Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На разьвітаньне мы з сынам абняліся», — маці Рамана Бандарэнкі. ВІДЭА


18 лютага Генпракуратура паведаміла, што па факце гібелі Рамана Бандарэнкі нарэшце завялі крымінальную справу​. Напярэдадні, калі пра гэта яшчэ не было вядома, мы пагаварылі з маці загінулага менчука Аленай Бандарэнка, якая расказала пра апошнюю сустрэчу з сынам.

Напярэдадні суду над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным Алена Бандарэнка расказала, што робіць для таго, каб трапіць на гэты судовы працэс і чаму лічыць важнай сваю прысутнасьць на ім.

Таксама Алена ўзгадала, як яе сын праходзіў псыхалягічны тэст для працы ў спэцназе, як адбылася яе апошняя сустрэча з сынам за некалькі гадзін да нападу да яго, і чаму ён быў радасны і натхнёны падчас яе.

2 сьнежня Алену Бандарэнку дапыталі ў Генпракуратуры, і падпісаны ёю пратакол ёсьць у матэрыялах расьсьледаваньня сьмерці Рамана. Пасьля таго допыту сьледчы папрасіў яе прыйсьці на допыт ужо ў справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна 8 сьнежня, аднак за дзень да яго Алене перадалі праз адваката, што нікуды ісьці ўжо ня трэба.

Суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага а 10-й раніцы. Працэс будзе праходзіць у Доме правасудзьдзя. Іх абвінавачваюць у «выдаваньні мэдычнай тайны, што прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана не было алькаголю. Родныя Бандарэнкі да журналісткі і доктара ня маюць ніякіх прэтэнзій. Лукашэнка публічна казаў, што Раман Бандарэнка нібыта быў п’яны.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG