Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах адкрыецца мэмарыял ахвярам катастрофы МН17


Падрыхтоўка да адкрыцьця мэмарыялу ахвярам катастрофы рэйсу МН17, Нідэрлянды

Больш за дзьве тысячы сваякоў ахвяраў катастрофы самалёта рэйсу МН17 у небе над Данбасам зьбяруцца ў Нідэрляндах 17 ліпеня, у трэцюю гадавіну трагедыі. Удзельнікі цырымоніі адкрыюць мэмарыял, прысьвечаны іх блізкім.

Ініцыятары адкрыцьця памятнага месца называюць яго «жывым мэмарыялам» — усяго было высаджана 298 дрэваў, па колькасьці загінулых у катастрофе. Дрэвы будуць акружаныя сланечнікамі, якія расьцьвітаюць у ліпені.

Мэмарыял ахвярам катастрофы рэйсу МН17, Нідэрлянды (на этапе падрыхтоўкі да адкрыцьця)
Мэмарыял ахвярам катастрофы рэйсу МН17, Нідэрлянды (на этапе падрыхтоўкі да адкрыцьця)

Кароль Нідэрляндаў Вілем-Аляксандар і каралева Максіма далучацца на гэтым мерапрыемстве да іншых афіцыйных асобаў у парку Війфгуйзэн паблізу аэрапорта Схіпхол у Амстэрдаме. Менавіта з гэтага аэрапорта вылецеў 17 ліпеня 2014 году самалёт «Боінг-777» «малайзійскіх авіялініяў», які так і не даляцеў да пункту прызначэньня, Куала-Лумпура.

У канцы верасьня мінулага году Міжнародная сьледчая група пад кіраўніцтвам пракуратуры Нідэрляндаў абвясьціла першыя афіцыйныя вынікі расьсьледаваньня. У дакладзе гаворыцца, што зэнітна-ракетная ўстаноўка «Бук», зь якой зьбілі «Боінг», была дастаўленая на тэрыторыю Ўкраіны з Расеі. Месца пуску ракеты — пасёлак Першамайскае, які знаходзіўся пад кантролем баевікоў, падкантрольных Расеі. У лік падазраваных, згодна з дакладам, уваходзяць каля 100 чалавек.

У Крамлі заявілі, што даклад нельга лічыць «канчатковай праўдай», а высновы сьледчых у Маскве назвалі «папярэднімі». У МЗС Расеі назвалі даклад «прадузятым».

XS
SM
MD
LG