Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе судзяць за Boeing, зьбіты над Данбасам у 2014 годзе. ВІДЭА


Cумесная сьледчая група прэзэнтуе папярэднія вынікі расьсьледаваньня катастрофы МН17, 2016 год

9 сакавіка ў нідэрляндзкай Гаазе маюць пачацца слуханьні ў справе аб крушэньні ў 2014 годзе малайзійскага самалёту Boeing-777 рэйсу МН17, у якім загінулі 298 чалавек. Абвінавачаньні выставілі тром расейцам і грамадзяніну Ўкраіны.

Тэлеканал «Настоящее время» будзе вёў жывую трансьляцыю з судовага працэсу зь перакладам на расейскую мову.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перад пачаткам слуханьняў заявіў, што ўпэўнены: «справядлівасьць будзе адноўленая і вінаватыя панясуць пакараньні».

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо заявіў, што вінаватыя мусяць панесьці пакараньне, а ЗША «ўпэўненыя ў судовай сыстэме Нідэрляндаў і заклікаюць усе краіны цалкам супрацоўнічаць з расьсьледаваньнем трагедыі».

Што адбылося 17 ліпеня 2014 году

Самалёт Boeing-777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс МН17 Амстэрдам (Нідэрлянды) — Куала-Лумпур (Малайзія), быў зьбіты ў небе над Данецкай вобласьцю 17 ліпеня 2014 году. Усе 298 чалавек, які знаходзіліся на борце, загінулі.

Хто і як зьбіў малайзійскі Боінг. Відэарэканструкцыя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:58 0:00

Расьсьледаваньнем справы займаецца сумесная сьледчая група (JIT), у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваахоўных органаў Украіны, Нідэрляндаў, Бэльгіі, Аўстраліі і Малайзіі.

Якія вэрсіі

Паводле асноўнай вэрсіі JIT, самалёт быў зьбіты ракетай, выпушчанай устаноўкай «Бук» расейскай вытворчасьці, разьмешчанай непадалёк ад гораду Сьняжное на тэрыторыі сэпаратысцкай «ДНР», а сама ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай СПА з Курску. Bellingcat сьцьвярджае, што гэтую ўстаноўку даставілі на тэрыторыю самаабвешчанай «ДНР» з Курскай вобласьці Расеі незадоўга да стрэлу.

Расея абвяргае ўсе дапушчэньні наконт сваёй датычнасьці да крушэньня самалёта.

Каго абвінавачваюць

Сярод абвінавачаных — трое расейцаў: былы «міністар абароны» так званай «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў), генэрал-маёр Сяргей Дубінскі (па мянушцы Хмуры), палкоўнік Алег Пулатаў (Гюрза), а таксама грамадзянін Украіны Леанід Харчанка (Крот). З чацьвярых падазраваных на выстаўленыя абвінавачаньні адрэагавалі Дубінскі, Пулатаў і Гіркін, усе трое адмаўляюць сваю віну і датычнасьць да катастрофы.

Ужо вядома, што абвінавачаныя ня зьявяцца для ўдзелу ў крымінальным працэсе — іх будуць прадстаўляць іхныя адвакаты.

Чаму суд у Гаазе

Улады Нідэрляндаў прынялі рашэньне, што суд у справе аб крушэньні рэйса MH-17 пройдзе ў рамках нацыянальнага заканадаўства, а не міжнароднага. З 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце самалёта, большасьць былі грамадзянамі Нідэрляндаў.

Хоць судовы працэс разглядае суд Гаагі, яго ня варта блытаць зь Міжнародным судом ААН. Некалькі краін, чые грамадзяне загінулі ў выніку трагедыі, патрабавалі прызначыць міжнародны трыбунал у справе аб крушэньні MH17, але Расея скарысталася правам вэта ў Радзе Бясьпекі ААН, каб заблякаваць гэтую ініцыятыву. Тады ўлады Нідэрляндаў прапанавалі правесьці працэс паводле свайго нацыянальнага заканадаўства.

Месца слуханьняў, у сувязі з павышанай грамадзкай цікавасьцю, перанесенае з будынка акруговага суду ў Гаазе ў Юрыдычны комплекс, які знаходзіцца паблізу аэрапорта Схіпхол.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG