Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць аб зьбітым Боінгу-777: пустыя белыя крэслы ля расейскай амбасады ў Гаазе. ФАТАФАКТ


Каля амбасады Расеі ў Нідэрляндах напярэдадні крымінальнага працэсу ў справе аб зьбітым у небе над Данбасам «Боінгу-777» сваякі загінулых правялі памятную акцыю з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у трагедыі.

Каля будынка амбасады ўсталявалі 298 белых крэслаў — па колькасьці ахвяр трагедыі. На сядзеньнях расклалі белыя ружы і паставілі фатаграфіі. Акрамя таго, разьвесілі плякаты з патрабаваньнем правасудзьдзя і з надпісамі, што чалавечнасьць важнейшая за палітыку. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчаньня.​

Акцыя адбылася за суткі да пачатку ў Нідэрляндах крымінальнага працэсу супраць меркаваных вінаватых у злачынстве.


Што адбылося 17 ліпеня 2014 году

Самалёт Boeing-777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс МН17 Амстэрдам (Нідэрлянды) — Куала-Лумпур (Малайзія), быў зьбіты ў небе над Данецкай вобласьцю 17 ліпеня 2014 году. Усе 298 чалавек, які знаходзіліся на борце, загінулі.

Расьсьледаваньнем справы займаецца сумесная сьледчая група (JIT), у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваахоўных органаў Украіны, Нідэрляндаў, Бэльгіі, Аўстраліі і Малайзіі.

Якія вэрсіі

Паводле асноўнай вэрсіі JIT, самалёт быў збіты ракетай, выпушчанай устаноўкай «Бук» расейскай вытворчасьці, разьмешчанай непадалёк ад гораду Сьняжное на тэрыторыі сэпаратысцкай «ДНР», а сама ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай СПА з Курску. Bellingcat сьцьвярджае, што гэтую ўстаноўку даставілі на тэрыторыю самаабвешчанай «ДНР» з Курскай вобласьці Расеі незадоўга да стрэлу.

Расея абвяргае ўсе дапушчэньні наконт сваёй датычнасьці да крушэньня самалёта.

Каго абвінавачваюць

Сярод абвінавачаных — трое расейцаў: былы «міністар абароны» так званай «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў), генэрал-маёр Сяргей Дубінскі (па мянушцы Хмуры), палкоўнік Алег Пулатаў (Гюрза), а таксама грамадзянін Украіны Леанід Харчанка (Крот). З чацьвярых падазраваных на выстаўленыя абвінавачаньні адрэагавалі Дубінскі, Пулатаў і Гіркін, усе трое адмаўляюць сваю віну і датычнасьць да катастрофы.

Ужо вядома, што абвінавачаныя ня зьявяцца для ўдзелу ў крымінальным працэсе — іх будуць прадстаўляць іхныя адвакаты.


Чаму суд у Гаазе

Улады Нідэрляндаў прынялі рашэньне, што суд у справе аб крушэньні рэйса MH-17 пройдзе ў рамках нацыянальнага заканадаўства, а не міжнароднага. З 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце самалёта, большасьць былі грамадзянамі Нідэрляндаў.

Хоць судовы працэс разглядае суд Гаагі, яго ня варта блытаць зь Міжнародным судом ААН. Некалькі краін, чые грамадзяне загінулі ў выніку трагедыі, патрабавалі прызначыць міжнародны трыбунал у справе аб крушэньні MH17, але Расея скарысталася правам вэта ў Радзе Бясьпекі ААН, каб заблякаваць гэтую ініцыятыву. Тады ўлады Нідэрляндаў прапанавалі правесьці працэс паводле свайго нацыянальнага заканадаўства.

Месца слуханьняў, у сувязі з павышанай грамадзкай цікавасьцю, перанесенае з будынка акруговага суду ў Гаазе ў Юрыдычны комплекс, які знаходзіцца паблізу аэрапорта Схіпхол. Працэс пачнецца 9 сакавіка.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG