Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.
Жаночы марш у Менску, 12 верасьня.

Тысячы людзей на жаночым маршы ў Менску, нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў

У Менску праходзіць Жаночы марш пратэсту. На пачатку акцыі сілавікі ў балаклавах затрымалі каля сотні чалавек, але ў выніку сабраліся і пайшлі па горадзе тысячы жанчын. Што яшчэ адбываецца ў Беларусі на 35-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала байцоў АМАП спыніць гвалт

Сьвятлана Ціханоўская 12 верасьня заклікала АМАП спыніць гвалт, яна назвала абуральным гвалт, які сілавікі чыняць над жанчынамі.

«Я заклікаю АМАП спыніцца. Вам будзе сорамна за тое, што вы робіце сёньня. Гвалт, які вы ўжываеце да жанчын, абуральны. Я хачу вас папярэдзіць, што кожны, хто зьдзяйсьняе злачынства супраць мірных дэманстрантаў і свайго народу, панясе адказнасьць. У вас ёсьць шанец перайсьці на бок народу і не выконваць злачынных загадаў», — гаворыцца ў заяве.

Жаночы марш ідзе па праспэкце Незалежнасьці

Калёна жанчын ужо на праспэкце Незалежнасьці — яны дайшлі да цырку і павярнулі ў бок плошчы Перамогі.

Жаночы марш заняў частку праспэкту Незалежнасці ад плошчы Перамогі да вуліцы Янкі Купалы.

Ідзе ў калёне і актывістка Ніна Багінская.

Менск: з боку Опэрнага тэатру ідзе яшчэ адна калёна жанчын

З боку Опэрнага тэатру ў кірунку вуліцы Інтэрнацыянальнай ідзе вялізная калёна жанчын. Яны маюць злучыцца з калёнай, якая ідзе па Зыбіцкай.

Цяпер калёна ў 3 тысячы чалавек рухаецца ў бок праспэкту Незалежнасьці.

12 бел-чырвона-белых сьцягоў залуналі 12 верасьня ў самым цэнтры Менску. ВІДЭА

Раніцай 12 верасьня на даху шматпад’ездавага дому на вуліцы Старажоўскай у Менску залуналі 12 нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў.

У суседнім доме жыве пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая з сваіх вокнаў магла бачыць сьцягі. У апошнія дні на нобэлеўскую ляўрэатку ціснуць сілавікі — яна засталася апошняй зь сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, каго не арыштавалі і ня выціснулі за мяжу. Каб перадухіліць затрыманьне, у яе кватэры знаходзяцца эўрапейскія дыпляматы.

Менск: жанчыны крычаць «Выпускайце нашу Машу»

Калёна Жаночага маршу рухаецца ў бок «тусовачнай» вуліцы Зыбіцкай. Жанчыны крычаць «Выпускайце нашу Машу», «Далучайся!» і «Жыве Беларусь!»

На Жаночым маршы ў Менску зноў затрыманьні. Затрыманыя і журналісты «Белсату»

Калёна жаночага Маршу дайшла да Нямігі і павярнула ў бок Траецкага прадмесьця. Жанчыны рухаюцца па ходніках.

Пад мостам на Нямізе ізноў пачаліся затрыманьні жанчын. Затрымалі 4 жанчын і кагосьці з журналістаў.

Журналістаў тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага, якія вялі стрым, затрымалі ў жывым эфіры. Іх завезьлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, канфіскавалі тэхніку, пагражалі надзець кайданкі, паведамляе «Белсат».

Жанчыны рухаюцца да Палацу спорту па праспэкце Пераможцаў.

Жаночая акцыя ў Горадні

Каля сотні дзяўчат і жанчын у Горадні прыйшлі на прыступкі ўнівэрмагу «Нёман» у цэнтры гораду. На Савецкай вуліцы ў розных месцах стаяць некалькі машын міліцыі. Міліцыянты ў форме падышлі да дзяўчат і папярэдзілі, што тыя стаяць незаконна.

Дзяўчаты сьпяваюць «Тры чарапахі», «Воины света», «Купалінку». Водзяць карагоды. Скандуюць «Жыве Беларусь», «Саджайце дрэвы, а не людзей». Некаторыя ў руках трымаюць сувэнірныя паперкі ў выглядзе даляраў.

Дзяўчаты сарвалі зь «ціхара», які здымаў іх на камэру, маску. Той сышоў. Дзяўчаты разышліся.

Менск: Калёна жанчын ідзе у бок Нямігі

На плошчу Свабоды з боку касьцёла выходзіць калёна жанчын. Яны трымаюць рондалі і чарпакі. Тыя, хто заставаўся на плошчы Свабоды, далучаюцца да гэтай калёны. Калёна рухаецца па праспэкце Пераможцаў у бок Нямігі, да яе ўвесь час далучаюцца людзі. Цяпер у ёй некалькі сотняў чалавек.

Вуліца Інтэрнацыянальная заблякаваная сілавікамі.

Сілавікі спрабавалі затрымаць журналістку тэлеканалу Белсат Кацярыну Андрэеву падчас жывой трансьляцыі. Але спроба была няўдалая.

Сілавікі разагналі жанчын, якія сабраліся на марш ў Менску. Частку затрымалі

Амаль скончылася зачыстка на плошчы Свабоды. Частка жанчын змагла ўцячы. Як мяркуецца, затрыманыя сотні жанчын. Сілавікі шукаюць жанчын па дварах, журналістаў адціскаюць з плошчы.

Плошча зачышчаная, аўтазакі зьехалі. Багінская стала перад аўтазакам, спрабавала не прапусьціць іх, але міліцыянты адштурхнулі яе ў бок. Дзясяткі жанчын яшчэ застаюцца на плошчы.

Менск: жорсткія затрыманьні падчас жаночай акцыі

На плошчы Свабоды працягваюцца вельмі жорсткія затрыманьні. На вачах журналіста Свабода сталую жанчыну валакуць па зямлі. Пад’ехалі 9 мікрааўтобусаў і адзін аўтобус, яны рухаюцца па самой плошчы Свабоды.

Вельмі шмат сілавікоў у балаклавах, зялёнай форме, жанчын затрымліваюць у бліжэйшых кавярнях, цягнуць па зямлі.

Жанчыны крычаць «Наш душаць! Ганьба!». Спрабавалі затрымаць Ніну Багінскую, але яе адбілі жанчыны. Затрымалі ўжо дзясяткі жанчын. Удзельніцы Маршу пакуль разышліся вакол плошчы Свабоды.

Некалькі соцень жанчын сілавікі заблякавалі каля рэстарацыі «Гамбрынус». Журналістаў адагналі. На плошчу Свабоды заехалі 5 аўтазакаў. Людзі крычаць «Фашысты», не даюць ім праехаць.

Жаночы марш у Менску пачаўся з затрыманьняў

Ужо некалькі тысяч жанчын сабраліся перад Ратушай. Запоўненая ўся пляцоўка. Дзяўчына трымае плякат «Змагайся як Маша». Некалькі чалавек б’юць чарпакамі па накрыўках ад рондляў, ствараюць гучны шум. Міліцыянты ўжо папярэдзілі жанчын, што акцыя несанкцыянаваная.

Пад’ехалі мікрааўтобусы з танаванымі шыбамі, пачаліся затрыманьні. Натоўп скандуе «Пайшлі прэч!». Жанчыны становяцца ў счэпкі, спрабуюць абараніць адна адну. Затрыманьні жорсткія.

На вачах карэспандэнта Свабоды жанчынам удалося абараніць некалькіх сваіх паплечніц ад затрыманьняў.

У некалькіх сілавікоў сарвалі балаклавы, жанчыны грукаюць у шыбы аўтобусаў, дзе знаходзяцца захопленыя. Яны заблякавалі аўтобусы з затрыманымі, крычаць «Выпускай!».

Да 20 працаўнікоў «Беларуськалію» працягваюць бестэрміновы страйк

«Палітычныя патрабаваньні ў галовах шахтароў засталіся». Што са страйкамам на «Беларуськаліі» «Падведзены грунт, каб звальняць страйкоўцаў, але мы будзем іх бараніць праз усе магчымыя законныя захады», — гэтак лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук пракамэнтаваў рашэньне Менскага абласнога суду аб прызнаньні незаконным страйку працаўнікоў «Беларуськалію».

Да 20 працаўнікоў «Беларуськалію» працягваюць удзел у страйку, не зьяўляючыся на працу. Такую лічбу «Свабодзе» назваў былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» электрамэханік 2-га рудніка Сяргей Чаркасаў.

«Час залечвае сінякі і раны, але палітычныя патрабаваньні ў галовах людзей засталіся. Крыніца незадаволенасьці нікуды ня зьнікла, і мы ўсе яе ведаем», — мяркуе Чаркасаў. Цалкам чытайце тут.

Страйкоўцы на «Беларуськаліі» працягнуць забастоўку на падставе дакумэнту ААН

Страйкавы камітэт «Беларуськалію» паведаміў, што працягне забастоўку на прадпрыемстве, грунтуючыся на Міжнародным пакце ААН «Аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах» і на пункце працоўнага заканадаўства аб прыярытэце нормаў міжнароднага права. У сваім паведамленьні страйкам папрасіў прабачэньня перад працоўнымі за некарэктнае афармленьне забастоўкі напачатку.

«Іншага рашэньня суду не магло быць апрыёры, паколькі ва ўладзе і ў судах памагатыя хунты, іх выракі загадзя падрыхтаваныя. На забойства і згвалтаваньне людзей рэакцыя работнікаў нашага прадпрыемства, як і народа ўсёй краіны, была неадкладнай. Мы абвясьцілі бестэрміновы страйк і агучылі патрабаваньні», — гаворыцца ў тэлеграм-канале страйкаму «Беларуськалія».

На плошчы Свабоды пачалі зьбірацца жанчыны

Цяпер іх некалькі дзесяткаў. Прыйшла Ніна Багінская са сьцягам. На 15-ю гадзіну абвешчаны пачатак традыцыйнага суботняга жаночага маршу.

Каля сотні беларускіх футбалістаў асудзілі міліцэйскі гвалт. ВІДЭА

Амаль 100 беларускіх футбалістаў вышэйшай і першай лігаў, замежных чэмпіянатаў, моладзевай і нацыянальнай зборных выступілі з асуджэньнем гвалту ў краіне.

Адмысловы відэаролік зьявіўся 12 верасьня ў YouTube. Вядомыя і маладыя гульцы па чарзе прамаўляюць словы з заклікам да ўладаў спыніць зьдзек з уласнага народу.

«Мы запісалі гэтае відэа, бо ня можам маўчаць — маўчаць, калі б’юць нашых людзей, сяброў, калегаў. Мы, футбалісты з розных камандаў, але адной краіны, кіруемся толькі сумленьнем і нецярпімасьцю да ўсяго, што адбываецца вакол.

Выказваем спачуваньні родным забітых і словы падтрымкі ўсім, хто пацярпеў, быў прыніжаны, скалечаны. І заклікаем: спыніце гвалт! Мы, як і ўвесь наш народ, маем правы і свабоды, замацаваныя ў Канстытуцыі.

Ніхто не павінен падвяргацца катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму, або зьневажальнаму абыходжаньню. Няма іншай прывілеі, акрамя адной, — правы чалавека! Мы за праўду, справядлівасьць і свабоду!», — адзначаецца ў відэазвароце.

Дагэтуль футбалісты, хакеісты ды прадстаўнікі некаторых іншыя гульнявых дысцыплінаў не выказваліся адносна сытуацыі ў Беларусі. Іх прозьвішчаў няма пад адкрытым лістом паўтысячы спартоўцаў з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Выключэньнем менскія «Крумкачы», чыіх гульцоў затрымалі, зьбілі і хацелі судзіць за ўдзел у нападзе на ніяк неабазначаны «службовы аўтамабіль міліцыі».

«Палітычныя патрабаваньні ў галовах шахтароў засталіся». Што са страйкамам на «Беларуськаліі»

«Падведзены грунт, каб звальняць страйкоўцаў, але мы будзем іх бараніць праз усе магчымыя законныя захады», — гэтак лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук пракамэнтаваў рашэньне Менскага абласнога суду аб прызнаньні незаконным страйку працаўнікоў «Беларуськалію».

Да 20 працаўнікоў «Беларуськалію» працягваюць удзел у страйку, не зьяўляючыся на працу. Такую лічбу «Свабодзе» назваў былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» электрамэханік 2-га рудніка Сяргей Чаркасаў.

«Час залечвае сінякі і раны, але палітычныя патрабаваньні ў галовах людзей засталіся. Крыніца незадаволенасьці нікуды ня зьнікла, і мы ўсе яе ведаем», — мяркуе Сяргей Чаркасаў.

Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка сустрэўся зь дзейным старшынём АБСЭ

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка, які вымушана пакінуў Беларусь праз небясьпеку крымінальнага перасьледу, працягвае сэрыю перамоваў з эўрапейскімі палітыкамі.

12 верасьня былы дырэктар Купалаўскага тэатру, які перайшоў у апазыцыю Лукашэнку, сустрэўся зь дзейным старшынём АБСЭ Эдзі Рамам.

«АБСЭ будзе адыгрываць больш актыўную ролю ў вырашэньні беларускага крызісу. Ёсьць нечаканыя інструмэнты. Дыялёг працягваецца», — напісаў Павал Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

Раней ён меў сустрэчы зь міністрам замежных справаў Чэхіі Томашам Пэтршычэкам і кіраўніком камісіі замежных справаў Палаты прадстаўнікоў гэтай краіны Ондржэем Вэсэлім.

«Чым бліжэй да 24 верасьня (сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў — чальцоў Вышаградзкай групы. — РС), тым больш прынцыповай становіцца пазыцыя Эўразьвязу наконт Беларусі. Не — рэпрэсіям. Так — новым прэзыдэнцкім выбарам. Каардынацыйная рада — партнэр для дыялёгу», — адзначыў Павал Латушка.

Гэтаксама заплянаваныя яго перамовы зь міністрам замежных справаў, прадстаўнікамі прэзыдэнта і канцлера Аўстрыі.

«Дарослыя людзі, брыгадзіры плакалі». Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» распавёў, як забастоўка перастала быць масавай

Менскі абласны суд 11 верасьня прызнаў незаконным страйк на «Беларуськаліі», які прайшла 17 і 18 жніўня. Каля будынку суду, дзе людзі сабраліся падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму, затрымалі некалькі чалавек.

У страйку на «Беларуськаліі» прымалі ўдзел 620 работнікаў — пра такую колькасьць казалі ў судзе. Дваццаць чалавек працягваюць страйкаваць і адмаўляюцца выходзіць на працу. Некалькі чалавек звольнілі, сустаршыню страйкаму Анатоля Бокуна арыштавалі. Адзін з шахтароў «Беларуськалію» напярэдадні пасяджэньня суду прыкаваў сябе кайданкамі ў шахце — у знак пратэсту супраць дзеяньняў кіраўніцтва.

Яўгенія Котляр з тэлеканалу «Настоящее время» зьвязалася з сустаршынём страйкаму Аляксандрам Новікам, і вось што ён распавёў пра тое, як кіраўніцтва «Беларуськалію» запалохвае пратэстоўцаў.

Стала вядома, колькі пацярпелых у Менску зьвярнуліся па дапамогу ад пачатку пратэстаў і якія дыягназы ім паставілі

У распараджэньні парталу Tut.by аказаўся дакумэнт пад назвай «Звароты вуліца_з 09.08.2020». У ім дадзеныя больш за 1100 чалавек, якія зьвярталіся па мэдычную дапамогу, а таксама апісаньне траўмаў.

Tut.by змог праверыць гэтую інфармацыю ў пяці клініках Менска, іх дадзеныя практычна цалкам супадаюць з тымі, што пазначаныя ў дакумэнце.

Насупраць аднаго «невядомага» ўказаная «сьмерць да прыезду». Верагодна, гэта быў Аляксандр Тарайкоўскі: названыя час і месца супадаюць з абставінамі яго сьмерці.

Згодна з дакумэнтам, у Менску дапамога спатрэбілася 1140 асобам.

Каардынацыйная рада працягне працу без прэзыдыюму

Каардынацыйная рада працягне працу пасьля затрыманьня або выправаджэньня зь Беларусі амаль усіх сяброў яго прэзыдыюму, заявілі ў прэс-службе рады.

Разам з тым склад прэзыдыюму мяняцца ня будзе, паведамілі ў радзе:

«Згодна са зьменамі ў рэглямэнце ад 6 верасьня, у выпадку, калі сябры прэзыдыюму ня маюць магчымасьці прымаць рашэньні, рашэньні ў радзе прымае асноўны склад рады простай большасьцю галасоў. Такім чынам, дзейнасьць КР працягваецца, і прыняцьце рашэньняў магчымае. На ўчорашняй сустрэчы гэта было пацьверджана».

«Сам склад прэзыдыюму застаецца ранейшы», — дадалі ў прэс-службе.

У Пінску міліцыянты затрымалі супрацоўніка музэю Беларускага Палесься, які праводзіў экскурсію

Супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным затрымалі загадчыка навукова-асьветніцкага аддзелу музэю Беларускага Палесься Валера Кобрынца, паведамляе сайт «Мэдыя-Палесьсе».

Ягоныя калегі не хавалі зьдзіўленьня: вядомага ў горадзе гісторыка, які акурат піша дысэртацыю, вялі як злачынцу. Статус музэйнага супрацоўніка пакуль невядомы.

30 жніўня Валер Кобрынец правёў экскурсію па цэнтры Пінску падчас свайго працоўнага дня. Экскурсія была аформленая афіцыйна і аплачаная замоўцамі.

Аднак ля будынку калегіюму, дзе цяпер музэй, групу экскурсантаў акружыла міліцыя, загадаўшы спыніць «несанкцыянаванае мерапрымства». Валер Кобрынец адмовіўся, спаслаўся на легальнасьць збору і надалей расказваў пра гістарычнае мінулае Пінску.

Да групы далучыліся іншыя гараджане, якія ў той дзень былі на плошчы. Паводле відавочцаў, у экскурсіі паўдзельнічалі блізу сотні чалавек.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG