Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.
Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.

Тысячы людзей на жаночым маршы ў Менску, нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў

У Менску праходзіць Жаночы марш пратэсту. На пачатку акцыі сілавікі ў балаклавах затрымалі каля сотні чалавек, але ў выніку сабраліся і пайшлі па горадзе тысячы жанчын. Што яшчэ адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Мэркель: Наша сэрца б'ецца ў такт з сэрцамі мірных дэманстрантаў у Беларусі

«Мы зь вялікай занепакоенасьцю глядзім на падзеі ў Беларусі», — заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у відэазвароце з нагоды Міжнароднага дня дэмакратыі, які адзначаюць 15 верасьня. — Там прыхільнасьць да дэмакратыі літаральна топчуць нагамі».

«Наша сэрца бʼецца ў такт з сэрцамі мірных дэманстрантаў (у Беларусі. — РС). Варта захапленьня тое, зь якой мужнасьцю і рашучасьцю яны выходзяць на вуліцы за свабоду і вяршэнства права», — дадала Мэркель

Bloomberg: Амэрыканская кампанія прызнала, што перадала Беларусі тэхніку, якая фільтруе інтэрнэт

Агенцтва Bloomberg сьцьвярджае, што мае запіс тэлефоннай канфэрэнцыі амэрыканскай кампаніі Sandvine, дзе кіраўнікі прызналіся ў пастаўках у Беларусь тэхналёгіі, якая фільтруе каля 40% інтэрнэт-трафіка. У канцы жніўня Bloomberg паведамляў, што менавіта дзякуючы абсталяваньню Sandvine 9 жніўня ў Беларусі былі штучна створаныя праблемы з інтэрнэтам.

Падчас згаданай канфэрэнцыі кіраўніцтва запэўніла супрацоўнікаў, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю не парушыла санкцыі ЗША. У Sandvine таксама прыйшлі да высновы, што інтэрнэт і доступ да пэўных матэрыялаў на вэб-сайтах «не зьяўляюцца часткай правоў чалавека».

Як вынікае з даступных Bloomberg запісаў, кампанія плянуе захаваць усё ў сакрэце і папярэдзіла аб звальненьнях за распаўсюд гэтай інфармацыі. Дадзенае абсталяваньне, як піша агенцтва, дало магчымасьць Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам унесьці ў чорны сьпіс каля 150 мільёнаў URL-адрасоў вэб-сайтаў.

Трое сутак арышту за салідарнасьць. Гомельскага выкладчыка пакаралі за пікет у падтрымку салігорскага шахтара

Вадзім Бельскі, выкладчык інфарматыкі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога, асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, у ІЧУ таксама ўтрымліваецца Яўген Малікаў — выкладчык БелДУТ, гісторык, краязнаўца. Ён прысутнічаў на пікеце і, у сваю чаргу, падтрымаў Вадзіма Бельскага. Пасьля гэтага яго затрымалі і зьмясьцілі да суду ў ізалятар.

11 верасьня кандыдат эканамічных навук Вадзім Бельскі выйшаў да галоўнага корпусу ВНУ на адзіночны пікет. У руках выкладчык трымаў плякат у падтрымку салігорскага шахтара Юрыя Корзуна, які на знак пратэсту супраць беззаконьня ў краіне прыкаваў сябе кайданкамі ў забоі.

«Мы за вас! Мы разам!» Бацькі студэнтаў МДЛУ запісалі відэазварот у падтрымку дзяцей

У відэароліку гучаць словы, што бацькі ня могуць маўчаць, калі іх дзеці не адчуваюць сябе ў бясьпецы, а абарона не зьяўляецца надзейнай. На мінулым тыдні каля будынку Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту студэнты правялі акцыю салідарнасьці. Прыйшлі сілавікі і пачалі затрымліваць студэнтаў. Пазьней людзі ў масках зьявіліся і ў самім будынку ўнівэрсытэту. Цалкам чытайце тут.

Мітрапаліт Веньямін: «Трэба пачаць жыць з новага аркуша. Новая Канстытуцыя, новыя выбары...»

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, даў інтэрвію расейскаму тэлеканалу RT. Прыводзім некаторыя выказваньні герарха.

  • «Тыя, хто дапусьціў супрацьпраўныя дзеяньні, па-чалавечы павінны панесьці пакараньне. Але трэба ўсьведамляць, што людзей будзе судзіць і Бог».
  • «У прымірэньні трэба пераступіць праз крыўду і забыць пра яе. Трэба пачаць жыць з новага аркуша. Па-новаму пачаць пісаць гісторыю радзімы, дзе будзе прапісаная і новая Канстытуцыя, новыя выбары і г. д». Цалкам тут.

«Нясуць небясьпеку пажару». Чыноўнік Менскага гарвыканкаму патлумачыў, чаму здымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі

Падчас прамой тэлефоннай лініі 12 верасьня з намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Арцёмам Цуранам у яго пацікавіліся, ці законна вывешваць чырвоныя і белыя стужкі на аб’ектах гарадзкой інфраструктуры.

«Ініцыятыва грамадзян не павінна быць самавольнай. Праз 2–3 месяцы гэтыя стужачкі ператворацца ў неахайныя шматкі, якія ня будуць несьці эстэтычнага эфэкту. Большасьць людзей падобныя ініцыятывы раздражняюць, калі кожны дзень зьяўляюцца надпісы, стужкі, сьцягі ў неўстаноўленых месцах», — цытуе чыноўніка агенцтва „Мінск-Навіны“.

«Вывешваньне сьцягоў на бальконах, фасадах дамоў стварае пажаранебясьпечную сытуацыю. Палатном завешваюць некалькі паверхаў. Як правіла, гэта штучныя тканіны, лёгкаўзгаральныя. У выпадку ўзгараньня могуць пацярпець людзі», — аргумэнтаваў Арцём Цуран.

У Дзень гораду над Гомлем залунаў нацыянальны сьцяг

Ранкам 12 верасьня невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на вежы ў цэнтры гораду, у палацава-паркавым ансамлі. Якраз у гэты час на набярэжнай ракі Сож пачынаўся канцэрт, на якім прысутнічала кіраўніцтва гораду. Цяпер сьцяга на вежы няма.

Лукашэнка сабраў нараду зь сілавікамі

Тым часам Аляксандар Лукашэнка сёньня ўвечары сабраў нараду зь сілавікамі ў Палацы Незалежнасьці, паведаміў блізкі да кіраўніка Беларусі ананімны Тэлеграм-канал «Пул первого».

Роварны прабег салідарнасьці ў Менску

З боку плошчы Перамогі ў бок плошчы Якуба Коласа праехала калёна раварыстаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Празь некалькі хвілін — аўтазакі і мікрааўтобусы без нумароў, паведамляе Tut.by.

У палітвязьня Шклярава зламаны палец і высокая тэмпэратура, падазрэньне на каранавірус

У паліттэхноляга Віталя Шклярава, які ўжо паўтара месяца знаходзіцца ў менскім СІЗА, некалькі дзён трымаецца высокая тэмпэратура і кашаль. Як паведаміў адвакат Антон Гашынскі, нягледзячы на тэмпэратуру, вышэйшую за 39 градусаў, 8 верасьня Віталю Шкляраву адмовіліся зрабіць тэст на каранавірус і флюараграфію. Лекара выклікалі толькі тады, калі тэмпэратура дасягнула крытычнай адзнакі, але далі толькі ібупрафэн.

Акрамя таго, у вязьня зламаны палец, але ён адмаўляецца расказаць, як гэта адбылося, і моцна напалоханы, падкрэсьлівае Гашынскі. Ён наведваў СІЗА 11 верасьня, але Шклярава да яго ня вывелі. Тады адвакат зьвярнуўся да начальніка мэдычнай часткі з патрабаваньнем наведаць падабароннага ў камэры і асабіста правесьці агляд.

Віталя Шклярава затрымалі 29 ліпеня ў Менску. 7 жніўня паліттэхнолягу выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь яўным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

У Менску працягваюцца затрыманьні

Каля філярмоніі на плошчы Якуба Коласа ў мікрааўтобус зацягнулі чалавека зь бел-чырвона-белым сьцягам. Жаночы марш ужо скончыўся.

Тым часам каля плошчы Незалежнасьці, дзе нядаўна праходзіла праўладная акцыя пад чырвона-зялёнымі сьцягамі, стаяць аўтазакі.

Жаночы марш у Менску скончыўся: удзельніцы разыходзяцца

Большая частка калёны спынілася каля крамы «Акіян». Людзі пачалі разыходзіцца, частка спускаецца ў мэтро.

Да «Акіяна» пачынаюць пад'яжджаць мікрааўтобусы. Каля «Акіяна» засталіся журналісты і некалькі дзясяткаў чалавек.

На скрыжаваньні з вуліцай Казлова затрымалі яшчэ аднаго хлопца. Удзельніцы маршу разыходзяцца.

Журналісты паведамляюць, што Марш скончыўся. Людзі амаль разышліся.

Менск: Марш вярнуўся да плошчы Перамогі. Зноў затрыманьні

Калёна пераходзіць вуліцу Казлова, спускаецца ў падземны пераход. На самой плошчы Перамогі процьма міліцэйскіх бусаў. Вакол гэтых бусаў стаіць вельмі шмат сілавікоў.

На плошчы Перамогі адбыліся затрыманьні жанчын. Іх пасадзілі ў той жа мікрааўтобус, які затрымліваў хлопца на ровары.

Жаночы марш у Менску. ФОТА, ВІДЭА

У Менску падчас Жаночага маршу затрымалі раварыста

На скрыжаваньні Машэрава і Незалежнасьці спыніўся жоўты мікрааўтобус, зь яго выскачылі 4 амапаўцы і затрымалі хлопца на ровары, які спыніўся на скрыжаваньні. Закінулі ў бус разам з роварам. Усё гэта адбылося на вачах журналіста Свабоды.

Менск: Частка калёны перайшла на другі бок праспэкту, частка павярнула назад

Калёна спынілася на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Дарашэвіча. Жанчынам паведамілі, што ў раёне Акадэміі навук ёсьць сілавікі.

Празь нейкі час жанчыны вырашылі перайсьці на другі бок праспэкту, дзе Маскоўска-Венскі гандлёвы цэнтар. Людзей так шмат, што рух на праспэкце на некалькі хвілін перакрыты. Гэтая частка калёны пачынае рух назад у бок плошчы Якуба Коласа.

Жанчыны прагналі групу журналістаў «Россия сегодня». Абступілі іх і крычалі: «Прыдыбайла, сыходзь!», «Раша тудэй, вали домой!». Адзін з журналістаў спрабаваў давесьці, што ён не Прыдыбайла. Урэшце журналісты перайшлі на другі бок праспэкту.

Галава маршу спынілася каля філярмоніі.

На плошчы Незалежнасьці ў Менску — праўладны мітынг

Праспэкт Незалежнасьці ў Менску перакрылі сілавікі. Тым часам на плошчы Незалежнасьці сабралася нейкая акцыя пад чырвона-зялёнымі сьцягамі.

Менск: Жаночы марш ідзе па праспэкце ў бок плошчы Якуба Коласа

Жаночы марш рухаецца далей па праспэкце ў бок плошчы Якуба Коласа. Часам зьяўляюцца мікрааўтобусы без нумароў, але нікога не затрымліваюць.

На скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Незалежнасьці дзьве калёны жанчын аб’ядналіся ў адну.

Затрыманыя на Жаночым маршы ў Менску дзяўчаты публікуюць відэа з аўтазаку

Мужчына не паехаў на зялёнае сьвятло, каб не прапусьціць бусік без нумароў — яго брутальна затрымалі

Драматычны эпізод адбыўся на вуліцы Максіма Багдановіча, паведамляе «Наша Ніва». Кіроўца спыніўся, каб прапусьціць калёну жанчын. Празь нейкі час пад'ехаў бусік, зь якога выбеглі сілавікі ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў, выцягнулі з машыны гэтага кіроўцу і павялі ў мікрааўтобус. Проста за тое, што ён прапускаў калёну жанчын і ня ехаў на іх.

Дэманстранткі акружылі мікрааўтобус, не даючы яму зьехаць. Тады пад'ехаў другі, зь якога выскачылі сілавікі і раскідалі жанчын у розныя бакі. Затрымалі і яшчэ аднаго мужчыну, які проста стаяў на прыпынку і здымаў усё на тэлефон.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG