Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарослыя людзі, брыгадзіры плакалі». Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» расказаў, як забастоўка перастала быць масавай


Пратэст у Салігорску, 17 жніўня 2020

Менскі абласны суд 11 верасьня прызнаў незаконным страйк на «Беларуськаліі», які прайшоў 17 і 18 жніўня. Каля будынку суду, дзе людзі сабраліся падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму, затрымалі некалькі чалавек.

У страйку на «Беларуськаліі» прымалі ўдзел 620 работнікаў — пра такую колькасьць казалі ў судзе. Дваццаць чалавек працягваюць страйкаваць і адмаўляюцца выходзіць на працу. Некалькіх звольнілі, сустаршыню страйкаму Анатоля Бокуна арыштавалі. Адзін з шахтароў «Беларуськалію» напярэдадні пасяджэньня суду прыкаваў сябе кайданкамі ў шахце — у знак пратэсту супраць дзеяньняў кіраўніцтва.

Яўгенія Котляр з тэлеканалу «Настоящее время» зьвязалася з сустаршынём страйкаму Аляксандрам Новікам. Вось што ён расказаў пра тое, як кіраўніцтва «Беларуськалію» запалохвае пратэстоўцаў.

— Якая наагул сытуацыя сёньня на «Беларуськаліі» ў кантэксьце ўчорашніх падзеяў — гісторыі з тым, што адзін з шахтароў прыкаваў сябе ў шахце. Што кажуць людзі, якія настроі, якія ўражаньні?

— Уражаньняў, вядома, маса. Чалавек зьдзейсьніў учынак, пайшоў на кардынальнае рашэньне. Але, зноў жа, асабіста я і ўсе мы бачым толькі словы, пакуль толькі словы. Словы падтрымкі: малайчына і іншае. А што да канкрэтных дзеяньняў — ну два чалавекі прыйшлі сёньня, далучыліся да страйку. Але гэта кожны дзень мы назіралі: па чалавеку, па два далучаюцца.

— Гэта мала ці многа? Як арганізаваўся гэты страйкавы рух, колькі там людзей, якія патрабаваньні ў людзей, якія прымаюць удзел у гэтых забастоўках?

— Страйкавы рух арганізаваўся 14 жніўня. Мы ініцыявалі збор работнікаў «Беларуськалію» з генэральным дырэктарам. Адбылася гэтая размова, водгук людзей быў шалёны. Сабралася вялікая колькасьць людзей каля будынку «Беларуськалію». Гэта была пятніца. Анатоль Бокун — сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» — зачытаў патрабаваньні свайго калектыву, ён работнік першага рудаўпраўленьня. І, грунтуючыся на гэтых патрабаваньнях, па сканчэньні двух дзён — суботы і нядзелі — дырэктар меў два дні, каб выйсьці на дыялёг і хоць бы паспрабаваць пачаць выконваць гэтыя патрабаваньні.

У панядзелак, 17-га жніўня, на ўсіх шасьці рудніках былі сфармаваныя страйкамы. Туды ўваходзілі выключна працаўнікі прадпрыемства — непрафсаюзныя дзеячы на вызваленых пасадах. Для чаго? Каб мы мелі права вылучаць палітычныя патрабаваньні. Прафсаюз паводле нашага заканадаўства ня мае права вылучаць палітычныя патрабаваньні, таму страйкамы [складаюцца] выключна з работнікаў прадпрыемства.

Было сабрана каля шасьці тысяч подпісаў за страйк. Работнікаў «Беларуськалію» — каля 16 тысяч. На наступны дзень усе дакумэнты, усе пратаколы страйкавых камітэтаў, копіі подпісаў людзей, якія падпісаліся за страйк, былі перададзеныя генэральнаму дырэктару. Працэдура на гэтым была завершана — страйк абвешчаны. Частка людзей ужо 17–18 жніўня не выходзілі на працу, не спускаліся.

Мы сутыкнуліся ў першыя дні зь вялікім укідам дэзынфармацыі. Давялося зь ёю змагацца.

— Што гэта была за дэзынфармацыя?

— Казалі, што страйк незаконны, спасылкі былі на Канстытуцыю, на Працоўны кодэкс. Казалі, што трэба было прайсьці міратворчы працэс — паспрабаваць дамовіцца. Спасылаліся на тое, што гэтак не было зроблена: «Чаму вы не паспрабавалі дамовіцца?». Але, зноў жа, 14 жніўня былі зачытаныя патрабаваньні і 17-га абвешчаны страйк — два дні для таго, каб з намі выйсьці на дыялёг. Мы лічылі, што гэтых двух дзён для пачатку дыялёгу з боку наймальніка было дастаткова, і вырашылі абвясьціць страйк. Магчыма, пасьпешліва. Быў дапушчаны шэраг памылак намі. Зноў жа, мы звычайныя працаўнікі, усё стыхійна адбылося, у прынцыпе, як і ўва ўсёй Беларусі. Ня варта ні пра што шкадаваць. Так, усё гэта было на шалёных эмоцыях. Усё так, як ёсьць, усё нармальна.

Адзінае, што страйк з нашымі патрабаваньнямі быў абвешчаны, а крыху пазьней мы перайшлі ў забастоўку, ужо грунтуючыся на міжнародным праве — пакт ААН «Аб эканамічных і культурных правах людзей», артыкул 1, пункт 1. І ўжо грунтуючыся на міжнародным праве, мы сышлі ў забастоўку. Растлумачу, што гэта. Адмова ад працы паводле палітычных матываў. Патрабаваньні былі зьмененыя, іх спачатку было сем: чатыры зь іх — палітычныя, тры — наконт працоўнага калектыву «Белкалію». Засталіся чатыры палітычныя патрабаваньні — гэта адстаўка Лукашэнкі, прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі, Ярмошынай, вызваленьне ўсіх палітвязьняў і пачатак працэсу над сілавікамі, якія ўжылі празьмерную сілу да народу.

— Сёньня [11 верасьня. — РС] праходзіць суд у справе пра страйк шахтароў «Беларуськалію». Кіраўніцтва прадпрыемства падавала ў суд на страйкам шахтароў. Якая наагул камунікацыя паміж удзельнікамі страйку і кіраўніцтвам прадпрыемства? Ці былі нейкія сакрэтныя перамовы, ці спрабавала кіраўніцтва неяк пагаварыць з працаўнікамі?

— З страйкавым камітэтам дыялёгу як такога не было, былі толькі запалохваньні звальненьнем, пазбаўленьнем прэміяў. І, як ні дзіўна, людзі гэтага спалохаліся, многія вярнуліся на працу. Хоць, зноў жа, дырэктар казаў пра так званую амністыю: «Калі ласка, вярніцеся на працу — да вас ня будзе нічога ўжыта». Гэта няпраўда. Людзей пазбавілі прэміяў, абвясьцілі вымовы, двух чалавек звольнілі. Пасьля таго, як яны дзень страйкавалі 17 жніўня, 18-га іх звольнілі, забралі працоўныя кніжкі.

— А зь якіх прычынаў іх звольнілі, ці тлумачыла кіраўніцтва? Ці знайшлі нейкія фармальныя прычыны, ці звольнілі праз тое, што яны адкрыта выказвалі сваю пазыцыю?

— Не, ува ўсіх звольненых людзей — іх цяпер каля дзевяці — прычына адна: за працяглы прагул. Прагулам лічыцца незнаходжаньне на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Фармулёўка ўсіх загадаў аб звальненьні адна.

— Як вы адчуваеце, ці гэтыя пагрозы ад кіраўніцтва, у тым ліку звальненьне нейкіх супрацоўнікаў, паўплывалі ў цэлым на настрой людзей? Вы сказалі, што першапачаткова было сабрана шэсьць тысяч подпісаў — гэта гіганцкая колькасьць людзей. А цяпер вы кажаце, што два чалавекі пасьля ўчорашняй акцыі прыйшлі далучыцца да забастоўкі. Вам здаецца, што гэта ціск з боку кіраўніцтва падзейнічаў?

— Падзейнічаў, так. Людзі баяцца. Ужо ня буду казаць, якімі словамі яны гэта называлі на чалавечых эмоцыях. Дарослыя людзі, якія пайшлі за мной, падтрымалі мяне, яны вылучылі мяне ў страйкам, каб я прадстаўляў іхныя інтарэсы, і потым жа вярнуліся на працу. Яны прасілі прабачэньня, дарослыя людзі, брыгадзіры комплексаў, яны плакалі пры мне, казалі, маўляў, «мы абасраліся».

Так, вялікі страх у людзей заняць актыўную пазыцыю так, як гэта зрабілі мы. Я не чакаў у Салігорску — гэта сыты, «зажравшийся» горад — вялікай падтрымкі, але адначасова я не чакаў, што гэтая падтрымка будзе настолькі малая.

— Як вы думаеце, ці асабіста на вашу прафэсійную гісторыю гэтая ўся гісторыя з пратэстам паўплывае? Ці вы пад пагрозай звальненьня знаходзіцеся — людзі, якія актыўна прымаюць удзел у кiроўным камітэце страйкаму?

— Так, паўплывае, вядома. Менавіта сёньня кіраўніцтва першага рудаўпраўленьня — я работнік першага рудаўпраўленьня — засядае наконт майго звальненьня. Я скончыў вышэйшую навучальную ўстанову ў профілі «горны электрамэханік». Тэхнікум скончыў, потым вышэйшая адукацыя ў гэтай самай спэцыяльнасьці. У мяне профіль разьлічаны на горную прамысловасьць. Працую паводле асноўнай прафэсіі як электрасьлесар горнага ўчастку.

Абсалютна ні пра што не шкадую. Нават калі б мяне ня звольнілі, я б звольніўся сам. Не хачу вяртацца ў «Белкалій», бо не ўяўляю знаходжаньня і працы ў сваім калектыве сярод людзей — так, хай яны мяне падтрымліваюць на словах, — але я ўяўляю, што буду кожны дзень лавіць гэтыя вінаватыя погляды на сабе. Баюся гэтага, не хачу мучыць ні сябе, ні людзей. Мая жонка, мае бацькі, цесьць зь цешчай мяне падтрымліваюць. Я нармальны чалавек, знайду сабе працу, буду ўтрымліваць сямʼю, калі гэта ўсё скончыцца, а яно скончыцца, я веру, перамогай. Перамены настануць у Беларусі. Так, паўплывае, вядома. Але ўсё нармальна, мы ўжо перамаглі ўсе свае страхі перад РУУС, КДБ, звальненьнем. Мы проста працягваем рабіць сваю справу далей.

— Як асабіста вам здаецца, якім чынам будуць разьвівацца падзеі ў вашай краіне далей? Вы кажаце, што чакаеце пераменаў. На ваша адчуваньне, калі гэтыя перамены могуць здарыцца і што для гэтага мусіць адбыцца?

— Ёсьць некалькі варыянтаў. Самы мірны, каб не дапусьціць бойні, на што правакуе ўлада, сілавікі — гэта ўсё ж такі сысьці ў страйк, гэта забастоўкі. Я не выключаю нейкіх сілавых узьдзеяньняў з боку народу, бо ўсё кіпіць, віруе. Што да міжнароднай супольнасьці — так, вядома, падтрымка міжнароднікаў — гэта добра, але асабіста я моцна на яе не спадзяюся. Спадзяюся ўсё ж такі на людзей, на працоўных Беларусі, што яны дасьпеюць да гэтага рашэньня і ўсе адбудзецца.

Наконт сытуацыі ў краіне я, знаходзячыся і працуючы ў Салігорску, разумею, што авангард руху ўсё ж такі ў сталіцы, а ў іншых гарадах — а горад Салігорск важны ў гэтым руху — нам трэба проста працягваць рабіць сваю справу. Штодня правілы гульні мяняюцца, нейкія новыя моманты ўплываюць на нашу працу, таму кожную раніцу мы зьбіраемся, расстаўляем прыярытэты — што на гэты момант найважнейшае — падзяляем абавязкі і выконваем іх. Ну і вера — безь яе ніяк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG