Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада моцна баіцца творчых людзей». Што кажуць паэты, якія выступаюць у дварах


Паэтка Ганна Комар падчас вулічнага выступленьня

Паэты расказалі пра цікавыя і небясьпечныя сытуацыі ў дварах і паразважалі, чаму прыхільнікі цяперашняй улады ня ладзяць такіх вечарын.

«Наша паўстаньне, спробы нашай рэвалюцыі, відавочна праходзяць пад знакам культуры»

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч пачаў выступаць пазьней, чым яму хацелася, бо ўвесь верасень праляжаў на самаізаляцыі праз хваробу. Затое з 1 кастрычніка актыўна гастралюе: выступы былі амаль кожны дзень. Цяпер прапановы таксама ёсьць, але яны зрабіліся больш асьцярожнымі.

«У прапановах зьявіліся фразы: „Калі вы лічыце патрэбным“, „Калі ня страшна“... У дзень масавых арыштаў, калі затрымалі поўны склад „Рэха“, Аракельяна, я проста напісаў, што з гэтай нагоды ў мяне адна заява: „Шаноўныя арганізатары дваровых актыўнасьцяў, пішыце, калі ласка, зьвяртайцеся да мяне“. І таму зваротаў зноў зрабілася болей», — кажа Андрэй Хадановіч.

Паэт прызнаецца, што страшна бывае толькі падчас збораў на канцэрт. А калі ўжо ўвайшоў у кантакт з публікай, то не зьвяртае на гэта ўвагі, і страх можа быць адзіны: прамазаць міма акорда, узяць фальшывую ноту, прачытаць штосьці ня тое. Зваротная рэакцыя надае сілаў, і думкі занятыя выключна артыстычным выступам. Але ўсё ж небясьпечных момантаў вельмі шмат.

«Было некалькі разоў, калі міліцыя зьяўлялася проста пасярод канцэрту. Арганізатары абступілі мяне, схавалі разам з гітарай і чахлом, уключылі тую ж самую песьню, якую я граў, з калёнкі, і зрабілі выгляд, што слухаюць музыку і п’юць гарбату. Прапанавалі смачныя дранікі людзям у форме. Тыя памяліся, адмовіліся і сышлі. А пасьля, вычакаўшы нейкі час, мы зрабілі другую частку канцэрту».

Часам побач з дваровым канцэртам зьяўляюцца міліцэйскія бусікі. «І такое адчуваньне, што вось ты зараз спынісься і, як казаў сёньняшні клясык: пабяжыш не трушком, а на ўсю моц! Але да ўцёкаў не даходзіла».

Арганізатары дваровых імпрэзаў, кажа Андрэй, заўсёды стараліся падставіць плячо, дапамагчы, пільнавалі бясьпеку паэта, укладвалі шмат душэўных сіл і цеплыні ў сустрэчы. Таксама вельмі ўражвае, зазначае паэт, падрыхтаванасьць: тэнт, каб схавацца ад дажджу, добрая тэхніка, а часам і гукарэжысэр працаваў у палявых умовах.

«Вельмі ўражвае і калі прастора ў двары афармляецца лямпачкамі, гірляндамі, стужачкамі зразумелых колераў, зь якімі потым дворнікі і іншыя сілы змагаюцца. Яно надае пэўных сіл і стварае адчуваньне ўтульнасьці, сьвяточнасьці, душэўнасьці, — кажа паэт. — Часам гэта выглядае, быццам Каляды ўжо надышлі і ты сябе адчуваеш такім Сьвятым Мікалаем у сьвяточнай атмасфэры, толькі замест падарункаў у цябе кніжкі, гітара альбо тэксты, якія ты проста ў народ нясеш і раздаеш, каб людзі падпявалі разам з табою пратэставым песьням».

Эмацыйны кантакт, цёплыя адчуваньні, моцная падтрымка — нічога не зьмянілася нават у трывожныя, рэпрэсіўныя часы.

«Калі сьпяваю песьню „Муры“, дапусьцім, уключаецца такі дадатковы фактар падтрымкі, як імправізаваныя сьвечкі — агеньчыкі ліхтарыкаў мабільных тэлефонаў, — гэта таксама падтрымлівае, робіць усё больш урачыстым».

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Паэт упэўнены, што фармат такіх сустрэч будзе рэагаваць на тэмпэратуру, на сьнег. Кажа, што ўжо цяпер дваровыя суполкі шукаюць, якой тут даць рады, але падрабязнасьцяў дзеля бясьпекі не раскрывае.

«Мне б хацелася, каб пасьля перамогі, у якую я веру і ў якой амаль не сумняюся, каб мы запомнілі наш гэты стан салідарнасьці, наш стан эмацыйнага ўзбуджэньня і неабыякавасьці. Наша паўстаньне, спробы нашай рэвалюцыі відавочна праходзяць пад знакам культуры. Пад знакам лекцый, песень, паэзіі, пад знакам інтэлектуальных размоваў, — кажа паэт. — Нашы апанэнты, каб не ўжываць брутальнага слова „ворагі“, гэтай культуры пазбаўленыя. А ў нас — гэта зброя, яна нас вылучае. Гэтаксама як сымболіка нацыянальная вярнулася, як беларуская мова, якой паболела ў 2020 годзе на хвалі пратэсту, як культура зрабілася зноў нейкім знакам якасьці, які вылучае чалавека кожнага паасобку і ўсіх разам».

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

«Шчыра сказала, што мне страшна і на руцэ пад сьпісам вершаў запісаны тэлефон адваката»

Дар'я Бялькевіч
Дар'я Бялькевіч

Паэтка Дар’я Бялькевіч пасьпела выступіць два разы: у «Шахматным дворыку» і ў дворыку на Залатой Горцы на тым самым тыдні, калі затрымлівалі артыстаў і вывозілі проста з канцэртаў. Цяпер, кажа Дар’я, ёсьць прапановы запісаць вершы для онлайн-канцэртаў, а ўжывую выступіць пасьля масавых затрыманьняў не запрашалі.

«Калі зьявяцца прапановы, буду глядзець па сытуацыі, але, імаверней за ўсё, пагаджуся. Бо калі ўжо баяцца вершы ў дварах чытаць і сядзець па норах, то потым нам трэба будзе санкцыянаваць жарты на кухні і выхады з дому».

Дар'я Бялькевіч
Дар'я Бялькевіч

Даша прызнаецца, што на першым выступе было страшна, перад пачаткам моцна нэрвавалася, увесь час азіралася, бо раён быў зусім незнаёмы.

«Калі выйшла да мікрафона і шчыра сказала, што мне страшна і што на руце пад сьпісам вершаў запісаны тэлефон адваката, мне стала лягчэй ад гэтага прызнаньня. Другі раз я ўжо ня так баялася, і хоць на тыдні затрымлівалі музыкаў, я не адмовілася ад таго выступу. Была думка: калі забяруць, значыць, забяруць. Хоць вершаў пачытаю. Бо насамрэч вельмі сумую па жывых імпрэзах, якіх падчас каранавірусу амаль няма (што, канечне, правільна)».

Пасьля выступу людзі падыходзілі і хвалілі розныя вершы. Па адчуваньнях паэткі, большасьць была ўражаная вершам «Званок Беларусі», на які нядаўна гурт «Дрымон» зрабіў песьню. А таксама вершам «Сьвятое прышэсьце», заснаваным на рэальных падзеях 2017 году, калі бацюшка ў адным правінцыйным горадзе казаў прыхаджанам, што мітынгі і пратэсты — гэта д’ябальскія справы.

Дар’я прызнаецца, што было страшна, калі затрымалі паэта Паўла Горбача, які пасьля адбываў 15 сутак у Магілёве. Паэтка думала, што прыйдуць і па яе, але кажа, што да затрыманьня ўсё адно псыхалягічна не падрыхтуесься, а стан пагрозы становіцца рутынай.

«Я думаю, што ўлада моцна баіцца творчых людзей, раз сілавікі пайшлі ў двары разганяць канцэрты на 20–50 чалавек і затрымліваць музыкаў. Але яны па-ранейшаму недаацэньваюць сілу культуры і мастацтва, і на дадзены момант я рада гэтаму факту, — кажа Дар’я. — Лякальныя „дзьвіжы“ паказваюць людзям, якія не задумваліся пра нашую культуру, не цікавіліся ёю, што ў нас ёсьць свае крутыя музыкі, паэты, акторы, мастакі, дызайнэры. І што яны робяць сваю справу якасна і прыгожа. Гісторыя — гэта цагліны, культура — гэта цэмэнт, і толькі на такім фундамэнце можа вырасьці моцная нацыя».

Паэтка лічыць, што ў прыхільнікаў цяперашняй улады не выходзяць такія ж дваровыя імпрэзы, бо іх артысты выступаюць выключна на дзяржаўным тэлебачаньні і мерапрыемствах, на якія вялікая частка квіткоў раздаецца прафсаюзамі. Дар’я кажа, што так вядзецца здаўна — два віды культуры існуюць паралельна.

«У незалежнага беларускага мастацтва ёсьць сапраўдныя прыхільнікі, якія ходзяць на канцэрты, камэнтуюць кліпы, дзеляцца творчасьцю артыстаў і шчыра імі захапляюцца, — тлумачыць паэтка. — І на дадзены момант шмат праўладных артыстаў „зашкварыліся“ ў сваіх сацсетках, падтрымаўшы аўтапрабегі „За Беларусь!“, выказаўшы ляяльнасьць да Лукашэнкі ці проста прамаўчаўшы. Мяркую, самі жыхары мікрараёнаў не хацелі б мець справу з мастацтвам такіх творцаў».

«Такое яднаньне суседзяў у дварах было хіба ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя»

Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў

Паэт і музыка Віталь Рыжкоў выступаў разам зь іншымі паэтамі напрыканцы кастрычніка. Тады, кажа Віталь, затрыманьні выступоўцаў не ператварыліся ў дзікае паляваньне.

«Скажу шчыра, мне гэта было важна ня столькі як творцу, а як чалавеку, бо цікавая сама зьява. Я чуў, што такое яднаньне суседзяў у дварах было хіба ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, задоўга да майго нараджэньня, таму хацелася адчуць, што адбываецца цяпер».

Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў

Ён мяркуе, што галоўнае ў такім выступе — сам факт знаёмства творцаў зь людзьмі.

«Здаецца, хтосьці быў папросту зьдзіўлены фактам, што ў сучаснай Беларусі існуюць маладыя людзі, якія пішуць вершы па-беларуску. Спадабалася мая творчасьць ці не, я, калі шчыра, не цікавіўся, але слухалі ўважліва», — кажа паэт.

Падчас выступу адчуваньня небясьпекі не было, кажа Віталь.

«Усе небясьпечныя моманты са мной адбываліся ў іншыя дні. Зрэшты, страх як быццам у нейкі момант зьнік. Думаць пра магчымую небясьпеку ня столькі страшна, колькі, скажам, непрыемна, некамфортна: як пра нейкую непазьбежную і неабходную працэдуру, накшталт лекаваньня пʼяўкамі».

Чаму ж праўладныя артысты не выступаюць у дварах? Віталь адказвае рэзка:

«Таму што так званая афіцыйная ці эстрадная культура — у асноўным — гэта прымус, датацыі і абавязалаўка. Калі гастролі артыста — то на грошы якога-небудзь ведамства. Калі літаратурны выступ — з сагнанымі вучнямі школ ці студэнтамі ў якасьці слухачоў, — тлумачыць паэт. — Адсутнасьць творчасьці з абавязковым ганарарам. А да яго яны вельмі хутка прызвычайваюцца. Яны даўно забылі, што такое выступаць „па любові“».

«І за кратамі, на сутках, творцы працягнуць ствараць»

Ганна Комар
Ганна Комар

Паэтка, пісьменьніца і перакладчыца Ганна Комар выступала двойчы — у двары «Юбілейнага» і на Залатой Горцы. Яшчэ адзін выступ меркаваўся ў «дворыку Пераменаў», акурат напярэдадні трагедыі, але не адбыўся з тэхнічных прычын.

«Больш прапановаў не паступала, але я мяркую, што гэтаму многа аб’ектыўных прычын — пачынаючы з таго, што людзям проста не даюць сабрацца, на актыўныя двары і раёны чыніцца неймаверны ціск, у краіне татальны тэрор, і заканчваючы надвор’ем, якое не спрыяе, — тлумачыць паэтка. — Аднак я б пагадзілася выступіць, безумоўна, калі б запрасілі. Калі мая паэзія можа падтрымаць людзей — я пайду на рызыку».

Ганна прызнаецца, што перад абодвума выступамі моцна перажывала.

«Па-першае, незнаёмыя людзі, а я тут са сваімі вершамі, можа, ім будзе нецікава, ці мае вершы занадта сумныя і я толькі дадам ім тугі, а і так несалодка ўсім. Але людзі слухалі, і я адчувала сувязь. Дзякуючы таму, што людзі слухалі мае пачуцьці, я сама магла сустрэцца са сваімі пачуцьцямі, бо гэта апошнім часам складана, я трымаю гэты кранік закручаным, інакш мяне можа зьнесьці патокам».

На другім выступе, кажа паэтка, было камфортней, там была адмысловая пляцоўка, мікрафон, дворык дужа ўтульна ўпрыгожаны.

«Падчас выступу на Залатой Горцы мой стан быў асабліва эмацыйны, і, чытаючы вершы пра апошнія падзеі, я ледзь стрымлівала сьлёзы. У першым шэрагу сядзелі некалькі жанчын, і адтуль часта, ледзь не пасьля кожнага верша, я чула „Дзякуй“, і яны таксама плакалі. З аднаго боку, мне было ўдвайне балюча — мой боль плюс іхны, з другога — усьцешна, што людзі могуць даваць выхад гэтым эмоцыям».

Пра затрыманьні творцаў на дваровых канцэртах Ганна кажа так:

«Як бы абсурдна гэта ні гучала, гэта добры знак — у тым сэнсе, што яны разумеюць сілу мастацтва. Мастацтва сапраўды аказалася здольным моцна падтрымаць людзей. Усё тое, што мы назапашвалі, стваралі ў гета, куды нас выцесьніла аўтарытарная, закасьцянелая культурная палітыка, нарэшце даказала сваю сапраўдную моц, вартасьць, гаючую энэргію. Гэтае мастацтва — жывое і сапраўднае».

Пры гэтым паэтка адзначае, што ў маштабах супраціву затрыманьні падарвалі дух.

«Мне баліць, што музыкі, паэты ня могуць свабодна выступаць, што блякуецца гэты велізарны патэнцыял, які, наадварот, трэба разьвіваць. Адзінае, ведаю, што і за кратамі, на сутках, творцы працягнуць ствараць, хоць гэта будзе адбіваньне рытму па турэмнай батарэі ці дзёньнікавы запіс, зь якога народзіцца верш».

Пасьля перамогі пратэсту, мяркуе Ганна, людзі будуць зьбірацца яшчэ больш і цікавей.

«Паша Горбач сказаў мне ў вечар перад затрыманьнем, што тады ня так цікава будзе, але я з гэтым ня згодная. Мне асабіста нецікава выступаць у атмасфэры трывогі, я не атрымліваю ад гэтага кайфу, — кажа Ганна. — Затое мне падабаецца, калі і я, і публіка спакойныя і мы можам разам засяродзіцца на паэзіі. Я разумею, што даволі натуральна для мастацтва расквітаць у крызісныя моманты, калі яно найболей патрэбнае і мае багатую глебу для творчасьці. Але мяркую, што яшчэ доўгі час пасьля перамогі нам яно будзе патрэбна, бо ўсе гэтыя падзеі глыбока сягаюць у нашую псыхіку — ці душу, так камусьці бліжэй, — і лекаваць гэтыя раны нам яшчэ доўга».

Ганна Комар
Ганна Комар

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG