Брытанская навіновая кампанія BBC апублікавала свой штогадовы сьпіс найбольш натхняльных і ўплывовых жанчын сьвету.
У сьпісе за 2020 год ёсьць Сьвятлана Ціханоўская.
«Сьвятлана Ціханоўская – былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі, дзе яна ўзначаліла нацыянальна-дэмакратычны рух. У жніўні 2020 году прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў пра пераканаўчую перамогу на выбарах, выклікаўшы пратэсты па ўсёй краіне на фоне пашыраных абвінавачаньняў у фальсыфікацыі галасаваньня.
У хуткім часе пасьля выбараў, баючыся за бясьпеку сваіх дзяцей, Ціханоўская зьехала зь Беларусі ў Літву. Яна працягвае ўзначальваць дэмакратычны рух у выгнаньні».
BBC дае цытату Ціханоўскай:
«Ніколі, ні на імгненьне ня верце нікому, хто кажа, што вы слабыя. Мы часта не разумеем, якія мы моцныя».
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў зьняволеньні, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай і правялі пасьпяховую выбарчую кампанію са шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК для таго, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Зь ёй зьнікла сувязь, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом. Абставіны і ўмовы свайго ад’езду зь Беларусі Ціханоўская дагэтуль не разгалошвае і тлумачыць гэта меркаваньнямі бясьпекі.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- На працягу верасьня 2020 году шэраг замежных краін, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Данія, Швэцыя, Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія, заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным лідэрам Беларусі. У гэтых умовах увага сусьветных палітыкаў усё больш перамяшчаецца да Сьвятланы Ціханоўскай.
- Зь верасьня 2020 года Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі 15 краін і правяла перамовы з 24 прадстаўнікамі ўрадаў розных дзяржаў. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль ды інш.
- Ціханоўская выступае за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікае міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com