Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 20 працаўнікоў «Беларуськалію» працягваюць бестэрміновы страйк


Страйк шахтароў у Салігорску 17 жніўня
Страйк шахтароў у Салігорску 17 жніўня

«Падведзены грунт, каб звальняць страйкоўцаў, але мы будзем іх бараніць усімі магчымымі законнымі захадамі», — гэтак лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук пракамэнтаваў рашэньне Менскага абласнога суду прызнаць незаконным страйк працаўнікоў «Беларуськалію». Суд засядаў 11 верасьня. Паводле Аляксандра Ярашука, рашэньне суду парушае права працоўных на забастоўку з палітычных прычынаў, гарантаванае Канстытуцыяй.

«Але незадаволенасьць палітыкай уладаў, абурэньне фальсыфікацыяй выбараў і гвалтам праваахоўнікаў супраць мірных пратэстаў нікуды не падзеліся, і гэтыя настроі калісьці зноў выявяцца праз страйкі», — мяркуе Аляксандар Ярашук.

Што цяпер адбываецца на «Беларуськаліі»?

На ўчорашнім судзе афіцыйныя прадстаўнікі «Беларуськалію» назвалі прыкладную колькасьць тых, хто браў удзел у страйку пачынаючы ад 17 жніўня. Паводле афіцыйных зьвестак, такіх было каля 800 чалавек. Зь іх больш за 10 страйкоўцаў ужо звольненыя за прагулы. Сярод іх сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун, які цяпер адбывае 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Прадстаўнікі адміністрацыі руднікоў «Беларуськалію» прызналі, што на кожным з чатырох руднікоў ёсьць работнікі, якія не працуюць і дагэтуль. «Прычыны высьвятляем», — адказвалі прадстаўнікі адміністрацыі на пытаньне суду, ці ня ўдзельнічаюць гэтыя людзі ў страйку.

Паводле былога сустаршыні страйкаму Сяргея Шыца, страйк з палітычнымі патрабаваньнямі падтрымалі 6–7 тысяч працаўнікоў «Беларуськалію». У страйку, які пачаўся 17 жніўня, бралі ўдзел больш за тысячу чалавек, мяркуе Сяргей Шыц.

Да 20 працаўнікоў «Беларуськалію» працягваюць удзел у страйку, не зьяўляючыся на працу, мяркуе былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» электрамэханік 2-га рудніка Сяргей Чаркасаў. Шахтар зь «Беларуськалію» лічыць, што ўчорашняя пастанова Менскага абласнога суду будзе выкарыстана дзеля таго, каб аблягчыць адміністрацыі звальненьне непажаданых працаўнікоў.

Сяргей Чаркасаў (на першым пляне) у судзе «Беларуськалію» супраць страйкаму
Сяргей Чаркасаў (на першым пляне) у судзе «Беларуськалію» супраць страйкаму

«Калі б у страйку заставаліся некалькі тысяч чалавек, як было напачатку, з намі б цяпер гаварылі інакш, не пагрозамі, пастановамі суду аб незаконнасьці страйку ці адміністрацыйнымі арыштамі нашых сяброў. Але людзей можна зразумець, у кожнага сем’і, гвалтам дзейнічаць ніхто ня хоча. Час залечвае раны, праходзяць сінякі на зьбітых сьпінах, але палітычныя патрабаваньні ў галовах шахтароў засталіся. Крыніца незадаволенасьці нікуды ня зьнікла, і мы ўсе яе ведаем. Яму ўсё роўна давядзецца адказваць», — мяркуе Сяргей Чаркасаў.

11 верасьня Сяргей Чаркасаў браў удзел у судовым паседжаньні ў Менскім абласным судзе, які разглядаў пазоў пракурора Менскай вобласьці да страйкаму «Беларуськалію». Спачатку суд прызнаў Сяргея Чаркасава адным з пазваных, але пазьней з Салігорску прыйшло паведамленьне, што страйкам вывеў Чаркасава з свайго складу. Таму шахтар папрасіў суд вывесьці яго зь ліку пазваных. Улічваючы, што другі пазваны, Сяргей Шыц, таксама на момант суду ўжо быў былым сустаршынём страйкаму, адвакат прасіў суд перанесьці працэс.

«Мне відавочна, што страйкам хацеў адцягнуць рашэньне суду, бо яно наўпрост уплывае на лёс нашых калегаў, якія працягваюць страйкаваць, не зьяўляючыся на працу. Калі да ўчорашняга рашэньня суду іх прагулы былі вымушанымі паводле рашэньня страйкаму, дык цяпер яны будуць выглядаць незаконнымі, што стане падставай для звальненьня. Таму была спроба выйграць час, але яна аказалася марнай. Суд відавочна атрымаў загад як мага хутчэй прызнаць наш страйк незаконным. Таму цяпер будзем змагацца найперш за кожнага страйкоўца асобна. Будзем абскарджваць загады аб звальненьні і дамагацца аднаўленьня людзей на працы. Таксама ёсьць прапанова абскардзіць пастанову Менскага абласнога суду ў Вярхоўным судзе. Хоць ягонае рашэньне выглядае прадказальным, але пазмагацца варта. Гэта будзе вырашацца на бліжэйшым паседжаньні страйкаму», — сказаў былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Сяргей Чаркасаў. Ён чакае, што ягоны ўдзел у страйкаме будзе адноўлены.

Паводле Сяргея Чаркасава, у страйкаме «Беларуськалію» з 14 сябраў засталося меней за 10, але паседжаньні і абмеркаваньні адбываюцца штодня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG