Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прывозяць „пад канвоем“, 82-гадовай выклікалі хуткую». Як судзяць затрыманых на «Маршы мудрасьці»


Марш пэнсіянэраў у Менску, 30 лістапада
Марш пэнсіянэраў у Менску, 30 лістапада

У Маскоўскім РУУС асудзілі пэнсіянэраў, якіх сілавікі атачылі на вуліцы Валадарскага падчас «Маршу мудрасьці» 30 лістапада.

Чытачка Свабоды Вольга расказала, як судзілі яе маці.

«У панядзелак мая мама апынулася ў кальцы „карнікаў“ на Валадарскага. Умовай выхаду з атачэньня было сказаць на камэру свае дадзеныя, што яна і зрабіла. Таму ўдалося выбрацца. 1 сьнежня да яе прыйшлі міліцыянты і ўручылі позву ў РУУС Маскоўскага раёну на 2 сьнежня ў 09.00.

Яна паехала туды з сынам, але яго не пусьцілі. Праз гадзіну патэлефанавала: зь іншымі пэнсіянэрамі сядзіць і чакае суду па скайпе. А пэнсіянэраў звозяць усё больш. На судзе быў нейкі сьведка, які нібыта бачыў яе з сымболікай і што яна выкрыквала лёзунгі. Нахабная хлусьня! У 13.50 мама паведаміла свой прысуд: 30 базавых. Пэнсіянэраў, якія не прыехалі самі, прывезьлі, можна сказаць, пад канвоем. Людзі нават позваў ня бачылі і ня ведалі, што іх выклікаюць».

Паводле жанчыны, суды 2 сьнежня працягваліся і ў другой палове дня — пажылых людзей трымалі ў актавай залі РУУС Маскоўскага раёну. Ад чаканьня, стрэсу і хваляваньня 82-гадовай жанчыне стала кепска, ёй выклікалі хуткую.

Як расказваюць самі пэнсіянэры, ім нават не далі магчымасьці скарыстацца паслугамі адваката. Суд наладзілі адразу на месцы па толькі што напісаных пратаколах.

Агулам у РУУС Маскоўскага раёну міліцыянты даставілі больш за 10 удзельнікаў нядзельнага маршу. Адрозна ад затрыманых падчас акцыі, якім прысудзілі адміністрацыйныя арышты, цяпер абмежаваліся штрафамі, пераважна 810 рублёў. Для бальшыні гэтая сума нашмат большая за памер пэнсіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG