Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У краіне разьвязаная бойня супраць усяго жывога», — Марыя Калесьнікава зь СІЗА


Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Журналістка тэлеканалу «Настоящее время» Ірына Рамалійская змагла задаць пытаньні Марыі Калесьнікавай — адной зь лідэрак беларускага пратэсту, якая ўжо два з паловай месяцы сядзіць у СІЗА.

Расказваем, пра што Калесьнікава адпісала з ізалятара.

«Тое, што адбываецца, я ўспрымаю як навучаньне, новы досьвед». Ліст ад Калесьнікавай

— Што чытаеце, магчыма, пішаце?

— Перачытала «Калымскія апавяданьні» Шаламава. Шмат што зьмянілася з тых часоў, але галоўнае не памянялася. Пазбаўленьне чалавека волі — гэта ўжо дастатковае пакараньне. А гэтая сыстэма, як і раней, спрабуе пазбавіць чалавечай годнасьці. Але як бы ні было цяжка, чалавек заўсёды можа знайсьці ў сабе сілы заставацца чалавекам.

Чытаю Харарэ («21 урок для XXI стагодзьдзя»). Пачала чытаць летам і толькі цяпер змагла працягнуць. Гэтая кніга абавязковая да чытаньня і вывучэньня ўсім, асабліва палітыкам. Выклікі, зь якімі наша цывілізацыя сутыкаецца і яшчэ сутыкнецца, немагчыма вырашаць лякальна, у адным горадзе, у адной краіне, на адным кантынэнце. Мы ўсе — часткі адзінага сьвету, і яшчэ больш абсурдным выглядае з гэтага пункту гледжаньня тое, што адбываецца ў Беларусі: цяперашняе сутыкненьне двух сьветаў (архаічнага і сьвету будучыні).

— Чаго не хапае?

— Больш за ўсё не хапае сям’і, сяброў і блізкіх, хоць я адчуваю іх падтрымку фізычна. Вельмі не хапае жывой музыкі, мастацтва.

— Якія складанасьці?

— Складанасьцяў няма, усё тое, што адбываецца, я ўспрымаю як навучаньне, новы досьвед: і побыту, і зносін, і ізаляцыі.

— Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца?

— У краіне разьвязаная бойня супраць усяго жывога, чалавечага, таленавітага і прафэсійнага.

— Пра што марыце?

— Мару пра той дзень, калі ўбачу сваіх блізкіх і калегаў, мы будзем абдымацца, шмат-шмат сьмяяцца і размаўляць. І, вядома, мару аб свабоднай і новай Беларусі.

— Пра што перажываеце?

— Перажываю, што гвалт працягваецца, улада ня можа знайсьці ў сабе сілы і сьмеласьць пачуць волю народу і спыніць гэтае абсалютнае зло. Я баюся, што чым далей улада зойдзе ў гвалце, тым складаней нам будзе вярнуцца да міру. Бо рэжым падзе, а нам усім тут жыць: і тым, хто біў і садзіў, і тым, каго білі і садзілі.

«Цяжка зразумець лёгіку адміністрацыі турмы». Камэнтар адвакаткі Людмілы Казак

Марыю Калесьнікаву праваабаронцы прызналі палітзьняволенай. З 9 верасьня яна знаходзіцца пад арыштам у ізалятары ў Жодзіне ў статусе абвінавачанай па крымінальным артыкуле аб закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы краіны.

Яе адвакатка Людміла Казак у эфіры тэлеканалу «Настоящее время» расказала, як у Калесьнікавай забралі кнігі, пра якія яна расказвала ў лісьце, чаму Марыя не змагла адказаць на ўсе зададзеныя ёй пытаньні і як працуе турэмная цэнзура.

— Сёньня канфіскавалі кнігі, пра якія пісала Марыя. Як, чаму?

— Складана зразумець лёгіку адміністрацыі турмы. Там сыстэма такая: наўпрост Марыі кнігі паслаць немагчыма. Кнігі паступаюць спачатку ў бібліятэку, а потым ужо па яе замове ёй у камэру прыносяць гэтыя кнігі. І тыя кнігі, якія ў яе ўчора былі канфіскаваныя, а менавіта Стывена Гокінга яна чытала, Харарэ дзьве кнігі, яны ёй былі даўно ўручаныя, яна іх паступова чытала, вывучала. Учора нейкім чынам адміністрацыі раптам не спадабалася гэта, і яны вырашылі іх забраць — з прычыны таго, што нібыта гэтыя кнігі паступілі да яе паўзь бібліятэку, хоць такога ў прынцыпе быць ня можа.

— І не абяцаюць вярнуць?

— Пакуль незразумела. На ўчорашні дзень, калі я з Марыяй размаўляла, яна гэтае пытаньне спрабавала высьветліць праз адміністрацыю. Чым гэта там скончылася, пакуль невядома.

— Яна можа весьці перапіску? На якіх умовах?

— Можа, вядома, весьці перапіску. І, у прынцыпе, нават з тымі асобамі, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, гэта магчыма. Ёсьць такі сэрвіс — Письмо.бел, празь яго вельмі пасьпяхова можна праводзіць перапіску. Ёй прыходзіла да пачатку карантыну велізарная колькасьць лістоў з усяго сьвету — з ЗША, Аўстраліі. Яна была вельмі рада гэтаму.

— Як працуе турэмная цэнзура? Чытаюць гэтыя лісты, нешта выразаюць? Як гэта адбываецца?

— Вядома. На цэнзуру карэспандэнцыі адводзіцца трое сутак. Што яны там спрабуюць элімінаваць — гэта ўжо, як той казаў, у іх кампэтэнцыі. Але тыя лісты, якія Марыя паказвала мне, якія ёй прыходзілі, якія яна асабліва шануе, яны цэнзуры не зазнавалі. Нейкія лісты зьнікаюць, відаць, іх зьмест не задавальняе адміністрацыю. Але большая частка лістоў прыходзіла. Толькі апошнім часам мы адчуваем складанасьці зь перапіскай, нейкі пэрыяд часу ўвогуле яна была абмежаваная. Зараз пачало паступаць літаральна па 5–7 лістоў. Гэтае пытаньне мы цяпер высьвятляем і кантралюем.

— Які настрой у Марыі, як яе здароўе?

— Пакуль, на шчасьце, зь ёй усё ў парадку, са здароўем таксама ўсё ў парадку. Яна поўная аптымізму, поўная бадзёрасьці, і кожны раз, калі я яе бачу, мне здаецца, што яна становіцца яшчэ больш энэргічнай, яшчэ больш накіраванай на перамогу.

— Чаму Марыя адказала не на ўсе мае пытаньні? Там быў шэраг пытаньняў, якія яна прапусьціла: напрыклад, чаму яе не было на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі, калі ён прыехаў у СІЗА КДБ, пра стаўленьне адміністрацыі да яе, пра сукамэрнікаў? Ня ўсё можна казаць?

— Я ня думаю. Магчыма, яна не пасьпела адказаць на ўсе пытаньні. І калі паўтарыць іх, то цалкам магчыма, што мы атрымаем адказы. Магчыма, у дадзены момант яна не палічыла патрэбным гэта казаць. Але я ведаю, што на такога кшталту пытаньні яна ўжо адказвала, дзесьці яны апублікаваныя. Таму, у прынцыпе, інфармацыя пра гэта ад яе паступала ўжо.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG