Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне The Insider і Bellingcat: ГРУ каардынавала праект з фэйкамі пра крушэньне MH17


Галоўнае ўпраўленьне Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі (вядомае як ГРУ) каардынавала дзейнасьць мэдыяпраекту Bonanza Media, які распаўсюджваў фэйкі пра крушэньне на ўсходзе Ўкраіны малайзійскага «Боінга», што выконваў рэйс MH17.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні The Insider і Bellingcat.

Bonanza Media — праект былой супрацоўніцы тэлеканалу RT Яны Ерлашовай і галяндзкага блогера Макса ван дэр Вэрфа, які прасоўвае альтэрнатыўныя вэрсіі катастрофы рэйса MH17. Пад брэндам Bonanza выйшлі некалькі фільмаў пра крушэньне, а таксама публікаваліся сакрэтныя дакумэнты з архіваў Аб’яднанай сьледчай групы.

Як высьветлілі The Insider і Bellingcat, дзейнасьць Bonanza Media курыраваў палкоўнік ГРУ Сяргей Чабанаў. The Insider і Bellingcat вывучылі білінгі званкоў і перапіску Чабанава, прадстаўленыя ім хакерамі, і прыйшлі да высновы, што на пачатку студзеня 2020 году ён арганізаваў паездку Ерлашовай у так званую ЛНР, каб здымаць фільм пра катастрофу.

У лютым 2020 году Ерлашова таксама ўзгадняла з Чабанавым па пошце прома-пост да іншага фільму пра MH-17, а ў траўні — артыкул галяндзкага журналіста, які супрацоўнічае з RT, пра судовы працэс па справе аб катастрофе.

У лютым 2020 году Bonanza Media апублікавала закрытыя матэрыялы крымінальнай справы аб крушэньні MH17, пасьля чаго прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што яны пацьвярджаюць расейскую пазыцыю наконт крушэньня лайнэра, а менавіта — тое, што расейскі «Бук» не зьбіваў самалёт. На самой справе ў апублікаваных дакумэнтах такіх сьцьвярджэньняў не было.

Абʼяднаная сьледчая група прыйшла па выніках расьсьледаваньня да высновы, што самалёт быў зьбіты сэпаратыстамі з устаноўкі «Бук», якую даставілі з Расеі. Суд па справе аб крушэньні пачаўся ў Нідэрляндах у сакавіку 2020 году, абвінавачаньні прадʼяўленыя тром расейцам і аднаму ўкраінцу. Па вэрсіі сьледзтва, абвінавачаныя рабілі сумесныя дзеяньні для атрыманьня зэнітна-ракетнага комплексу з Расеі.

  • Ахвярамі катастрофы «Боінга» сталі 298 чалавек. Большасьць былі грамадзянамі Нідэрляндаў, таму міжнароднае сьледзтва вялося пад эгідай пракуратуры Нідэрляндаў, і ў гэтай жа краіне — як дамовіліся ўдзельнікі сьледчай групы — ідзе судовы працэс.
  • Расейскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што ня маюць дачыненьня да катастрофы. Былы камандзір данецкіх сэпаратыстаў, расейскі грамадзянін Ігар Стралкоў (Гіркін) — адзін з тых, каму прадʼяўленыя абвінавачаньні, — заяўляе, што падначаленыя яму людзі не зьбівалі самалёт, а на пытаньне, хто яго зьбіў, адказваць адмаўляецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG