні віну прызнаў часткова
Вадзім Дзьмітранок прызнаў толькі тое, што прысутнічаў у месцы, дзе яго затрымалі. Але масавага мерапрыемства там не было. Усе астатнія абвінавачваньні Дзьмітранок зьняпраўдзіў.

Жонка Вадзіма Вольга, пабачыўшы яго на першым судовым паседжаньні, вельмі занепакоеная станам здароўя мужа.

«Вадзім пастаянна трымаўся за левы бок, у яго праблемы з сэрцам. Пасьля зьбіцьця пры затрыманьні і пастарунку ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Калі я яго пабачыла ў інвалідным вазку ў шпіталі, у яго была вельмі моцна апухлая галава. Мяркую, што гэта наступствы жорсткага абыходжаньня пры затрыманьні і ў пастарунку», — расказала Вольга Дзьмітранок.

Меркавалася, што 14 студзеня адбудзецца допыт абвінавачанага.

Вадзіма Дзьмітранка затрымалі 15 лістапада непадалёк ад «плошчы Перамен», на вуліцы Чарвякова. У той дзень у Менску праходзіў «Марш сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі. На наступны дзень пасьля затрыманьня па БТ паказалі сюжэт «На мірны пратэст зь нямірным арсэналам», дзе паказалі моцна пабітага Дзьмітранка, з разьбітымі вуснамі і заплюшчанымі вачыма.

Паводле БТ, у заплечніку затрыманага былі дымавая шашка, рагатка, мэталічныя шарыкі для яе, самаробны дручок, балаклава.

З РУУСа Дзьмітранка забрала хуткая дапамога. Мужчына доўга праходзіў лячэньне ў аддзяленьні спалучанай траўмы шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы, сінякі, разьбіты твар. Пасьля шпіталя яго трымалі ў Жодзіне, напярэдадні суду перавезьлі ў Менск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG