Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не гатовая жыць у Паўночнай Карэі». Актывістка «Страны для жизни» Вольга Паўлава пра карцар і галадоўку


Вольга Паўлава
Вольга Паўлава

Палітзьняволеная Вольга Паўлава абскардзіла ў Менскі гарадзкі суд вынесены ёй прысуд у тры гады хатняй «хіміі». У якіх умовах давядзецца адбываць пакараньне, яна пакуль ня ведае.

У чым абвінавацілі Вольгу Паўлаву

19 лютага Ленінскі суд Менску прысудзіў 32-гадовай Вользе Паўлавай тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч.1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд вынесла судзьдзя Ленінскага суду Менску Марына Запасьнік.

Пры адбыцьці пакараньня жанчыне будзе залічана знаходжаньне пад вартай з 18 лістапада па 19 лютага (адзін дзень прыраўноўваюць да двух дзён абмежаваньня волі).

Вольгу вызвалілі з-пад варты ў залі суду, цяпер яна пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Паводле выраку, Вольга 1 лістапада на несанкцыянаванай акцыі «публічна выкрыквала лёзунгі, падымала рукі ўгору», не рэагавала на патрабаваньні амапаўцаў і разам зь іншымі перашкаджала руху транспарту.

Вольга Паўлава адмовілася даваць паказаньні і не выказвалася аб абвінавачаньні.

Падчас ператрусу ў яе знайшлі два сьцягі з надпісам «Страна для жизни. Уручье» і «Страна для жизни». Іх суд пастанавіў зьнішчыць.

Хто такая Вольга Паўлава

Вольга мае вышэйшую мэдычную адукацыю, працавала галоўным касмэтыкам на прадпрыемстве «Беліта», мае 6-гадовага сына. Калі заўважыла канал Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», шмат глядзела і чытала пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і захацела далучыцца да каманды Сьвятланы Ціханоўскай, зьбірала за яе подпісы.

«Проста паўстаў выбар: альбо ты ўдзельнічаеш, альбо працягваеш жыць як жыў. Я выбрала ўдзельнічаць. Працу заўсёды можна знайсьці, а другую краіну — не, краіна адна», — кажа Вольга.

Цяпер Вольга як рамесьнік займаецца флярыстыкай. Таксама яна дапамагае зьбіраць перадачы для палітзьняволеных, асабліва для тых, хто ня мае магчымасьці атрымаць іх ад сваякоў.«Пабыўшы там, па той бок, я разумею, наколькі гэта важна», — кажа яна.

Падчас пратэстаў Вольгу Паўлаву затрымлівалі чатыры разы. 9 жніўня яе параніла сьвятлашумавой гранатай каля стэлы.

«Дагэтуль застаўся сьлед ад аскепкавага раненьня. Калі людзей закідвалі гранатамі, мне таксама прыляцела. Тады гэта быў стан шоку».

Яна кажа, што пасьля ўсяго перажытага мае глыбокую псыхатраўму.

«Цяпер я зьбіраю дакумэнты на шпіталізацыю ў аддзяленьні нэўрозаў, бо ў мяне панічныя атакі, посттраўматычны сындром. Трэба лячыцца, паціху выходзіць з гэтага стану».

«З супрацоўнікамі хунты я вітацца не зьбіраюся»

Апошні раз Вольгу затрымалі 15 лістапада на «плошчы Пераменаў», куды яна прыйшла, каб запаліць зьніч, і завялі на яе крымінальную справу. Зь Менску яе этапавалі ў турму № 8 у Жодзіне.

Вольга Паўлава 2 сьнежня трапіла ў карцар за тое, што адмовілася вітацца з ахоўнікамі.

«Яны асобы службовыя, а я грамадзянская, таму яны абавязаны былі вітацца. Паколькі я іх не паважаю, то вітацца зь імі не зьбіралася. Хаця ў астатнім я выконвала ўсё, што патрабавалася. Іх пачало проста рваць, яны крычалі, што я абавязана. Я папрасіла паказаць закон ці правілы, што я абавязаная. А паколькі я не абавязаная, то гэты выбар застаецца за мной. На мяне склалі рапарт, у якім я патлумачыла, што ў нас у краіне не манархія, а рэспубліка. І з супрацоўнікамі хунты я вітацца не зьбіраюся. Я думаю, ім было весела паглядзець, ці буду я вітацца з начальнікам, мо спалохаюся, але гэтага не адбылося».

Вольга спачатку атрымала 7 сутак карцару, потым яшчэ 5 і яшчэ, усяго 17.

Як выглядае карцар у Жодзіне

Вольга рысуе карцар
Вольга рысуе карцар

Паводле Вольгі, яе карцар № 111 — гэта невялікае памяшканьне. Яна яго замярала крокамі, гэта прыкладна 1,5 мэтра ў шырыню на 2,5 у даўжыню, з дрэннай вэнтыляцыяй.

«Гэта цокальны, падвальны паверх. Там маленькае акенца з мэталічнымі кратамі і „расьнічкамі“, якое практычна не прапускае сьвятла. Хаця дзённае і начное сьвятло гарыць 24 гадзіны на суткі.

У цэнтры памяшканьня знаходзіцца крэсла, забэтанаванае ў падлогу. Прычым бэтон заліты нейкімі хвалямі і ўпадзінамі. Крэсла мэталічнае, у цэнтры драўлянае, але паколькі яно вельмі маленькае, то, як ні садзіся, усё роўна будзеш сядзець на мэтале.

Там ёсьць ракавіна, прыступка і туалет, як на вакзале. Насупраць прыбіральні вісіць відэакамэра. Нары на дзень падымаюць да сьцяны, і атрымліваецца невялікі столік з падножкі. На ім зьмяшчаецца толькі талерка і кубак. На ноч дастаюць мэталёвую палку, і тады ложак адкідваецца ад сьцяны і абапіраецца краем на крэсла.

Перад дзьвярыма ўсталяваныя мэталічныя краты, якія замыкаюцца на замок. У мэталічных дзьвярах, якія маюць некалькі засавак, ёсьць акно, празь якое ты нічога ня бачыш, але цябе бачаць усе».

Нары ў карцары раскладаюцца ўвечары.

«Прыходзяць ахоўнікі з сабакамі без наморднікаў, дастаюць мэталічны штыр, нары падаюць. Адчыняюць дзьверы, ты выходзіш у падсобнае памяшканьне, забіраеш матрац і вяртаесься».

Вольга кажа, што сядзець на мэталічным крэсьле ў карцэры было нязручна.

«Я казала начальніку турмы, што гэта дрэнная ідэя трымаць жанчыну ў карцэры, дзе толькі халодная вада з-пад крана і мэталічнае крэсла. Ён сказаў, маўляў, усё аднолькава. Я садзілася на гумавыя тапкі на бэтоннай падлозе».

У карцэр з камэры дазваляюць узяць толькі бялізну, шкарпэткі, выдаюць адмысловыя штаны, камізэльку, гумавыя тапкі; можна ўзяць туалетную паперу, мыла, зубную шчотку і пасту. Вользе таксама дазволілі ўзяць акуляры. Паперу для пісьма і ручку ўзяць у карцэр не дазваляецца, таксама там няма магчымасьці чытаць кнігі, няма радыё. У карцэры толькі халодная вада, кіпяцільніка няма, перадачы атрымаць немагчыма.

«У карцары нічога нельга, там рэжым цішыні. Перагаворвацца з вязьнямі ў суседніх памяшканьнях забаронена. Хаця, калі нехта чхае ў суседняй камэры, то гэта добра чуваць. Усе сядзяць і маўчаць. Там у мэню недастатковая колькасьць клятчаткі, таму, калі няма перадач, амаль усе пакутуюць ад запораў, — кажа Вольга. — У камэрах вялізная колькасьць тараканаў, апроч карцара. Але ў карцары ёсьць мышы. Я аднойчы так спалохалася, крычала і адразу пачала стукаць у дзьверы. Гэта было так нечакана», — кажа Вольга.

Вольга Паўлава з сынам, сямейны архіў
Вольга Паўлава з сынам, сямейны архіў

Нейкіх надпісаў на сьценах карцара яна ня бачыла, але са сьцен асыпаецца тынкоўка. Распарадкам дня прадугледжана пяціразовае прыбіраньне камэры.

«Карцэр — гэта пекла на зямлі. Папраўдзе, калі маеш кепскае ўяўленьне, то там можна звар’яцець. Ты проста выратоўваесься тым, што нешта ўяўляеш, — кажа Вольга, — Штодня ты маеш гадзіну прагулкі. Усё роўна цябе выводзяць адну, даюць шапку-аблавух, целагрэйку і заводзяць у дворык на аднаго. Гэта таксама невялікае бэтоннае памяшканьне, ня большае за камэру, зьверху краты і лавачка. Пакуль гуляеш, там чуваць радыё».

Галадоўка ў карцэры

За нібыта знойдзены пыл на ложку Вользе дадалі яшчэ пяць сутак карцару. Яна аб’явіла галадоўку, якая працягвалася 10 дзён, і напісала ў заяве, што начальнік турмы перавышаў службовыя паўнамоцтвы.

«За гэты час прыехаў адвакат, а я не магла да яго выйсьці ад слабасьці. Гаспадарчы работнік данёс мяне да адваката, — кажа Вольга, — Я нават акуляры не магла надзець, бо ў мяне адразу кружылася галава і я падала. І ў гэтыя дні я проста ляжала на бэтоннай падлозе. Мяне нават спрабавалі паставіць на ўлік па суіцыду, маўляў, тое, што я абвясьціла галадоўку — гэта схільнасьць да суіцыду. Я сказала, што ў мяне схільнасьць да справядлівасьці. У мяне ў карцары празь дзень рабілі шмон. Мяне нават папярэджвалі, што праз 14 дзён могуць пачаць карміць гвалтам».

Цяпер Вольга Паўлава займаецца флярыстыкай
Цяпер Вольга Паўлава займаецца флярыстыкай

У карцар Вольгу накіравалі, нягледзячы на тое, што яна папярэдзіла супрацоўнікаў турмы, што пакутуе ад панічных атак і кляўстрафобіі.

«У мяне гэта ўсё пачалося пасьля жніўня, калі я трапіла ў ЦІП на Акрэсьціна. Псыхічная траўма была атрыманая там падчас катаваньняў, калі нас было 36 чалавек у камэры, мы задыхаліся і на нас вылілі два вядры вады, — кажа Вольга. — І калі я трапіла ў карцар, у маленькае, душнае памяшканьне, мозг вярнуўся ў жнівень, калі мы ўсе задыхаліся. Гэта паніка, страх сьмерці, моцная тахікардыя, арытмія. Ты ня можаш выйсьці, і ты задыхаесься».

Пасьля галадоўкі Вольга трапіла ў санчастку.

Што Вольга думае цяпер пра будучыню, пра краіну, пра ўсю сытуацыю?

«Мы станем вольнымі, калі возьмем на сябе частку калектыўнай адказнасьці. Бо цяперашняя сыстэма не жыцьцяздольная ад пачатку, — кажа Вольга. — Мне будзе вельмі шкада, калі ўсё так і застанецца. Але я не гатовая жыць у Паўночнай Карэі і не гатовая ахвяраваць сваім адзіным дзіцем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG