Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта неабвержныя доказы гвалтоўнай сьмерці»,— сястра Рамана Бандарэнкі пра расьсьледаваньне BYPOL


Вольга Кучарэнка, стрыечная сятра загінулага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада 2020 году, расказала, як адрэагавала на апублікаванае расьсьледаваньне BYPOL.

У расьсьледаваньні называюцца прозьвішчы сілавікоў, якія знаходзіліся ў той вечар на плошчы Пераменаў у Менску, і публікуецца выпіска зь іх тэлефонных білінгаў.

Таксама згадваецца пра іншых публічных асобаў са сфэры спорту і тэлевізіі, што маглі быць удзельнікамі або сьведкамі тых падзей, якія скончыліся пабіцьцём, выкраданьнем і сьмерцю мастака Рамана Бандарэнкі. Паведамляецца зьмест перамоваў паміж Цэнтральным РРУС Менску, куды актывіста даставілі ў непрытомнасьці, і хуткай дапамогай.

«Прысутнасьць некаторых стала нечаканасьцю»

Вольга Кучарэнка паведаміла Свабодзе, што азнаёмілася з гэтым дасьледаваньнем.

«Канечне, само расьсьледаваньне — вялікая навіна і для мяне, і для ўсёй справы. Штосьці з апублікаванага часткова нам было вядома — даходзілі чуткі, нехта паведамляў. Шмат у якіх нюансах пацьвердзіліся ўласныя здагадкі. Але самае галоўнае, чаго я чакала, — пабачыць твары зь месца злачынства. Прысутнасьць некаторых стала нечаканасьцю».

Яна называе эмоцыі «вельмі зьмяшанымі»: «Палову, відаць, яшчэ не асэнсавала. Прынамсі пакуль чытала, былі дрыжыкі па ўсім целе».

«Як можна такое ня браць пад увагу?»

Паводле суразмоўцы, цяпер сям’я Рамана Бандарэнкі чакае рэакцыі з боку Генпракуратуры, бо «ёсьць проста неабвержныя доказы таго, што сьмерць была гвалтоўнай».

«І калі яны самі ня ў стане гэта распазнаць, то мусяць зрабіць пэўныя крокі, каб пачаць крымінальную справу і больш сур’ёзнае расьсьледаваньне ў адносінах да канкрэтных асобаў. Яны названыя, іх прабілі па геалякацыі, усё супадае», — кажа Вольга Кучарэнка.

Па словах сястры нябожчыка, зыходзячы нават з мэдычнай даведкі відавочна, што сьмерць гвалтоўная.

«Як можна такое ня браць пад увагу? — задаецца яна пытаньнем. — Гэта выглядае як плявок у твар усяму беларускаму народу. Так ці інакш, здарэньне набыло значны рэзананс, многія людзі гібель Рамана ўспрынялі як асабістую страту. І працягваць казаць, што ён быў п’яны ці зваліўся і ўдарыўся аб нешта галавой — проста сьмешна. Я не кампэтэнтны орган, каб штосьці ацэньваць, але нават на відэа бачна, як зь яго зьдзекаваліся».

Яна нагадала, што мама Рамана, калі была ў лякарні, размаўляла з мэдыкамі, якія давалі ацэнку пабоям, ударам.

«Быў страшны ацёк мозгу, які фактычна выходзіў за межы чарапной каробкі, трэба было рабіць трэпанацыю. Я не кажу, што ёсьць сьведкі, якія ўсё бачылі на ўласныя вочы. Проста дзіўная ўпартасьць — не пачынаць крымінальную справу», — кажа Вольга Кучарэнка.

У расьсьледаваньні BYPOL прыводзіць

  • запісы званкоў у міліцыю і зь міліцыі,
  • геалякацыі тэлефонаў людзей, магчыма, датычных да гібелі Бандарэнкі,
  • пералік выклікаў, тэлефонных нумароў і часу размоваў гэтых людзей,
  • запіс размовы лекараў са сваякамі Бандарэнкі, якія расказвалі пра траўмы Рамана Бандарэнкі.
  • Пры дапамозе гэтых зьвестак сьледчыя BYPOL аднавілі храналёгію падзей і назвалі імёны людзей, уцягнутых у іх.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG