Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забралі грошы з дня нараджэньня дзіцяці». Лекар, якога падазраюць у выдаваньні мэдычнай тайны, застаецца пад вартай


Бальніца хуткай мэдыцынскай дапамогі, архіўнае фота

Затрыманы лекар лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Натальля.

Знаходжаньне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадаць перадачы.

Муж Натальлі працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам ў бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Натальля таксама лекарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне.

19 лістапада Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць доктара лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).

Паводле Генпракуратуры, «наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдыцынскага агляду Рамана Бандарэнкі».

«Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, — заявілі ў Генпракуратуры. — Дзеяньні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».

Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч, якая была аўтарам артыкулу, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю, пакінулі ў СІЗА КДБ да прад’яўленьня абвінавачаньня. Кацярына праходзіць падазраванай паводле той жа ч. 3 арт. 178 КК. Яе затрымалі 19 лістапада. Крымінальную справу пачала Генпракуратура.

«Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды»

Жонка лекара Натальля расказала Свабодзе, што 19 лістапада ў іх доме пяцёра супрацоўнікаў і панятых правялі ператрус, забралі кампутар і ейны тэлефон.

Натальля сказала, што калі вярталася з працы, муж не адказваў на тэлефанаваньні.

«Раней мы сустракаліся ў электрычцы, ён ехаў зь Менску, а я з Рудзенску. Калі не, то ён званіў, дамаўляліся, хто будзе забіраць дзяцей. Калі ён не адказаў па тэлефоне, я зразумела, што нешта адбылося, і паехала дахаты. Калі я падышла да дому, мне адразу патэлефанавалі, сказалі, што муж побач, яго затрымалі. Потым далі трубку мужу, ён пасьпеў сказаць „Не перажывай, можа, сёньня адпусьцяць“. У гэты час у дзьверы пастукалі, дзіця пабегла адчыняць, а я сказала яму: „Пачакай“», — кажа Натальля.

Калі забіралі тэлефон у Натальлі, яна адразу яго разблякавала і прасіла, каб яго ёй пакінулі, бо дзіця яшчэ не вярнулася са школы.

«Сказалі, каб нехта забраў дзіця са школы, я папрасіла сьвякроў. Але бяз сувязі мне было б складана, бо жыву за 20 кілямэтраў ад працы, дзеці ходзяць у школу. Але тэлефон у мяне забралі і дагэтуль не аддалі, — кажа Натальля. — Давялося купіць новы, дапамаглі сябры і калегі, бо на той момант грошай не было: картка засталася ў мужа».

Натальля сказала, што пасьля ператрусу забралі таксама 50 даляраў, якія знайшлі ў доме.

«Мы адкрытыя людзі. Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды. Забралі невялікую суму грошай, 50 даляраў, больш валюты не было. Мы іх вырашылі не мяняць, гэта былі грошы з дня нараджэньня дзіцяці», — кажа Натальля.

Натальля дзякуе за падтрымку і салідарнасьць калегам, аднакурсьнікам і знаёмым.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG