Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маша была ня з тых музыкаў, хто па-за палітыкай», — украінскі флейтыст і аднакашнік Калесьнікавай


Амадэй Ротбарт і Алена Дзімітрава
Амадэй Ротбарт і Алена Дзімітрава

Флейтысты Амадэй Ротбарт і Алена Дзімітрава адыгралі каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне вулічны канцэрт у падтрымку зьняволенай Марыі Калесьнікавай і на знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі беларусамі.

Музыканты-сужэнцы зладзілі тры імправізаваныя аддзяленьні — перапынак рабілі, толькі каб сагрэцца.

Амадэй больш як 20 гадоў жыў у Беларусі, скончыў музычны ліцэй і Беларускую акадэмію музыкі, у якой вучыўся з Марыяй Калесьнікавай. Як ляўрэат міжнародных конкурсаў ён быў стыпэндыятам прэзыдэнцкага фонду для таленавітай моладзі. Але пасьля двух гадоў адпрацоўкі па разьмеркаваньні вырашыў вярнуцца ва Ўкраіну, дзе ён нарадзіўся.

Цяпер разам з жонкай Аленай Дзімітравай Амадэй выступае ў дуэце Heaven, а таксама супрацоўнічае з украінскім рок-гуртам «Кам’яний гість».

Пра сваё навучаньне ў Менску, Марыю Калесьнікаву і сваё стаўленьне да падзей у Беларусі Амадэй Ротбарт расказаў у інтэрвію Свабодзе.

Пра пераезд у Менск і назад ва Ўкраіну

Амадэй Ротбарт кажа, што ў Менск ён пераехаў амаль адразу пасьля нараджэньня ва Ўкраіне. Ягоныя бацькі, атрымаўшы ў адным з адэскіх інстытутаў спэцыяльнасьць інжынэраў, трапілі ў беларускую сталіцу па разьмеркаваньні. У Менску ён скончыў спачатку музычны ліцэй пры Акадэміі музыкі, потым і саму акадэмію.

Амадэй Ротбард
Амадэй Ротбард

«Бясплатную адукацыю я адпрацоўваў спачатку ў школе, потым у вучэльні, а пасьля мае бацькі вырашылі вярнуцца. Мой бацька спрабаваў займацца ў Беларусі прадпрымальніцтвам, але ня выйшла, прадалі кватэру, і я апынуўся перад выбарам. Заставацца зусім аднаму ў Беларусі мне не хацелася. І я зьехаў ва Ўкраіну».

Музыкант дадаў, што ня бачыў для сябе і асаблівай пэрспэктывы ў Беларусі, нягледзячы на тое, што быў ляўрэатам міжнародных конкурсаў і стыпэндыятам прэзыдэнцкага фонду.

«Верагодна, я мог бы ўладкавацца ў любы аркестар, але я ня бачыў будучыні для мары, якую заўсёды выношваў. Я хацеў ня толькі падняць свой узровень выкананьня на флейце, але літаральна лекаваць душы людзей музыкай, падтрымліваць іх у цяжкія моманты і натхняць. Узровень разьвіцьця культуры ў Беларусі мяне не натхняў, і я разумеў, да чаго вядзе ўлада дыктатара, які такую музыку ніколі ня слухае».

«Маша — надзвычайна пазытыўны чалавек»

Амадэй кажа, што ўпершыню пабачыў Марыю Калесьнікаву, калі прыйшоў у музычную вучэльню на іспыты сваёй сястры. Пазьней яны сустрэліся ўжо ў Акадэміі музыкі.

«Маша паступіла ў акадэмію да майго пэдагога па флейце і стала граць у нашым ансамблі флейтыстаў "Сірынкс". Мы часта езьдзілі на гастролі, у тым ліку ў Нямеччыну, і былі сябрамі. Была агульная кампанія, адзначалі сьвяты ўсе за адным сталом. Галоўная адметнасьць Машы — яна надзвычай пазытыўны чалавек, заўсёды сьмяялася, была жыцьцярадаснай і жыцьцялюбнай. Я ў прынцыпе ніколі ня бачыў яе ў прыгнечана-жалобным стане».

Але пры гэтым, дадае Амадэй, заўсёды адчувалася і дакладная грамадзянская пазыцыя Калесьнікавай. Ён мяркуе, што навучаньне і жыцьцё ў Нямеччыне асабліва паўплывала на яе жаданьне быць карыснай сваёй краіне.

«Маша вярнулася і ўжо займалася рознымі культурнымі праектамі, залучала заходніх інвэстараў. Гэта было цікава, але я на той момант ужо знаходзіўся ва Ўкраіне. Я проста бачыў, як яна зьмянілася, стала дарослай і самастойнай. Звычайна музыканты кажуць, што яны па-за палітыкай, але Маша была не з такіх. Мне нават здаецца, што калі яна пайшла гэтым шляхам, то пачала па-сапраўднаму сябе рэалізоўваць».

Амадэй Ротбарт і Алена Дзімітрава
Амадэй Ротбарт і Алена Дзімітрава

Амадэй кажа, што калі б цяпер была магчымасьць сустрэцца з Марыяй Калесьнікавай, то найперш ён хацеў бы яе моцна абняць.

«Тое, што я адчуваю, нельга перадаць ніякімі словамі. Мяне захлістваюць перажываньні за ейны лёс, за тое, што яна пазбаўленая свабоды. І апошняя навіна, што ёй забаранілі чытаць кнігі, мяне вельмі глыбока параніла. Па сутнасьці, зь яе зьдзекуюцца».

Паводле музыкі, «катаваньне — гэта, напэўна, найбольш жахлівае з таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі».

«Ламаюць асобу, і такім людзям потым можа быць вельмі цяжка выбірацца з гэтага стану і спраўляцца з траўмамі. Таму я больш хвалююся, каб Маша засталася ў сваёй пазытыўнай настроенасьці, верыла, спадзявалася, каб да яе заўсёды прыходзілі лісты з падтрымкай і каб яна разумела, што мы ўсе перажываем і змагаемся за яе і верым у тое, што праўда і дабро перамогуць у гэтай трагічнай гісторыі», — кажа Амадэй Ротбарт.

Пра канцэрт пад амбасадай

Ідэя правесьці канцэрт пад беларускай амбасадай у Кіеве ўзьнікла выпадкова. Упершыню да дыпляматычнай установы Беларусі Амадэй прыйшоў, калі пачуў, што беларусы ладзяць 24-гадзінную варту каля стыхійна створанага мэмарыялу загінулага Рамана Бандарэнкі.

«Я прыйшоў і спрабаваў хоць нечым дапамагчы. Прывезьці ежу, напрыклад. Сказаў, што музыкант, але цяпер не зарабляю, бо карантын, і магу сыграць для людзей сваю музыку, бо мой стыль — гэта, хутчэй, музыкатэрапія. Я проста разумеў, што людзям вельмі цяжка стаяць на холадзе суткамі. Потым яны прапанавалі арганізаваць канцэрт, каб такім чынам перадаць Машы прывітаньне. Я спадзяюся, што яна калі-небудзь даведаецца, што я граў у тым ліку і для яе».

Амадэй прызнаўся, што задаволены тым, як прайшоў канцэрт каля амбасады.

«Мы з жонкай Аленай гарэлі гэтай ідэяй, хацелі падтрымаць сваіх любімых беларусаў. Мы адыгралі амаль 2,5 гадзіны, па сутнасьці, тры аддзяленьні, хоць надвор’е было на рэдкасьць лютае для вулічнага выкананьня. Я быў рады падтрымаць беларусаў, пазнаёміцца з тымі, хто пацярпеў, і пачуць іхныя сапраўдныя гісторыі. Гэта жахліва — калі нехта з бацькоў трапіўся, то адразу зьяўляюцца органы апекі і пагражаюць забраць дзяцей, каб нанесьці яшчэ большую шкоду чалавеку, крымінальная адказнасьць за надпісы на асфальце...


Выступ дуэта Heaven каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне, 1 сьнежня. Кіеў

Амадэй кажа, што супрацоўнікі беларускай амбасады аніяк не адрэагавалі на іхны трохгадзінны выступ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG