Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць злая сіла, якая ня хоча, каб людзі радаваліся». За тыдзень у Менску затрымалі паўтара дзясятка музыкаў


Акцыя ў Менску музыкаў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі 13 жніўня 2020.

Артыстаў затрымліваюць на дваровых канцэртах, у таксоўках і нават на працоўных месцах у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.

Аднымі зь першых затрыманых пасьля «дваровых канцэртаў» музыкаў сталі Аляксандар Памідораў і Ўладзіслаў Наважылаў, больш вядомы як Лэсьлі Найф з гурту Gods Tower. Музыкаў схапілі 20 верасьня пасьля невялікага канцэрту на вуліцы Ангарскай, абодвух асудзілі на 8 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

26 верасьня ў Менску ў падземным пераходзе ля плошчы Якуба Коласа затрымалі чацьвярых удзельнікаў гурту BEST SOUND BAND. Музыкаў асудзілі за ўдзел у несанкцыяванай акцыі, нягледзячы на тое, што гурт меў дазвол ад Менскага гарвыканкаму выступаць у пераходзе.

Музыка гуртоў Harotnica mix і Luty Sakavik Эрык Арлоў-Шымкус адседзеў на Акрэсьціна 12 дзён пасьля маршу 25 кастрычніка.

29 кастрычніка побач зь месцам працы была затрыманая Галіна Казіміроўская, дырыгентка хору Concordia. 2 лістапада яе аштрафавалі на 1620 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Увечары 3 лістапада невядомыя ў форме затрымалі музыкаў Івана Арцімовіча з гурту Vuraj, Андрэя Аляксеенку з TonqiXod і Філіпа Петчанку з Dee Tree. Усе яны ўдзельнічалі ў невялікім канцэрце ў дварах ля гандлёвага цэнтру «Рыга».

4 лістапада проста на сваіх працоўных месцах у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі былі затрыманыя артыст камэрнага хору Дзяніс Іваноў і віялянчэліст Аляксандар Сердзюкоў. У той жа дзень у двары на вуліцы Ціміразева схапілі бубначоў гурту «Патрабуем разысьціся». Музыкаў Мікіту Камянецкага і Тыматэ Суладзэ таксама затрымалі невядомыя ўвечары 4 лістапада.

7 лістапада пасьля канцэрту ў двары на вуліцы Ясеніна схапілі ўдзельніка гурту «Крамбамбуля», вядомага джазавага саксафаніста Паўла Аракеляна. Празь некалькі гадзін у той жа вечар стала вядома пра затрыманьне музыкаў гурту «Рэха» разам зь лідэрам, вакалістам Андрусём Такіндангам, і лідэрам гурту «Нагуаль» Леанідам Паўлёнкам. Сілавікі спынілі таксоўку, у якой ехалі музыкі, і адвезьлі ўсіх у Фрунзэнскае РУУС.

«Спрабавалі зрабіць перадачы, не атрымалася»

Усе схопленыя ў суботу 7 лістапада музыкі знаходзяцца на Акрэсьціна, даты судоў пакуль невядомыя. Сябры Паўла Аракеляна паспрабавалі перадаць яму ў камэру цёплыя рэчы і прадукты. Аднак адміністрацыя ІЧУ не дазволіла.

«Я пакуль ня ў Менску, вось толькі выяжджаю, буду ўвечары ў горадзе, — расказала Свабодзе маці Андруся Такінданга Ала. — Хлопцам учора спрабавалі зрабіць перадачы на Акрэсьціна, нічога не атрымалася. Яны ўсе на Акрэсьціна, чакаюць суду. Увесь гурт, чатыры чалавекі. Адвакатаў шукалі ім учора. У Андруся адвакат ёсьць, ён спрабаваў пасьля затрыманьня трапіць у Фрунзэнскае РУУС, але яго не пусьцілі. Пакінуў запіс у кнізе. Суды, напэўна, ужо заўтра могуць быць. Я паеду на Акрэсьціна, паспрабую там нешта даведацца. Пакуль больш ніякай інфармацыі няма».

«Ёсьць злая сіла, якая ня хоча, каб людзі радаваліся»

Сьпявак і музыка-мультыінструмэнталіст Сяргей Доўгушаў у размове са Свабодай назваў затрыманьні калег несправядлівымі.

«Сярод тых, каго затрымлівалі, хто затрыманы зараз, шмат маіх ня толькі калег, але і блізкіх сяброў, — кажа Доўгушаў. — Я добра ведаю гэтых людзей, мы даўно сябруем. Спачатку затрыманьні было вельмі цяжка выносіць. Нічога не хацелася рабіць, гэта выклікала жорсткае абурэньне, апускаліся рукі. А зараз нейкая абыякавасьць прыйшла. Ужо каго толькі можна затрымалі, страху больш няма».

Музыка кажа, што ўлады проста не разумеюць прычыны пратэстаў і мясцовай чыннасьці людзей. А таму спрабуюць задушыць усё, што толькі можна.

«Гэта слабасьць уладаў, іх няўпэўненасьць у сабе, — кажа музыка. — Яны не разумеюць, што адбываецца, і пачалі хапаць усіх запар. Былі мэдыкі, зараз музыкі. Гэта як у страшнай казцы, калі ёсьць злая сіла, якая ня хоча, каб людзі радаваліся — каб было прыемна, каб былі дваровыя канцэрты. І вось яны прыходзяць, затрымліваюць, робяць гэта зьнянацку. Выцягваюць людзей з таксовак, недзе падпільноўваюць».

Яшчэ адной прычынай сапраўднага паляваньня на музыкаў Доўгушаў называе нядаўнія перастаноўкі ў сілавых структурах.

«Зараз у сілавых структурах адбыліся зьмены, прыйшлі новыя людзі, — кажа Сяргей Доўгушаў. — І ім трэба выслужыцца, паказаць сябе. Яны спрабуюць задушыць усякую актыўнасьць. Нават найдрабнейшыя акцыі будуць тлуміць. І, магчыма, сілавікі думаюць, што калі забараніць дваровыя канцэрты, то людзі перастануць зьбірацца. Але яны аднаго не разумеюць — што зараз усе актыўныя. І калі схапіць 10 музыкаў, то выйдуць яшчэ 10 замест іх. Створаны фонд узаемадапамогі на чале зь Сяргеем Будкіным, людзі проста дапамагаюць адзін аднаму. Ня толькі матэрыяльна, але і юрыдычна, маральна падтрымліваюць. Гэта адзін з важных момантаў. Музыкі ўсе ў адным чоўне, мы будзем падтрымліваць адзін аднаго як толькі мага. Носім перадачы на Акрэсьціна, будзем сустракаць там людзей, будзем дзейнічаць».

Музыка таксама мяркуе, што дваровае жыцьцё не спыніцца пасьля арыштаў музыкаў, якія ладзілі ў дварах канцэрты. У якасьці альтэрнатывы жывым выступам ён называе магчымыя онлайн-канцэрты, а таксама трансьляцыю відэакліпаў з удзелам музыкаў, гвалтоўна затрыманых пасьля дваровых выступаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG