Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па факце гібелі Рамана Бандарэнкі завялі крымінальную справу, праз 100 дзён пасьля сьмерці

абноўлена

Пра гэта паведаміла Генпракуратура. Гэта здарылася больш чым праз тры месяцы пасьля пабіцьця актывіста, ад якога ён памёр у менскім шпіталі хуткай дапамогі 12 лістапада 2020 году.

Паводле Генпракуратуры, справа заведзеная «па факце наўмыснага прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула па неасцярожнасьці сьмерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча».

«Датычнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычыненьня Бандарэнку Р. І. цялесных пашкоджаньняў ня выяўленая», — адзначана ў паведамленьні.

«Спадзяюся, хутка мы даведаемся, што адбылося 11 лістапада», — сястра Рамана Бандарэнкі

Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі паведаміла Свабодзе, што сёньняшнюю сустрэчу маці Рамана Бандарэнкі ў Генпракуратуры перанесьлі на наступны тыдзень. Прычына — стан здароўя Алены Бандарэнкі. Пра пачатак крымінальнай справы ёй паведамілі праз тэлефон.

Вольга Кучарэнка, архіўнае фота
Вольга Кучарэнка, архіўнае фота

«Прайшло больш за тры месяцы з моманту сьмерці майго брата. І вось нарэшце сёньня зьявілася паведамленьне, што ўзбуджаная крымінальная справа. У нейкай ступені я насьцярожаная, бо не разумею, чаму гэта не было зроблена раней.

Зь іншага боку, я ў пэўным сэнсе радая, бо справа пачне рухацца, пачнуць шукаць, дапытваць тых, хто зрабіў гэта з маім братам. Спадзяюся, што далей справа пойдзе хутчэй.

Таксама мы маем вялікі спадзеў, што маму Рамана прызнаюць пацярпелай у межах крымінальнай справы — і, адпаведна, яна будзе мець доступ да экспэртыз і тонкасьцяў праверкі, якая праводзілася, паводле Генпракуратуры, усе гэтыя месяцы.

Спадзяюся, што расьследаваньне будзе талковым і мы ўсе даведаемся, што ж здарылася 11 лістапада 2020 году з маім баратам Раманам Бандарэнкам», — сказала Вольга Кучарэнка.

Напярэдадні Алена Бандарэнка дала інтэрвію Радыё Свабода.

19 лютага пачнецца суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Іх абвінавачваюць у «выдаваньні мэдычнай тайны, што прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана не было алькаголю. Родныя Бандарэнкі да журналісткі і доктара ня маюць ніякіх прэтэнзій. Лукашэнка публічна казаў, што Раман Бандарэнка быў п’яны. Працэс будзе праходзіць у Доме правасудзьдзя.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG