У сваім звароце Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гэта больш ня ўнутраны канфлікт у Беларусі, а вайна, дзе Беларусь на баку агрэсара, хоць народ супраць.
«Цяпер бараніць трэба ня толькі палітзьняволеных ці новыя выбары. Бараніць трэба самое існаваньне нашай краіны, яе незалежнасьць і сувэрэнітэт. Свабода і адказнасьць заўсёды ідуць побач. І надышоў час кожнаму ўзяць адказнасьць за сваю краіну. Ствараць нацыянальны антываенны рух і рыхтавацца адстойваць свой сувэрэнітэт.
Дарагія ўкраінцы, ад імя нашай краіны я выказваю вам салідарнасьць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны грае ў гэтай вайне. І мы гатовы рабіць усё, што спатрэбіцца, каб спыніць агрэсараў і гэтую катастрофу.
Жыве Беларусь! І Слава Україні!»
Раней Офіс беларускай дэмакратычнай лідэркі правёў экстраны званок, каб падтрымаць беларусаў Украіны. На званку абмяркоўвалі ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне і атаку Расеі, паведамілі ў прэс-службе Ціханоўскай.
Офіс рэкамэндаваў выяжджаць з Украіны праз адкрытыя межы, калі ёсьць такая магчымасьць. Прадстаўнікі дыяспары адзначылі, як важна цяпер чытаць толькі правераныя крыніцы інфармацыі.
Таксама Офіс падкрэсьліў, што вайну пачаў Пуцін, Лукашэнка стаў яго саўдзельнікам, але самі беларусы супраць вайны і хочуць яе спыніць.
Таксама паведамляецца, што сёньня Сьвятлана Ціханоўская правядзе прэс-канфэрэнцыю ў Пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Францыі ў пытаньні ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Брыфінг пачнецца а 13:00 паводле парыскага часу.
«Парушэньне нормаў нацыянальнага і міжнароднага права недапушчальнае»
Сваю пазыцыю наконт рашэньня Пуціна аб пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі супраць Украіны агучыла і каманда асуджанага на 14 гадоў пазбаўленьня волі Віктара Бабарыкі.
Паплечнікі экс-банкіра асудзілі акт адкрытай агрэсіі Расеі ў дачыненьні да незалежнай і сувэрэннай дзяржавы Ўкраіна, а таксама спробы ўцягнуць у вайну беларускі народ.
«Выказваем падтрымку народу Украіны і ахвярам агрэсіі. Беларусы не жадаюць вайны. Мы разам!» — гаворыцца ў паведамленьні.
Што да падзей на паўднёвым усходзе Ўкраіны, пазыцыя каманды Бабарыкі наступная :
- Парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і гарантый бясьпекі незалежнай дзяржавы ставіць пад пагрозу рэгіянальную бясьпеку, парушае базавыя правы чалавека і адкідае разьвіцьцё чалавечага капіталу на дзясяткі гадоў таму.
- Адзіным магчымым спосабам вырашэньня ўнутраных і замежнапалітычных канфліктаў павінны заставацца прамыя перагаворы і іншыя дыпляматычныя мэтады.
- Парушэньне нормаў нацыянальнага і міжнароднага права недапушчальнае.
«Мяркуем, што бакі канфлікту, зацікаўленыя бакі і міжнародная супольнасьць павінны прыкласьці максымум намаганьняў для дээскаляцыі існай сытуацыі, захаваньня ўзятых на сябе міжнародных абавязаньняў і захаваньні патэнцыялу для разьвіцьця рэгіёну».
«Украіна і ўкраінцы, прабачце беларусам»
Выказаў сваю падтрымку народу Украіны і апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька.
«Украіна і ўкраінцы, прабачце нам за тое, што танкі паехалі з тэрыторыі Беларусі; за тое, што тэрыторыя нашай краіны стала пагрозай для вашай свабоды і незалежнасьці... Але памятайце, большасьць беларусаў з вамі. Лукашэнка — гэта не Беларусь! Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — напісаў Лябедзька.
«Уся адказнасьць за гэтае шалёнае рашэньне ляжыць на Пуціну»
Экс-кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў напісаў, што «сёньня ноччу Расея перайшла фатальную рысу і пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну».
«Уся адказнасьць за гэтае шалёнае рашэньне ляжыць на Пуціну. Ні ў кога не павінна быць ніякіх сумневаў: зьдзейсьнена страшнае злачынства супраць чалавецтва. Расея пачала захопніцкую вайну супраць Украіны, багатую на велізарныя ахвяры, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва. У гэты цяжкі час хочацца выказаць безумоўную падтрымку беларусаў народу і ўраду Ўкраіны. Сьвет на вашым баку, вы абавязкова пераможаце агрэсара і абароніце сваё права на свабоду і незалежнасьць. Слава Ўкраіне!
Жыве Беларусь!» — напісаў палітык.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.